Насустрач выбарам-2024! У Венесуэле
За драматычнымі падзеямі, якія адбываюцца на Блізкім Усходзе, мала хто звярнуў увагу на падзею, якая адбылася ў Барбадасе — адной з дзяржаў Карыбскага басейну.
Там адбылося падпісанне дамоўленасцяў паміж венесуэльскай апазіцыяй і рэжымам Мадуры аб забеспячэнні правядзення прэзідэнцкіх выбараў у Венесуэле ў другой палове 2024-га. За што сам рэжым Мадуры атрымаў ад адміністрацыі Байдэна «цукерку»: прыпыненне на паўгады дзеяння санкцыяў, накладзеных на экспарт венесуэльскай нафты, газу і золата.
Шмат хто з энтузіязмам успрыняў гэтую навіну. Маўляў, санкцыі працуюць, і рэжым чавістых пачаў шлях да лібералізацыі і дэмакратызацыі. Калі з першай высновай можна часткова пагадзіцца, дык з другой існуюць сур’ёзныя сумненні ў ейнай слушнасці.
Краіна суцэльнага крызісу
Крызіс у Венесуэле — тэма, да якой аўдыторыя сусветных СМІ прызвычаілася ўжо даўно. Краіна з найбагацейшымі разведанымі запасамі нафты ў свеце ў апошняе дзесяцігоддзе біла рэкорды па ўзроўні інфляцыі, беднасці і беспрацоўя. «Нечакана» высветлілася, што сацыялістычныя ідэі добра працуюць, калі іх падтрымлівае неблагі прыток нафтадаляраў. Калі ж цэны на нафту падаюць, ды яшчэ й дае пра сябе ведаць кепскі менеджмент, выкліканы падборам кадраў не па прынцыпе прафесіянальных якасцяў, а па ступені адданасці сацыялістычнаму рэжыму, ды яшчэ на гэта ўсё накладаюцца міжнародныя санкцыі за фальсіфікацыю выбараў і парушэнне правоў чалавека, дык уведзеная Уга Чавесам канцэпцыя «сацыялізму ХХІ стагоддзя» пачынае дэманстраваць сваю поўную нежыццяздольнасць.
Гэта прывяло да таго, што рэжым чавістаў пачаў рабіць процілеглае сваім уласным прынцыпам. Раптам пачалася лібералізацыя ў сферы дробнай прыватнай дзейнасці. Калі раней дзяржава ўсталявала жорсткі кантроль за валютнымі аперацыямі (што прывяло да жудаснага абясцэньвання нацыянальнай грашовай адзінкі і дало пачатак існаванню некалькіх абменных курсаў і чорнага рынку валюты), дык цяпер амерыканскі даляр быў легалізаваны як плацёжны сродак на тэрыторыі краіны (прывітанне тым, хто трызніць пра поўную адмову ад амерыканскай валюты).
У выніку эканамічны стан крыху палепшыўся. Пра гэта сведчаць і паліцы ў крамах: раней яны палохалі сваёй пустэчай, цяпер тавару на іх заўважна паболела. Але гэта не з’яўляецца прыкметай новага трэнду на рост. У бягучым годзе эканамічныя паказальнікі зноў пайшлі ўніз. Прагнозы міжнародных інстытуцыяў не пакідаюць прасторы для аптымізму. І тавары на паліцах крамаў ляжаць, бо шмат для каго яны застаюцца недасягальнымі.
У прыватнасці, пенсія за кастрычнік склала 130 балівараў, ці 3,84 даляра ЗША. Гэтага прыблізна хопіць на адзін літр малака і паўкіло белага хлеба. Каб выжыць, пенсіянеры з ніжэйшых слаёў грамадства збіраюць плады дрэваў, якія растуць уздоўж дарог і тут жа прадаюць іх з узбочыны (прыватныя агародзікі — добры рэсурс, між іншым, на выпадак палітычна-эканамічнага крызісу).
Масавая эміграцыя з краіны, якая, па апошніх даных, дасягнула больш за сем мільёнаў чалавек. Гэта, на хвіліначку, чвэрць насельніцтва краіны. Тут, канечне, і пра перамогу над беспрацоўем можна казаць — калі з’ехала значная частка эканамічна актыўных грамадзянаў.
