Крукс, які страляў у Трампа, прыцягнуў увагу снайпераў яшчэ за гадзіну да замаху

Томас Крукс, які спрабаваў забіць Дональда Трампа, зацікавіў снайпераў яшчэ за гадзіну да здарэння, але потым яго выпусцілі з-пад увагі.

Следчыя на даху, адкуль
страляў Крук. Фота Getty Images

Следчыя на даху, адкуль страляў Крук. Фота Getty Images

Томас Крукс, які так і не стаў забойцам Дональда Трампа, быў адзначаны супрацоўнікамі спецслужбаў як падазроная асоба яшчэ за гадзіну да страляніны, але затым яго страцілі ў натоўпе. Пра гэта распавялі прадстаўнікі амерыканскіх спецслужбаў у сераду на двух закрытых брыфінгах для сябраў абедзвюх палат Кангрэса ЗША, піша ВВС.

«Ён быў адзначаны як падазроная асоба, таму што ў яго быў далямер, а таксама заплечнік. І гэта было больш чым за гадзіну да таго, як здарылася страляніна, — распавёў тэлеканалу Fox News пасля брыфінгу сенатар Джон Бараса. — Лагічна было б выказаць здагадку, што цягам гэтай гадзіны нельга было губляць яго з-пад увагі».

Сенатар і сябры Палаты прадстаўнікоў пачулі таксама, што Томас Крукс прынамсі адзін раз прыязджаў на месца, дзе ён пасля страляў у Трампа, на кірмашовую пляцоўку акругі Батлер, за некалькі дзён да замаху.

Глядзіце таксама

Акрамя таго, па звестках тэлекампаніі CBS, сябрам Кангрэса распавялі, што Томас Крукс шукаў у інтэрнэце на сваім тэлефоне сімптомы дэпрэсіі і фатаграфіі Трампа і прэзідэнта Джо Байдэна.

Удзельнік расследавання замаху распавёў CBS на ўмовах ананімнасці, што снайпер з мясцовых праваахоўных органаў, які разам з калегамі дапамагаў сакрэтнай службе ахоўваць Трампа на мітынгу ў Пенсільваніі, зафіксаваў Крукса, які глядзеў у далямер, і неадкладна паведаміў пра гэта па радыё на камандны пункт.

Па звестках іншых амерыканскіх выданняў, Крукс быў заўважаны на даху, адкуль ён страляў, яшчэ за 20 хвілін да таго, як ён адкрыў агонь — і, прамахнуўшыся па Трампу, забіў аднаго і цяжка параніў яшчэ дваіх удзельнікаў мітынгу.

Крукс быў забіты снайперамі сакрэтнай службы праз 26 секунд пасля стрэлу Трампа.

Дырэктар ФБР Крыстафер Рэй сказаў на брыфінгах сябрам Кангрэса, што матывы Крукса следства пакуль яшчэ не высветліла.

Глядзіце таксама

Некалькі сенатараў-рэспубліканцаў, якія прысутнічалі на брыфінгу, заявілі, што здзіўлены тым фактам, што сакрэтная служба, калі выявіла ў натоўпе вельмі падазронага чалавека, тым не менш не забараніла Трампу падняцца на трыбуну.

Акрамя таго, гэтыя сенатары-аднапартыйцы Трампа вельмі незадаволеныя колькасцю інфармацыі, якую яны атрымліваюць пра расследаванне замаху, і патрабуюць адстаўкі дырэктара сакрэтнай службы Кімберлі Чытл.

Адстаўкі Чытл запатрабаваў і спікер Палаты прадстаўнікоў, рэспубліканец Майк Джонсан. Ён заявіў, што Палата прадстаўнікоў правядзе ўласнае расследаванне замаху на Трампа. У спецыяльную камісію, паводле яго слоў, увойдуць кангрэсмены ад абедзвюх партый.

Кімберлі Чытл на наступным тыдні павінна выступіць на пасяджэннях двух камітэтаў Палаты прадстаўнікоў.

Арганізаваць незалежнае расследаванне замаху на Дональда Трампа, паралельнае афіцыйнаму следству, абяцаў і прэзідэнт Джо Байдэн.

Глядзіце таксама