Тайна смерці Уга

5 сакавіка 2013 года ўвесь свет даведаўся пра тое, што венесуэльскі прэзідэнт Уга Чавес памёр. Але зараз ходзяць чуткі, што насамрэч Уга пайшоў з жыцця на два месяцы раней за афіцыйную дату яго смерці...



chavez.jpg

5 сакавіка 2013 года ўвесь свет даведаўся пра тое, што венесуэльскі прэзідэнт Уга Чавес памёр. Паводле слоў медыкаў, здароўе правадыра Баліварыянскай рэвалюцыі падкасіла хвароба на рак. Навіна сапраўды выклікала шок у кране і садзейнічала фармаванню вакол нябожчыка сапраўднага культу народнага прэзідэнта.

І вось цяпер нечакана высвятляецца, што на самай справе трагедыя, быццам, мела месца раней. Лімсі Салазар (Leamsy Salazar), былы кіраўнік службы бяспекі і персанальны целаахоўнік Уга Чавеса на працягу 6 гадоў, нечакана заявіў, што Чавес памёр на два месяцы раней. Пасля смерці боса Салазар збег у Злучаныя Штаты, дзе і зрабіў сенсацыйную заяву.

Заява раз’юшыла афіцыйны Каракас. Як заявіў сённяшні венесуэльскі гарант Нікалас Мадура, да ўсіх інсінуацый вакол даты смерці Уга «прыклаў руку імперыялізм». Ён таксама эмацыйна паабяцаў, што ўсе здраднікі рэвалюцыі трапяць у пекла.

Такая гнеўная рэакцыя тлумачыцца тым, што яна падрывае легітымнасць баліварскага рэжыму. Узнікае сумнеў адносна правамоцнасці цэлага пакету законаў, якія Чавес падпісаў напачатку 2013 года. Сярод іх і шэраг дакументаў, паводле якіх пераемнікам Уга Чавеса меў стаць менавіта Нікалас Мадура.

Венесуэльскі афіцыёз сцвярджае, што тэкст заявы Салазара пісалі ў ЦРУ. Пра гэта, быццам, сведчыць тое, што раней ён зліў у іспанскую правую прэсу кампрамат на Дзіясдада Кабельё (Diosdado Cabello), цяперашняга спікера венесуэльскага парламенту. Як сцвярджае Салазар, кіраўнік Нацыянальнай асамблеі Венесуэлы звязаны з трафікам наркотыкаў, за якім стаіць групоўка «Cartel de los Soles». «Cartel de los Soles», як кажа Салазар, — гэта тайная арганізацыя венесуэльскіх жаўнераў і афіцэраў, якія арганізавалі канал кантрабанды какаіну з Калумбіі транзітам праз Венесуэлу ў Злучаныя Штаты. Атрыманыя ад наркотыкаў грошы адмываліся праз венесуэльскую дзяржаўную нафтавую кампанію PDVSA.

Салазар таксама намякнуў, што за карыбскі накірунак перапраўкі наркотыкаў адказвае кубінскі ўрад. Выкрыцці былога целаахоўніка ўжо пракаментавалі супрацоўнікі дэпартаменту ЗША па барацьбе з наркотыкамі. Яго прадстаўнік паведаміў, што словы Салазара могуць адпавядаць рэчаіснасці. Гісторыі пра арганізаваны на дзяржаўным узроўні ў Венесуэле наркатрафік і кубінскі след неаднойчы гучалі з боку венесуэльскай апазіцыі.

Самае інтрыгуючае ў гэтай гісторыі тое, што спроба зліць кампрамат на нашчадкаў Чавеса адбылася на фоне новага вітка эканамічнага крызісу ў краіне. Сітуацыя ў Венесуэле і так была не вельмі квітнеючая, а пасля абвалу коштаў на нафту (Венесуэла — адзін з вядучых імпарцёраў «чорнага золата») перажывае новую фазу дэградацыі.

У студзені Мадура абвясціў, што ворагі рэжыму пачалі супраць народу «харчовую вайну» і загадаў прыняць меры супраць сетак супермаркетаў, якія, па яго словах, прымаюць удзел у той вайне. Пад «харчовай вайной» венесуэльскі лідар разумее нежаданне прадаваць тавары па ўстаноўленых дзяржавай коштах, а таксама спробы прыхаваць тавары да лепшых часоў. Сабатаж камерсантаў, піша афіцыйная прапаганда, вядзе да дэфіцыту прадуктаў, росту коштаў на іх на чорным рынку.

Для таго, каб венесуэльскія бізнесмены не хавалі дэфіцытныя прадукты, на днях былі праведзеныя паказальныя арышты галоўных менеджэраў у офісе фармацэўтычнай кампаніі  Farmatodo. Ужо вядома, што ўсе арыштаваныя падчас рэйду будуць абвінавачаныя ў правя­дзенні той самай «антынароднай харчовай вайны». Пошукамі ворагаў даручана займацца Sebin (Баліварыянская служба нацыянальных даследаванняў), аналаг дзяржбяспекі. Sebin ужо ўзяў пад казырок: на працягу студзеня праверкі і вобшукі адбыліся ў 60 буйных прадуктовых крамах.

Уся гэта кампанія і так не садзейнічала стабілізацыі, а цяпер яшчэ з’явіліся чуткі наконт смерці Чавеса, якія падрываюць рэпутацыю Мадуры. Некаторыя з сябраў праўладнай Аб’яднанай сацыялістычнай партыі адкрытым тэкстам заявілі, што гэта не выпадкова, і ў бліжэйшыя дні «рэакцыя паспрабуе арганізаваць пераварот у краіне».

Пакуль што «рэакцыя» — венесуэльская апазіцыя — не вельмі ахвотна каментуе сенсацыйныя заявы Лімсі Салазара. У дадатак трэба ўзгадаць, што гэта не першы прыступ істэрыкі ў асяроддзі венесуэльскага ўраду. Не так даўно адзін з прадстаўнікоў адміністрацыі Мадуры заявіў, што венесуэльская апазіцыя набыла 18 вайсковых самалётаў для арганізацыі палітычнага перавароту. Эксперты таксама асцярожна ставяцца да прагнозаў Мадуры і яго атачэння наконт будучага путчу, апраўданнем для якога стане загадка смерці Чавеса. Сітуацыя ў эканоміцы цяжкая, аднак Вашынгтон, які заняты Украінай і Блізкім Усходам, наўрад ці зацікаўлены ў радыкалізацыі палітычнай сітуацыі ў Венесуэле.

У сувязі з гэтым пакуль цалкам не зразумела, што на самай справе падштурхнула Салазара прапанаваць альтэрнатыўную афіцыйнай версію смерці Уга Чавеса. З іншага боку, ёсць усе падставы ўзняць пытанне: ці адпавядае афіцыйная версія праўдзе. Варта ўзгадаць, што ўвосень-зіму 2012-га па дыпламатычных кулуарах, сапраўды, раптам пачалі гуляць чуткі пра тое, што венесуэльскі прэзідэнт, якому дыягназ рак паставілі яшчэ ў 2011 годзе, памёр.