Выведка лічыць, што іранскія лідары «былі здзіўленыя» атакай ХАМАС на Ізраіль — The New York Times

Разведданыя, сабраныя ЗША, паказваюць, што «ключавыя іранскія лідары былі здзіўленыя» атакай ХАМАС на Ізраіль.

Артыкул у  The New York Times 

Артыкул у  The New York Times 

Гэта прымусіла Белы дом усумніцца наконт датычнасці Ірана да планавання нападу, піша The New York Times са спасылкай на некалькіх амерыканскіх чыноўнікаў.

Суразмоўцы NYT не называюць імёнаў «ключавых іранскіх лідараў», але ўдакладняюць, што гэта людзі, якія звычайна дасведчаныя аб аперацыях з удзелам сіл «Кудс», вайсковага падраздзялення Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР).

Пра тое, што афіцэры КВІР са жніўня працавалі з баевікамі ХАМАС над планаваннем паветраных, наземных і марскіх уварванняў, а лідары Ірана далі палесцінскім баевікам «зялёнае святло», паведамляла газета The Wall Street Journal са спасылкай на высокапастаўленых чальцоў ХАМАС і ліванскай «Хізбалы».

Са слоў суразмоўцаў NYT, 10 кастрычніка, высокапастаўлены прадстаўнік выведкі паведаміў чальцам Кангрэсу, што сабраныя звесткі супярэчаць сцвярджэнням аб тым, што Іран дапамог спланаваць напад ХАМАС. Крыніцы газеты кажуць, што ЗША рэгулярна адсочваюць сустрэчы паміж лідарамі сіл «Кудс» і іх хаўруснікамі, у тым ліку ХАМАС, але ніякіх доказаў таго, што на гэтых сустрэчах абмяркоўваўся напад на Ізраіль, у выведкі няма. Аднак яны не выключаюць, што маглі быць і іншыя сакрэтныя сустрэчы, пра якія выведцы нічога не вядома.

Са слоў суразмоўцаў NYT, выведка працягвае расследаванне і не выключае, што доказы непасрэднага ўключэння Ірана ў напад баевікоў ХАМАС на Ізраіль могуць быць знойдзеныя.


Глядзіце таксама

8 кастрычніка, на наступны дзень пасля нападу ХАМАС на Ізраіль, дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен казаў, што ў Белага дома няма сведчанняў датычнасці Ірана да атакі. «Мы яшчэ не бачылі доказаў таго, што Іран кіраваў або стаяў за гэтай канкрэтнай атакай, але, безумоўна, ёсць даўнія адносіны», — сказаў Блінкен.

Місія Ірана пры ААН адмаўляла дачыненне Тэгерана да нападу ХАМАС на Ізраіль. «Мы рашуча выступаем за непахісную падтрымку Палесціны, аднак мы не ўдзельнічаем у адказе Палесціны [на дзеянні Ізраіля], паколькі ён прадпрымаецца выключна самой Палесцінай», — сказалі ў місіі Ірана.

Нагадаем, як пісаў «НЧ», Алі Баракех, адзін з лідараў ХАМАС, заявіў журналістам Associated Press, што Іран і «Хезбала» не бралі ўдзел у планаванні аперацыі. Паводле яго слоў, у аперацыю былі ўцягнутыя толькі некалькі вышэйшых кіраўнікоў ХАМАС: Гадзіна Х была вядома толькі адзінкам. Мы выбралі зручны час, калі праціўнік заняты сваімі святамі. Ніхто з цэнтральнага камандавання ХАМАС не быў у Бейруце ў мінулы панядзелак. Нікога з цэнтральнага камандавання або палітбюро не было тут да пачатку аперацыі.

Пры гэтым ён прызнаў, што ў мінулым ХАМАС атрымліваў дапамогу ад Ірана і «Хезбалы».

Паводле meduza.io