МЗС заявіла пра гібель у Ізраілі трох ураджэнцаў Беларусі. Хто гэтыя людзі?
Амбасадар Беларусі ў Ізраілі Яўген Вараб’ёў распавёў прапагандысцкім медыя аб трох выхадцах з Беларусі, якія загінулі ў выніку нападу тэрарыстаў групоўкі ХАМАС.
«На жаль,
вымушаны паведаміць новую інфармацыю: устаноўлена, што пры трагічных абставінах
загінулі трое выхадцаў з нашай краіны. Хацеў бы ад усёй душы выказаць
спачуванні сем'ям і блізкім нябожчыкаў. Яшчэ адна цяжкая навіна палягае ў тым,
што адзін з грамадзян Беларусі лічыцца ў спісе зніклых. Яго лёс не
ўстаноўлены. Ва ўзаемадзеянні з Інтэрполам і ізраільскімі сілавымі ведамствамі
мы працуем над высвятленнем яго лёсу і ад усёй душы спадзяемся на лепшае», —
сказаў Вараб’ёў.
Таксама ён паведаміў, што амбасада «працягвае забяспечваць інтарэсы беларускіх грамадзян як на тэрыторыі Ізраіля, так і ў сектары Газа». Паводле яго слоў, за апошнія дні па тэлефонах экстранай сувязі ў пасольства нібыта звярнуліся больш за 500 чалавек.
«Свабода» сабрала звесткі пра
загінулых у Ізраілі ўраджэнцаў Беларусі, а таксама са спасылкай на абазнаных
людзей агучыла іншае бачанне таго, як лукашэнкаўскае МЗС ставіцца да праблем
беларусаў у ахопленай вайной краіне.
Як раней паведамлялася ў медыя, у выніку нападу баевікоў ХАМАС у Ізраілі загінулі выхадцы з Беларусі, якія служылі ў паліцыі.
Загінулыя: Двое паліцыянтаў і наведнік фестывалю
Ізраільскі паліцыянт, старшы сяржант Віталь Карасік жыў у горадзе Ашкелон. 38-гадовы ўраджэнец Магілёва працаваў сьледчым аддзелу крыміналістыкі ізраільскай паліцыі.
Падчас службы ў ізраільскім войску Віталь Карасік быў танкістам і мэдыкам, удзельнічаў у ваенным канфлікце Ізраілю і Лібану. Пасьля гэтага пайшоў служыць у паліцыю.
7 кастрычніка Віталь працаваў у ахове музычнага фэстывалю Supernova Sukkot Gathering на мяжы з сэктарам Газа. Якраз тады тэрарысты ХАМАС напалі на Ізраіль, Віталь загінуў у баі з нападнікамі, як яшчэ 37 ахоўнікаў фэстывалю і больш як 260 удзельнікаў.
Алена Астапенка, сяржант ізраільскай паліцыі, пераехала ў Ізраіль з Рэчыцы разам з маці і сястрой яшчэ ў 2000 годзе, ёй тады было ўсяго два гады. 25-гадовая дзяўчына жыла на поўдні Ізраілю, у горадзе Ашкелоне.
Падчас нападу ХАМАС на Ізраіль Алена патрулявала ўчастак у горадзе Афакім. Разам зь іншымі паліцыянтамі і вайскоўцамі яна ўступіла ў бой з нападнікамі, у якім загінула.
Стывэн Макарчанка, ураджэнец Беларусі, які 7 кастрычніка наведаў фэстываль Supernova Sukkot Gathering на мяжы з сэктарам Газа. Гэты фэстываль стаў адной зь мішэняў для атакі тэрарыстаў. Загінулі больш за 260 наведнікаў фэстывалю. Стывэна шукалі некалькі дзён сябры і сваякі, праз 4 дні стала вядома, што хлопец загінуў ад рук тэрарыстаў.
Пацярпелы генерал, родам з Мазыра
Падчас нападу тэрарыстаў быў цяжка паранены ўраджэнец Мазыра, генэрал арміі Ізраілю Раман Гофман. Раненьне вайсковец атрымаў падчас бою з тэрарыстамі ў ізраільскім Сдэроце, цяпер ён у лякарні.
Выданне паразмаўляла з Аляксандрам Фруманам, прадстаўніком Народнай амбасады беларусаў у Ізраілі. Аляксандар служыў разам з Раманам Гофманам.
«Мы служылі разам у войску і былі на адным пункце. Пра стан паведамляюць толькі блізкім, будзем спадзявацца, што ён ідзе на папраўку. Я веру ў якасьць ізраільскай мэдыцыны, якая ня раз ставіла на ногі людзей у цяжкім стане», — кажа Аляксандар.
