Меркель хоча асабіста пагаварыць з Януковічам у Вільні

Канцлер Нямеччыны Ангела Меркель заявіла, што хоча абмеркаваць з прэзідэнтам Украіны прычыны адмовы Кіева ад асацыяцыі з ЕС.



merkel.jpg

Канцлер Нямеччыны Ангела Меркель спадзяецца, што Украіна ўсё-ткі падпіша пагадненне аб асацыяцыі з ЕС. Прычым, па словах кіраўніка нямецкага ўрада, ужо заўтра на Саміце ў Вільні яна асабіста нагадае ўкраінскаму прэзідэнту Віктару Януковічу — запрашэнне падпісаць пагадненне аб асацыяцыі з ЕС застаецца ў сіле.
Меркель адзначыла, што ў Вільні спадзяецца асабіста абмеркаваць з Януковічам еўрапаўзу Кіева. «Наколькі я чытала, ён будзе адмаўляць, што яго да такога рашэння падштурхнула Расія. Ён, напэўна, будзе сцвярджаць, што гэта яго самастойнае рашэнне. Дарэчы, часам ён кажа, што наадварот Еўропа ціснула, але з гэтым ужо не пагаджуся я»,  — заявіла Меркель.
Канцлер Нямеччыны нагадала, што Еўрасаюз зрабіў Украіне запрашэнне ў рамках палітыкі Усходняга партнёрства. «Украіна цяпер прыняла рашэнне ў дадзены момант не падпісваць пагадненне аб асацыяцыі. Мы будзем і надалей заклікаць Украіну зрабіць гэта», — паабяцала канцлер.
Нагадаем, Кабінет міністраў Украіны 21 лістапада афіцыйна заявіў аб прыпыненні на нявызначаны час працэсу еўраінтэграцыі. Адмова ад падпісання пагаднення з ЕС справакавала ва Украіне самую маштабную акцыю пратэсту з моманту аранжавай рэвалюцыі. У Кіеве 24 лістапада мітынг за еўраінтэграцыі сабраў больш за 100 тыс. чалавек.
news.liga.net