Маем папу! Дасье ў карыкатурах

У Ватыкане завяршыўся канклаў. На другі дзень пасяджэння кардыналы абралі новага, 267-га, папу Рымскага. Паглядзім, як на гэта адрэагавалі карыкатурысты.

Фонам цяперашняга канклава былі чуткі аб тым, што новая адміністрацыя ў Вашынгтоне зацікаўлена ў абранні такога папы, які мог падтрымаць кансерватыўны паварот Трампа. Многія пабойваліся, што так і будзе. У тым ліку і мастак аднаго з італьянскіх выданняў. На яго малюнку ўсе кардыналы на канклаве намаляваны ў кепках з лога «MAGA» (Make America Great Again) — перадвыбарчы лозунг Дональда Трампа.

photo_2025_05_11_17_11_20.jpg

Іншы карыкатурыст паспрабаваў уявіць, што будзе, калі прыхільнік Трамп возьме пад кантроль Ватыкан? На гэтым малюнку папа-трампіст дыктуе першыя заданні: «1) Уводзім пошліну ў 145% на пераход у іншую рэлігію. 2) Заўтра запросіце Зяленскага, даўно пара надзерці яму зад. 3) Так, і Сан-Марына трэба далучыць да Ватыкана».

photo_2025_05_11_17_11_22.jpg

Наогул, напярэдадні канклава фаварытам лічылі дзяржсакратара Ватыкана П'етра Параліна, які праз аспекты прафесіі ведае ўсе таямніцы Касцёла. Не выпадкова мастак аднаго з выданняў адлюстраваў яго з ужо загадзя запоўненымі бюлетэнямі для галасавання на канклаве.

photo_2025_05_11_17_11_27.jpg

Аднак у выніку Паралін прайграў, нібыта, з-за адсутнасці харызмы. Новым папам стаў амерыканскі кардынал Роберт Прэво, які ўзяў сабе імя Леў XIV. Амерыканская прэса аператыўна адрэагавала на поспех земляка. На гэтым малюнку ў адным амерыканскім выданні з трубы Сікстынскай капэлы ідзе белы дым у выглядзе амерыканскага сцяга. Подпіс пад малюнкам: «Маем новага Папу. Made in USA».

photo_2025_05_11_17_11_29.jpg

Трэба сказаць, што сама архаічная працэдура выбараў кіраўніка Ватыкана выклікала шмат іранічных каментароў. Напрыклад, брытанскі The Telegraph прапанаваў праводзіць канклаў па прынцыпе папулрных шоу-конкурсаў талентаў.

photo_2025_05_11_17_11_31.jpg

Ці ёсць шкілеты ў шафе новага папы? Куды без іх. Амерыканская каталіцкая царква стала пакутуе на педафільскія скандалы. Закранулі яны і новага папу. Яму прыгадваюць інцыдэнт, калі Прэво дазволіў святару, які абвінавачваўся ў сэксуальным гвалце і жорсткім абыходжанні з непаўналетнімі, пасяліцца ў манастыры ў Чыкага. Пра сэксуальны скандал з удзелам новага Пантыфіка нагадвае адзін з карыкатурыстаў.

photo_2025_05_11_17_11_33.jpg

Тым часам эксперты спрабуюць зразумець, куды - налева або направа — павядзе Каталіцкую царкву новаабраны пантыфік. На іх думку, рэверанс у бок нябожчыка Папы Францішка ў першай прамове новага пантыфіка верагодна не проста даніна павагі былому папе. У цэлым Прэво як і Францішка лічаць асцярожным рэфарматарам. Ён, як і яго папярэднік, не падтрымлівае лібералізацыю царквы і выступае супраць жаночага святарства. Але па некаторых ключавых пытаннях сацыяльнай палітыкі новы правадыр каталікоў — прагрэсіст. Што ў яго атрымаецца па выніках, пакуль не зразумела. Але некаторыя, як мы бачым на гэтым малюнку, вераць, што новы папа зробіць Ватыкан ізноў вялікім.

photo_2025_05_11_17_11_37.jpg