«Мы расcледуем свае памылкі». Упершыню з пачатку вайны кіраўніцтва ЦАХАЛ звярнулася да ізраільцян

Начальнік Генеральнага штаба ЦАХАЛ генерал-лейтэнант Герцы Халеві звярнуўся да ізраільцян 12 кастрычніка з ваеннага гарадка Кірыя ў Тэль-Авіве. «Прайшло пяць дзён пасля раптоўнага злачыннага нападу, — сказаў ён. — Разня, учыненая баевікамі ХАМАС, забойства жанчын і дзяцей — сапраўднае зверства. ЦАХАЛ змагаецца з тэрарыстамі, якія не ведаюць жалю і здзяйсняюць неймаверныя злачынствы».

Фота прэс-службы ЦАХАЛ 

Фота прэс-службы ЦАХАЛ 

Гэта стала першай публічнай заявай Халеві з пачатку аперацыі «Жалезныя мячы». Раней вайсковая прэс-служба распаўсюджвала яго выказванні, якія прагучалі на сустрэчах з камандзірамі і байцамі вайсковых частак.

«Пастанову аб атацы прымаў Іх'е Сінвар, — падкрэсліў начальнік Генштаба. — Цяпер яго і ўсіх верхаводаў ХАМАСа чакае немінучая смерць. Мы будзем наносіць па іх удары і разбурым іх арганізацыю. ЦАХАЛ пад маім камандаваннем ўсведамляе маштаб пастаўленай задачы. Мы адказваем за бяспеку ізраільцян. Раніцай мінулай суботы мы не здолелі выканаць наш абавязак. Мы расследуем дапушчаныя памылкі і вынесем з іх урокі, але цяпер ідзе вайна».

«Хачу, каб вы ведалі, што ў гэты цяжкі час ЦАХАЛ абараняе вас, выкарыстоўваючы ўсю сваю моц, усе здольнасці нашых выдатных байцоў, — працягнуў Халеві. — Я ганаруся тым, што стаю на чале воінаў, гатовых самааддана і рашуча змагацца з ворагам. Сярод іх — дзясяткі тысяч рэзервістаў, якія імгненна ўсталі на абарону роднай хаты. Я размаўляў з байцамі і камандзірамі, якія бачылі ўсе зверствы тэрарыстаў. Гэтыя байцы разам з супрацоўнікамі сіл бяспекі і надзвычайных службаў праяўляюць зараз цуды гераізму. Яны стаяць на пярэднім краі барацьбы, ведаючы, што іх задача — ратаваць жыцці нашых суграмадзян».


Глядзіце таксама

«Гэтая вайна абышлася нам у велізарную цану, — адзначыў начальнік Генеральнага штаба ЦАХАЛ. — Я падзяляю смутак сем'яў, якія страцілі родных і блізкіх. Мы зробім усё, каб вярнуць дадому тых, каго захапілі баевікі ХАМАС. Мы не спынімся. Намі рухаюць гнеў і рашучасць пакончыць з ворагам. Па аб'ектах тэрарыстаў наносяцца магутныя ўдары, забітыя сотні баевікоў, знішчаецца інфраструктура тэрору».

«Газа больш не будзе ранейшай, — запэўніў Герцы Халеві. — Мы знішчым тых, хто кіруе сектарам, а тыя, хто там застанецца, зразумеюць, што лепш не шкодзіць дзяржаве Ізраіль. Для гэтага спатрэбіцца нямала часу. Нам спатрэбяцца вытрымка і стрыманасць, адзінства і салідарнасць, каб нанесці ворагу смяротны ўдар. Усе мы імкнемся да гэтага».

«Мы разбурым ХАМАС дашчэнту і забяспечым жыхарам поўдня Ізраіля мірнае і спакойнае жыццё», — сказаў на заканчэнне начальнік Генштаба.

Паводле vesty.co.il.