Праблема венесуэльскай міграцыі набыла высокую актуальнасць для суседніх краін. У Калумбіі, на якую прыпадае асноўная плыня мігрантаў і ўцекачоў з Венесуэлы, праз прыток новай адносна таннай працоўнай сілы ўжо адзначаецца зніжэнне заробкаў. Але венесуэльскія мігранты — праблема ня толькі для краінаў-суседзяў Венесуэлы. У верасні венесуэльцы ўпершыню ў гісторыі абагналі мексіканцаў па колькасці арыштаў за незаконнае перасячэнне мяжы ЗША.
Сёлета зноў адзначаны рост колькасці суіцыдаў. У той жа час, на высокім узроўні застаецца злачыннасць: па ейным узроўні на сярэдзіну гэтага году Венесуэла трымае першае месца ў свеце.
Хтосьці вінаваціць у гэтых праблемах менавіта рэжым санкцыяў. Іншыя справядліва ўказваюць, што крызіс у Венесуэле пачаўся яшчэ да іхняга ўвядзення. А ягонымі падставамі з’яўляюцца, у першую чаргу, жаданне дзяржавы падмяць пад сябе эканоміку, ціск на эканамічныя свабоды, утварэнне невыносных умоваў для замежных інвестараў, роўна як і карупцыя, кепскі менеджмэнт.
Палітычны тупік
Сітуацыя пагаршаецца праз палітычныя праблемы. Нежаданне сацыялістычнага кіраўніцтва краіны начале з Мадура саступаць уладу прывяло да ўзнікнення ў пачатку 2019-га гэтак званага прэзідэнцкага крызісу. Па выніках выбараў у траўні 2018-га, да якіх частка апазіцыі не была дапушчана, а іншая частка байкатавала, і якія не былі прызнанымі як свабодныя і справядлівыя значнай часткай міжнароднай супольнасці, рэжым чавістаў — паслядоўнікаў Уга Чавеса — абвясціў Нікаласа Мадуру прэзідэнтам на чарговы тэрмін. Апазіцыя, якая ў той час мела большасць у нацыянальным парламенце, не прызнала выбары і лічыла месца прэзідэнта вакантным.
У снежні 2019-га, у адпаведнасці з Канстытуцыяй (артыкул 233: у выпадку адсутнасці ў краіне законна абранага прэзідэнта, ці невыканання ім сваіх абавязкаў, функцыі прэзідэнта пераходзяць да старшыні парламенту), парламент прызнаў прэзідэнтам свайго тагачаснага старшыню — Хуана Гуайдо, аднаго з лідараў апазіцыі. У якасці законнага прэзідэнта Венесуэлы Гуайдо прызналі ЗША і яшчэ больш за паўсотню краін свету. Вось тады супраць рэжыму Мадура і былі ўведзены найбольш жорсткія санкцыі, якія абмяжоўвалі аперацыі з венесуэльскімі нафтай, газам, золатам.
Спробы Гуайдо пазбавіць Мадура рэальнай улады ў краіне не завяршыліся поспехам. Нават заклік да сілавых структураў перайсці на бок народу і звергнуць узурпатара ня даў чаканага плёну. У сакавіку 2020-га адміністрацыя Трампа прапанавала ў якасці вырашэння крызісу выкрэсліць Мадура і Гуайдо з палітычнай павесткі і сфармаваць кааліцыйны ўрад, у які ўвайшлі б як прадстаўнікі чавістаў, так і апазіцыі.
Можна казаць, што гэты план рэалізаваўся толькі на палову. У канцы 2022-га вядучыя апазіцыйныя палітычныя партыі вырашылі расфармаваць урад Гуайдо, паколькі той не дасягнуў галоўнай мэты — адхілення Мадура ад улады. Замест яго было вырашана ўтварыць камітэт з пяці чальцоў для кіравання замежнымі актывамі. У выніку гэтага рашэння, ад пачатку 2023-га Гуайдо перастаў лічыцца часовым прэзідэнтам. Гэта пакінула апанентаў рэжыму чавістаў без адзінага міжнародна прызнанага лідара. Акрамя таго, калі Гўайдо ў якасці часовага прэзідэнта меў прававы падмурак у выглядзе артыкулу 233 Канстытуцыі, парламент-2015 такога ня мае, што ставіць ягоную легітымнасць пад пытанне.
Пры гэтым Мадура застаўся фактычным кіраўніком краіны. Як застаўся і рэжым чавістаў. Як застаўся і крызіс — эканамічны і сацыяльны. Як застаўся і палітычны тупік. Адзіным выйсцем з якога як апазіцыя, так і ейныя замежныя партнёры бачаць курс на выбары.
