Навумчык: Сістэмны крызіс, у якім аказаліся ЗША — вынік паліткарэктнасці ў яе самай сумнеўнай форме

Журналіст «Радыё Свабода» Сяргей Навумчык упэўнены, што Трамп на сто адсоткаў пераможа Байдэна на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША.

Джо Байдэн і Дональд Трамп. Ілюстрацыйны калаж: bbc.com

Джо Байдэн і Дональд Трамп. Ілюстрацыйны калаж: bbc.com

— Праблема не ў тым, што Байдэн — амаль у фізіялагічным маразме (у палітычным маразме ён быў даўно, найбольш трагічны вынік гэтага для нашага рэгіёна — адсутнасць неабходнай дапамогі Украіне ў 2022-м, калі такая дапамога рэальна магла б скончыць з Пуціным і з Расійскай імперыяй). Мяркую, што на выбары Байдэна не пусціць сама Дэмакратычная партыя (у Байдэна Трамп выйграе са 100% верагоднасцю), — піша Сяргей Навумчык у сваім ТГ-канале.

Праблема ў тым, што, калі з Байдэнам нешта здарыцца, ці, скажам, ён сам сыдзе з Белага дома — да студзеня 2025 прэзідэнткай ЗША будзе Камала Харыс, у параўнанні з якой грамадзянка Качанава — гэта палітычны і інтэлектуальны Манблан. І менавіта Харыс будзе прымаць стратэгічныя рашэнні і, між іншым, трымаць палец на ядзернай кнопцы — тым часам, як на другім кантыненце ядзерная кнопка ў руках Пуціна.

Глыбокі сістэмны крызіс, у якім аказаліся абедзве вядучыя партыі ЗША — у значнай ступені вынік паліткарэктнасці ў яе самай сумнеўнай форме (паўтараю: не паліткарэктнасці як такой, а ў сумнеўнай форме!), якая апошнімі дзесяцігоддзямі насаджвалася ў амерыканскім грамадстве. Адсюль — і пазітыўная дыскрымінацыя, і шмат што іншага. Апагеем была кампанія BLM, калі паліцыя ў шэрагу выпадкаў свядома не спыняла пагромы, а з амерыканскіх дзяржустаноў і карпарацый звальнялі тых, што выкарыстоўваў абрэвіятуру WLM («белыя маюць права на жыццё»). Дайшло да таго, што сцвярджэнні, што вартасць работніка павінна вызначацца не гендарам ці колерам скуры, а прафесійнымі якасцямі, абвяшчалі... расісцкімі.


Глядзіце таксама

Мне стала шмат што зразумела з КР, калі я пачуў пра 40% гендарную квоту. Як на мяне — у, напрыклад, парламенце можа быць 100% мужчын, ці 100% жанчын, ці 100% ЛГБТ — абы яны былі прафесійнымі палітыкамі з разуменнем нацыянальных беларускіх інтарэсаў. Але — не паводле гендарных ці нейкіх іншых крытэрыяў.

Бо ў найноўшай беларускай гісторыі мы маем сумны (і нават трагічны) досвед квот.

Паводле закону, у ВС-12 з 360 дэпутатаў былі: 30 дэпутатаў ад ветэранскай арганізацыі і 20 дэпутатаў ад таварыства інвалідаў, таварыства глухіх і таварыства сляпых.

Я зараз не пра тое, што мяне выбірала больш як 30 тысяч выбаршчыкаў, а 30 ветэранаў — сход Цэнтральнага савета таварыства са ста чалавек (то-бок, на аднаго ветэрана — толькі тры (тры!) выбаршчыкі, такім чынам, мандат любога дэпутата БНФ «важыў» у тысячы разоў болей за мандат ветэрана).

З таварыстваў глухіх, сляпых і інвалідаў памятаю толькі траіх дэпутатаў з дэмакратычнымі поглядамі, кіраўнік жа таварыства сляпых, акрамя што быў спачатку «кебічыстам», потым «лукашыстам» — ён быў самым зацятым карупцыянерам.

Але найбольшую шкоду нанеслі 30 дэпутатаў ад ветэранскай арганізацыі, у якіх былі не тое што пракамуністычныя — пра-сталінскія перакананні. І, натуральна, антыбеларускія і прарасійскія.

Па шмат якіх лёсавызначальных пытаннях, калі нам удавалася схіліць на свой бок «нейтралаў» і нават частку наменклатуры, — нам не хапала 20-30 галасоў. Вось гэта якраз і былі галасы ветэранаў-сталіністаў, якія прайшлі ў ВС па квоце.


Глядзіце таксама

P.S. І каб было ясна. Я — з тых, хто раздзяляе сімпатыі палітычныя і сімпатыі асабістыя. З усіх прэзідэнтаў ЗША мне найменш асабіста сімпатычны Трамп. А найбольш асабіста сімпатычны — Абама. Але я лічу Абаму самым слабым прэзідэнтам, які, да ўсяго, не выканаў абавязкі паводле Будапешцкага мэмарандуму, калі Пуцін захапіў Крым. Ідэальным варыянтам было б — калі б Абама праз месяц пасля інаўгурацыі сышоў у адстаўку. Ён бы замацаваўся ў гісторыі як сімвал вельмі важнага этапу — пераадолення амерыканскім грамадствам рэшткаў апартэіду і расавай дыскрымінацыі. А так — гэтае, безумоўна, важнае гістарычнае дасягненне змазана палітычнай баязлівасцю і некампэтэнтнасцю.