На былога маладафронтаўца ў Варшаве падалі заяву аб цкаванні ўкраінцаў і працы на Расію

Польскі цэнтр маніторынгу расісцкіх і ксенафобскіх паводзінаў падаў скаргу ў пракуратуру на грамадзяніна Беларусі Арцёма Дубскага. Польскія праваабаронцы вінавацяць былога сябра «Маладога фронту» ў цкаванні ўкраінцаў, пагрозах фізічнай расправы і сувязях з прарасійскімі сіламі.

Арцём Дубскі

Арцём Дубскі


Арцём Дубскі — брат палітвязняІллі Дубскага, жыве ў Польшчы з 2011 года. Раней паведамлялася, што ён прыехаў у Беларусь наведаць сваякоў. 11 траўня яго затрымалі на Нямізе, збілі і адвезлі ў КДБ. На ноч яго адпусцілі дадому ў Асіповічы пад абавязацельства вярнуцца на наступны дзень. 12 траўня ён паехаў у КДБ і з тых часоў на сувязь не выходзіў, а праз пяць дзён сваякам паведамілі, што ён знаходзіцца на Акрэсціна. 30 траўня з'явілася інфармацыя, што ён выйшаў на свабоду пасля 15 сутак арышту.
У сярэдзіне 2000-х Арцём Дубскі ўзначальваў ячэйку «Маладога фронту» ў родных Асіповічах. Быў фігурантам гучнай «справы 14-ці», у рамках якой моладзевых актывістаў судзілі за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў у Мінску. Некаторы час жыў ва Украіне, пасля вяртання ў Беларусь трапіў у турму, а пасля выхаду ў 2010-м зноў накіраваўся ва Украіну. Восенню ў кватэры, дзе ён жыў, прайшоў ператрус. Украінскія сілавікі шукалі наркотыкі і зброю, пасля трох сутак Дубскага вызвалілі без выстаўлення абвінавачання. Пасля гэтага ён спрабаваў праз ААН дамагчыся міжнароднай абароны ад украінскіх і беларускіх сілавікоў. А ў наступным годзе з'ехаў жыць у Польшчу.
У Польшчы, як кажа пра сябе Дубскі, палітыкай ён не цікавіцца, займаецца бізнесам і блогерствам. Нядаўна ўрывак аднаго іх відэа Дубскага паказала беларускае тэлебачанне. На ім былы сябра «Маладога фронту» абзывае бандэраўцамі ўкраінцаў, якія прыйшлі да помніка савецкім жаўнерам у Варшаве пратэставаць супраць удзелу расійскага амбасадара ва ўрачыстасцях з нагоды 9 траўня. Жанчыне, якая трымае ўкраінскі сцяг, ён кажа: «Вам не сорамна стаяць з гэтым нацызмам?» На ютуб-канале Дубскага публікуецца шмат ролікаў, у якіх ён крытыкуе украінцаў ці захапляецца літарай «Z» [сімвал расійскага ўварвання ва Украіну], пабачанай на вуліцы ў Варшаве.
Як расказаў «РС» Рафал Гавэл з Цэнтра маніторынгу расісцкіх і ксенафобскіх паводзінаў, яны зацікавіліся асобай Дубскага пасля таго, як да іх звярнуліся беларускія апазіцыянеры ў Варшаве, абураныя дзеяннямі свайго земляка.
«Яны расказвалі, што ён паводзіць сябе правакацыйна, цкуе ўкраінцаў, называе іх публічна фашыстамі і супрацоўнічае з польскімі прарасійскімі нацыяналістамі. На відэа відаць, як ён публічна абараняе пасла Расіі і нападае на савецкіх могілках на ўкраінцаў, якія выступаюць супраць расійскай агрэсіі. Паводле нашых звестак, Арцём Дубскі толькі што вярнуўся з Беларусі, дзе яго два тыдні таму бачылі на сустрэчах з беларускімі спецслужбамі, а калі з'явілася інфармацыя пра гэтыя кантакты, ён прыдумаў казку пра яго нібыта арышт беларускай выведкай і вызваленне праз два тыдні», — кажа ён.
Журналісты пагаварылі і з Арцёмам Дубскім. Ён сцвярджае, што сапраўды быў нядаўна ў Беларусі, дзе сустракаўся са сваякамі. 11 траўня яны нібыта паехалі ў Мінск, дзе Дубскага, з яго слоў, затрымалі, збілі, пасля чаго адвезлі на допыт у КДБ. На ноч яго адпусцілі дадому ў Асіповічы пад абавязацельства вярнуцца на наступны дзень. 12 траўня ён паехаў у КДБ і з таго часу на сувязь не выходзіў, а праз 5 дзён сваякам паведамілі, што ён на Акрэсціна.