Венесуэльскія выбары і з чым іх ядуць
Варта адзначыць, што за часам Уга Чавеса выбары ў Венесуэле прахадзілі ў адпаведнасці з агульнапрынятымі стандартамі. Істотных заўвагаў да іх не было, і кандыдаты ад апазіцыі прызнавалі сваю электаральную паразу. Ім сапраўды было цяжка канкураваць з звышпапулярным Чавесам, асабліва пакуль цэны на нафту былі высокімі. Тым не менш апазіцыя стабільна брала свае месцы ў парламенце (акрамя дзіўнаватага рашэння байкатаваць выбары ў 2005-м, што дало магчымасць чавістам заняць падаўляючую большасць дэпутацкіх мандатаў), а таксама заваёўваць губернатарскія пасады.
Гэта не змянілася і пасля смерці Чавеса. У 2015-м апазіцыя, у сваю чаргу, атрымала падаўляючую большасць мандатаў у нацыянальным парламенце. Гэта было ўжо на фоне паглыблення эканамічнага і сацыяльнага крызісу. У 2016-м інфляцыя, беспрацоўе, злачыннасць, дэфіцыт тавараў першай неабходнасці вывелі венесуэльцаў на масавыя акцыі пратэсту, падтрыманыя дэпутатамі парламенту.
З гэтага пачаўся наступ рэжыму чавістаў як на прынцып падзелу ўладаў, так і на выбары. У 2017-м Вярхоўны суд, які складаўся з прыхільнікаў Мадура, паспрабаваў пазбавіць парламент ягоных паўнамоцтваў. Гэта выклікала самыя шматлюдныя пратэсты ў гісторыі Венесуэлы (у адзін дзень у Каракасе на вуліцы выйшлі 2,5 млн чалавек). Хоць Вярхоўны суд і адмяніў сваё рашэнне, наступ на парламент працягнуўся. Была ўтворана Канстытуцыйная асамблея (быццам, дзеля напісання новай Канстытуцыі), якой таксама былі нададзены заканадаўчыя функцыі. Прэзідэнцкія выбары 2018-га, як было адзначана вышэй, ужо не адпавядалі дэмакратычным нормам. Як, уласна, і ўсе наступныя выбары, праведзеныя пры рэжыме Мадура.
Пад час парламенцкай элекцыйнай кампаніі 2020-га чальцы Нацыянальнай выбарчай рады (аналаг беларускай ЦВК) былі прызначаны ўсё тым жа пра-мадураўскім Вярхоўным судом. Гэта парушала Закон аб выбарчай уладзе, у адпаведнасці з якім прызначэнне з’яўлялася прэрагатывай нацыянальнага парламенту. Зразумела, гэта выклікала абурэнне з боку апазіцыі. Яна прадказальна байкатавала парламенцкія выбары. Міжнародная супольнасць, у тым ліку — Арганізацыя Амерыканскіх дзяржаў — адмовілася прызнаваць выбары ў якасці свабодных і справядлівых.
Каб зацягнуць людзей на выбарчыя ўчасткі рэжым чавістаў выкарыстоўваў самыя розныя сродкі — ад подкупу выбарцаў праз дастаўку дроваў да непасрэдных пагрозаў у адрас тых, хто адмовіцца галасаваць. Знакамітай зрабілася фраза, прамоўленая Д’ёсдада Кабэё — адной з ключавых (калі ня самай ключавой) фігураў рэжыму. На завяршальнай стадыі кампаніі ён казаў: «Той, хто не галасуе, той ня есць. Для таго, хто не галасуе, ежы няма».
Нягледзячы на праблемы з прадуктамі харчавання ў Венесуэле, па афіцыйных даных у тым галасаванні прынялі ўдзел толькі 30% венесуэльцаў.
Цяжкая дылема апазіцыі
Для венесуэльскай апазіцыі тэма выбараў зрабілася ў апошнія гады істотным выклікам. З 2018-га апазіцыйныя сілы ігнаравалі выбарчыя кампаніі, якія праводзіліся чавісцкім рэжымам. Але, як бы тое ні было, для палітычных сілаў адсутнасць у палітычным полі — гэта наўпросты шлях да поўнага заняпаду. Элекцыйныя кампаніі даюць хоць нейкі шанец на пазбяганне такога лёсу.
