На польскай мяжы за мінулыя суткі затрымалі рэкордную колькасць мігрантаў

Такой вялікай колькасьці мігрантаў сёлета Польшча яшчэ не бачыла, паведамляе Свабода.

images_145.jpg

З Беларусі ў Польшчу працягваюць пранікаць мігранты, парушаючы дзяржаўную мяжу суседняй краіны. За мінулыя суткі польская памежная варта не дапусціла ўглыб краіны адразу 324 чалавекі.
За спрыянне нелегальнай міграцыі польскія памежнікі затрымалі дваіх чалавек — грамадзянаў Узбекістана і Грузіі.
Рэкордны паказнік на мяжы зафіксавалі неўзабаве пасля таго, як прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі сказаў, што «ў Беларусі больш за 10 тысяч, а можа і больш асобаў, якія перамешчаныя з Блізкага Усходу, пераважна — з Ірака, а таксама з Сірыі, каб праводзіць гібрыдную атаку». Ён упэўнены, што Лукашэнка дзейнічае не самастойна, а з ухвалення Масквы.
Польшча, Літва, Латвія ў апошнія месяцы ўзмацнілі ахову сваіх межаў з Беларуссю, на такія захады пайшла і Эстонія, дзе асцерагаюцца, што ў краіну незаконна трапяць нелегальныя мігранты з Літвы і Латвіі, якія прыйшлі праз Беларусь. Урады гэтых краінаў раней наўпрост абвінавацілі Лукашэнку ў наўмысным стварэнні міграцыйнага ціску на Еўрасаюз.
17 верасня высветлілася, што Польшча не будзе прымаць прашэнні аб прытулку ў парушальнікаў мяжы і забароніць ім уезд у Шэнген, гэтак вырашыў Сейм краіны большасцю галасоў.