«Гэта няпраўда, што я нідзе не сядзеў і прыдумаў казкі. Чалавека, які так кажа, не было там, калі мяне бралі і калі я сядзеў. Гэта з той жа серыі, каб я сказаў, што Ціханоўскі цяпер не ў турме, а на Кубе адпачывае. Яны проста помсцяць мне, паколькі я раскрытыкаваў іх дзейнасць», — кажа Дубскі.
Летась Дубскі сапраўды звяртаўся ў Цэнтр маніторынгу расісцкіх і ксенафобскіх паводзінаў. Тады — у якасці пацярпелага ў сувязі з інцыдэнтам у варшаўскім метро, дзе ў яго адбыўся канфлікт з кандуктарамі. Пра інцыдэнт тады пісала польская прэса. Пасля таго, як кантралёры пачулі акцэнт Дубскага, яны пачалі яму пагражаць. Гэта і стала прычынай звароту ў Цэнтр маніторынгу расісцкіх і ксенафобскіх паводзінаў.
Што адбылося потым, расказвае прадстаўнік цэнтра Рафал Гавэл:
«Мы яго прынялі і патлумачылі, што зможам дапамагчы, але павінны дачакацца, пакуль сваё разбіральніцтва завершыць паліцыя. Ён пасля прыходзіў яшчэ некалькі разоў, але быў страшна незадаволены і называў нас фашысцкай арганізацыяй. А затым апублікаваў паведамленне, у якім пагражаў абліць сернай кіслатой супрацоўнікаў нашага цэнтра. Мы пра гэта ўжо паведамілі ў пракуратуру Варшавы».
Гавэл звяртае ўвагу на адно відэа Дубскага, дзе ён кажа, што паедзе ў Расію і будзе звязвацца з сіламі, якія ваююць ва Украіне. Акрамя таго, згодна з прадстаўніком Цэнтра маніторынгу расісцкіх і ксенафобскіх паводзінаў, Дубскі неаднаразова публічна хваліў прадстаўніка неафашысцкай прарасійскай арганізацыі Войцэха Альшанскага, супраць якога ў Польшчы распачата 5 крымінальных спраў. Адзін з эпізодаў тычыцца нападу на беларусаў, якія пратэставалі супраць Лукашэнкі. У інтэрв'ю «РС» Дубскі сказаў, што лічыць погляды Альшанскага «здаровым патрыятызмам».
«Раней Дубскі дзейнічаў на карысць руху "антыпрышчэпачнікаў" у Польшчы. Ён здымаў ролікі, сварыўся з паліцэйскімі, якія прасілі яго надзець маску. Яго ролікі мелі па паўмільёна гледачоў. Гэты рух быў працяты расійскімі ўплывамі, і яго мэтай былі пратэсты і беспарадкі. Іх фінансавалі людзі, звязаныя з Масквой. Уся тактыка Расіі ў нашым рэгіёне — выклікаць беспарадкі. І Дубскі ідэальна сюды ўпісваецца», — заяўляе Гавэл.
Журналісты спыталі ў Дубскага, чаму яго блогерская дзейнасць сканцэнтраваная на антыўкраінскіх допісах і відэа і чаму ён называе незнаёмых украінцаў «фашыстамі» і «бандэраўцамі».
«Гэты канал не цалкам пра ўкраінцаў, занадта шмат гонару імі займацца. Гэта канал пра мае думкі і канал для палякаў па-польску. Спачатку там была тэма кавіда, жыццё ў Польшчы. Цяпер усё пра яго забыліся і заняліся Украінай. Калі ў Польшчы з'явілася шмат украінцаў, я пачаў займацца імі. У мяне бацька ўкраінец, я там жыў тры гады, у мяне адна з дзяўчын была ўкраінка. Калі я вёў агенцтва па працаўладкаванні, я знайшоў працу тысячам украінцаў. Я маю поўнае права мець сваё меркаванне. Дзякуй богу, у Польшчы за такое пакуль не расстрэльваюць. Я штогод 9 мая хаджу на бліжэйшыя вайсковыя могілкі, у мяне бабуля памерла на вайне. Разам з калегам з "Маладога фронту" і адной дзяўчынай мы купілі гваздзікі і пайшлі туды. Гэта было свінства з боку ўкраінцаў. Ці можа нармальны чалавек танцаваць на могілках у масцы свінні? Там жа пахаваныя і ўкраінцы. Я ўключыў там тэлефон, бо ведаў, які будзе фармат. Пасла аблілі фарбай, яна даляцела і да нас. Ёсць украінцы, якія змагаюцца за сваю краіну, а ёсць нацысты і бандэраўцы, якія крадуць кансервы і атрымліваюць сацыяльную дапамогу, маючы "Лексусы", і паводзяць сябе па-свінску. Вось яны і ёсць нацысты. А тое, што БТ паказала ўрывак з майго роліка, гэта не мая праблема. Яны паказалі гэта і так па-свойму. Цяпер пішуць, што мяне завербаваў КДБ. Хлопцы, ніякі КДБ не матывуе мяне не любіць украінцаў ці задаваць ім крытычныя пытанні, як дыктуе мой жыццёвы досвед», — кажа Дубскі.