У 2021-м апазіцыя ўпершыню за тры гады прыняла рашэнне прыняць удзел у элекцыйнай кампаніі — рэгіянальных выбарах, на якіх абіралі губернатараў штатаў і мэраў гарадоў. Зроблена гэта было, нягледзячы на тое, што самі лідары апазіцыі, якія прынялі гэтае рашэнне, канстатавалі адсутнасць надзеі на тое, што выбары будуць свабоднымі і справядлівымі. У іхні адрас гучалі шматлікія абвінавачанні ў саўдзелу ў легітымацыі рэжыма Мадуры.
Тым ня менш, апазіцыя пайшла на вылучэнне сваіх кандыдатаў. Назіральную місію на выбары накіраваў Еўрапейскі Звяз, за што таксама атрымаў сваю долю крытыкі. І самі выбары прайшлі, як і чакалася — з шматлікімі парушэннямі, пагрозамі і гвалтам. Некаторыя апазіцыянеры, якія дзеля ўдзелу ў выбарах вярнуліся з вымушанай эміграцыі, былі арыштаванымі і кінутымі за краты адразу па прыбыцці ў Венесуэлу. Некаторыя дзеля гэтага вярталіся з эміграцыі. Некаторыя з іх былі тут жа арыштаванымі і кінутымі за краты.
Нават уласныя праймерыз, упершыню арганізаваныя кіруючай Сацыялістычнай аб’яднанай партыяй Венесуэлы перад рэгіянальнымі выбарамі 2021-га, адзначыліся шматлікімі парушэннямі і нават гвалтам, а ўсё той жа «чавіст № 2» Д’ёсдада Кабэё казаў, што перамога на праймерыз яшчэ не гарантуе партыйнага вылучэння на выбары.
Тым ня менш, тыя выбары прынеслі перамогу некаторым прадстаўнікам апазіцыі. У тым ліку, апазіцыя ўпершыню за час панавання чавістаў заваявала месца губернатара штата Бар’ентэс. Да гэтага моманту губернатарамі там былі ня проста чавісты, а выключна родзічы самога Уга Чавеса.
Салодкія чаканні і горкія расчараванні
То бок, удзел апазіцыі ў выбарах у Венесуэле — не такая глухая і безнадзейная справа (хоць, канечне, і небяспечная), як у некаторых краінах Усходняй Еўропы. Што ўмацоўвае пазіцыі тых, хто выступае за ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах наступнага году. Ды й амерыканцы крыху «пацяплелі» да Мадура — пасля пачатку паўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну. У разліку на ўтрыманне цэнаў на нафту, адміністрацыя Байдэна пачала больш актыўна кантактаваць з рэжымам чавістаў, дэманструючы ім сваю гатоўнасць да зняцця санкцыяў у абмен на пэўныя палітычныя крокі. Праўда, пры гэтым Байдэн, па ягоных заявах, працягвае лічыць Мадуру нелегітымным прэзідэнтам.
Рэжым чавістаў таксама разумее, што ў ягоным стане працяг міжнароднай ізаляцыі і санкцыяў — гэта ўсё той жа тупік з паглыбленнем суцэльнага крызісу. Каб выбіць сабе хоць нейкую палёгку, можна пайсці і на дамоўленасці з апазіцыяй. Што і адбылося 17 кастрычніка на Барбадасе. А яшчэ перад гэтым чавісты прадэманстравалі апазіцыі «салодкі пернік», прыбраўшы з Нацыянальнай выбарчай рады адыёзных прыхільнікаў рэжыму.
Праўда, сам тэкст пагаднення, хоць і гучыць, на першы погляд, аптымістычна і абяцае магчымасці ўдзельнічаць у выбарах усім, хто пажадае і даваць доступ да СМІ, пры больш блізкім разглядзе не дае аніякай канкрэтыкі. У прыватнасці, некаторым лідарам апазіцыі было забаронена цягам пэўнага часу ўдзельнічаць у элекцыйных кампаніях.
Вось тут паўстае пытанне: ці будуць гэтыя людзі дапушчаны да выбараў чавісцкімі інстытуцыямі? Байдэн і апазіцыя настойваюць, што менавіта так і мусіць быць. Чавісты ж адказваюць: чытайце ўважлівей. У пагадненні гаворыцца, што ў выбарах могуць прыняць удзел толькі тыя, каму гэта дазваляе закон. А тым, на каго накладзены бан, маўляў, закон удзельнічаць забараняе.