Паводле інфармацыі МЗС Беларусі, у выніку нападу на Ізраіль пацярпелі сама меней трое грамадзян Беларусі: у Ашкелоне параненыя маці і сын, стан жанчыны ацэньваецца як цяжкі, ейны сын атрымаў лёгкія раненьні. Яшчэ адна беларуска пацярпела, калі спускалася ў бамбасховішча. Ёй ужо дапамаглі мэдыкі. Іншыя падрабязнасьці невядомыя.
«Беларусы ня могуць вылецець з Ізраілю, беларускі МЗС адасобіўся»
Паводле прадстаўніка Народнай амбасады беларусаў у Ізраілі Аляксандра Фрумана, цяпер многія беларусы ня могуць вылецець з Ізраілю. Пры гэтым беларускі МЗС адасобіўся ад праблемы.
«Мы атрымалі больш за 10 зваротаў ад беларусаў з просьбай аб эвакуацыі, амбасада Лукашэнкі ім сказала, маўляў, аэрапорт працуе, вылятайце самі. А цэны пякельныя, бо многія турысты спрабуюць выехаць, выяжджаюць неграмадзяне Ізраілю. Усе лоўкосты адмянілі свае палёты, таму квіткі вырасьлі ў цане ў некалькі разоў. Мы прапрацоўваем розныя варыянты, каб знайсьці квіткі беларусам на эвакуацыйныя рэйсы іншых краін, бо Польшча такія рэйсы мае, Данія мае. Зразумела, для іх найперш свае грамадзяне ў прыярытэце, але мы спрабуем знайсьці месцы. Фактычна замяшчаем амбасаду Лукашэнкі, якая проста кінула сваіх грамадзян», — кажа Аляксандар.
Зараз у Ізраілі знаходзіцца блогерка Аляксандра Ханевіч, якраз ёй ужо ўдалося знайсьці квіток назад у Беласток пры дапамозе Асацыяцыі беларусаў Амэрыкі і фонду I Need Help BY.
Фруман зазначае, што пацярпелых ураджэнцаў Беларусі можа быць болей. Бо загінулі больш за 1300 чалавек, а ў Ізраілі «прыкладна кожны пяты — выхадзец з былога СССР».
«Загінулыя — гэта найперш грамадзяне Ізраілю, пра беларускіх грамадзян мы нічога ня чулі. Пра ўраджэнцаў цяжка даведвацца, бо яны даўно прыехалі, межы сьціраюцца. Калі паведамляюць пра загінулых, пра іх паведамляюць як пра грамадзян Ізраілю. Звычайна ў Ізраілі вельмі падрабязна паведамляюць пра тых, хто загінуў. Але цяпер іх 1300, вайна ідзе, таму на гэтым няма акцэнту. Таго, што адбылося, нельга ўявіць нават у страшным сьне, таму інфармацыю пра людзей шукаць вельмі цяжка», — кажа Аляксандар.
На поўдні Ізраілю знаходзіцца небясьпечна і цяпер, працягвае суразмоўца. З гарадоў, што суседзяць з сэктарам Газа, людзі выяжджаюць.
«Час прылёту ракеты з сэктару Газа вельмі малы. Я, калі прыехаў у Ашкелон, проста не пазнаў яго: квітнеючы горад ператварыўся ў прывід. Такой колькасьці абстрэлаў ніколі не было. Я сваю цешчу вывез з Ашкелону. Аднак на тэрыторыі Ізраілю вайскоўцы ўзялі пад кантроль ужо ўсе пункты, цяпер бяруць пад кантроль мяжу і рыхтуюцца да наземнай апэрацыі. Калі раней былі вайсковыя дзеяньні супраць камандзіраў ХАМАС, то зараз усё, што мае дачыненьне да ХАМАС, будзе зьнішчана. Усе правыя, левыя, людзі ўсіх палітычных поглядаў аб’ядналіся, каб захаваць нацыю. У войска за 48 гадзін набралі 300 тысяч чалавек. Я сам хачу туды трапіць, але няма месцаў. На адно месца 1,5 рэзэрвіста, заторы стаяць, каб на вайну ехаць», — расказвае Аляксандар Фруман.
У Ізраілі праз вайну паўстаў моцны валянтэрскі рух, людзі закупляюць прадукты і рэчы для войска.
«Проста ў гіпэрмаркеце бачыш у калясках адны і тыя ж прадукты, якія людзі вязуць вайскоўцам. Усе кансалідаваліся і хочуць дапамагчы. У мяне каля дома суседзі паставілі вялікую скрынку з надпісам „Вайскоўцам Ізраілю“, дзе зьбіраюць рэчы. Людзі едуць на машынах на мяжу зоны баявых дзеяньняў і падвозяць туды рэчы і харч для вайскоўцаў», — расказвае Аляксандар Фруман.
З гарадоў і кібуцаў на памежжы з сэктарам Газа эвакуаваліся каля 8 тысяч
чалавек, ім таксама дапамагаюць уладкавацца.