Амаль адразу за падпісаннем пагадненняў, у мінулую нядзелю, у Венесуэле адбыліся праймерыз апазіцыйных сілаў на вылучэнне адзінага кандыдата. Перамогу на іх з ашаламляльнымі 93% падтрымкі прадэманстравала Марыя Карына Мачада — найбольш папулярны зараз апазіцыйны палітык. Што цікава, праймерыз прайшлі досыць актыўна, хоць шмат хто казаў пра стомленасць венесуэльцаў ад палітыкі праз доўгія гады безвыніковай барацьбы. Праймерыз акурат прадэманстравалі, што венесуэльцы не згубілі надзеі на перамогу над рэжымам чавістаў на элекцыйным полі.
Але існуе нюанс. Мачада ў ліпені гэтага году атрымала забарону цягам 15 год удзельнічаць у выбарах (што характэрна, за заклік да санкцыяў супраць рэжыму чавістаў). Што прыводзіць да той самай калізіі, пра якую йшла гаворка вышэй: яе могуць элементарна не дапусціць да ўдзелу ў кампаніі.
Мачада, канечне, настойвае на сваім удзеле. Ды й замяніць яе асабліва няма кім: ніхто і блізка не параўнаецца з ёй у папулярнасці сярод венесуэльцаў. Таму чаканне на яскравую кампанію лідара апазіцыі можа змяніцца горкім расчараваннем. Тым больш, што ўсё той а Кабэё недвухсэнсоўна ўказаў, што фінансаванне кампаніі апазіцыйнага кандыдата будзе знаходзіцца пад пільнай увагай рэжыму. Пасля гэтага не застаецца сумненняў у цвёрдым намеры чавістаў звесці магчымасці апазіцыі на гэтых выбарах да мінімуму.
Ды й іншыя праявы чавісцкага рэжыму не дэманструюць ягонай схільнасці да дэмакратызацыі і лібералізацыі. З падпісаннем пагадненняў, у тым ліку, былі звязаныя спадзяванні на вызваленне палітзняволеных. І сапраўды, 18 кастрычніка на волю вышлі пяць чалавек (ну, на адносную волю: адзін з іх быў змешчаны пад хатні арышт). Аднача за кратамі застаюцца яшчэ каля 300 палітзняволеных (дакладнай лічбы ніхто назваць ня можа). Навінаў, што хтосьці з іх таксама выйшаў на волю, так і няма. Дык ці можа вызваленне адзінак і пакіданне за кратамі сотняў быць пасведчаннем спынення рэпрэсіяў і лібералізацыі? Урэшце, калі рэжым жадае дэмакратызавацца, дык каб спыніць рэпрэсіі і вызваліць палітзняволеных ня трэба аніякіх папярэдніх дамоўленасцяў. Дастаткова адной палітычнай волі.
На што разлічвае пры гэтым рэжым чавістаў? Іх жа папярэдзілі, што калі яны ня будуць прытрымлівацца пагадненняў, санкцыі супраць іх будуць адноўленымі? А разлічваюць яны, хутчэй за ўсё, на кароткую перадышку ў санкцыях. За гэты час можна хоць крыху папоўніць бюджэт і накіраваць сродкі на ўлагоджванне выбарцаў. А там — сумленна прадэманстраваць міжнародным назіральнікам сваю электаральную перавагу над загнанай пад плінтус апазіцыяй. Гэта, канечне, у найлепшым для іх выпадку. Ці хаця б за гэты кароткі перыяд атрымаць нейкія інвестыцыі і ўсталяваць новыя маршруты для паставак венесуэльскай нафты. І спадзявацца, што дзе-небудзь, на якім-небудзь Блізкім Усходзе адбудуцца падзеі, якія падвысяць інтарэс амерыканцаў да венесуэльскай нафты. Праўда, спадзяванні рэжыму могуць быць гэтакімі ж марнымі, як і спадзяванні апазіцыі.
У гэтай сітуацыі найбольшы інтарэс выклікае тое, як будуць паводзіць сябе грамадзяне Венесуэлы — як падчас кампаніі, так і пасля ейнага завяршэння. Ці сапраўды народ стамляецца ад бясплённай барацьбы і няздзейсненых чаканняў, і гатовы і далей трываць усё тое, што абрынае на яго рэжым чавістаў? Ці мы ўсё ж недаацэньваем людзей, і яны гатовы зноў і зноў уздымацца на барацьбу за свабоду і дэмакратыю? Час прадэманструе.