Ці паўторыцца для Амерыкі 1984 год?
Шмат хто мяркуе, што перажыўшы няўдалы замах Дональд Трамп можа паўтарыць поспех Рональда Рэйгана на выбарах 1984 года, у якога незадоўга да гэтага таксама стралялі. Верагодна, сёння ў чальцоў каманды Джо Байдэна перыядычна перад вачамі ўсплывае страшная карцінка — выніковая электаральная карта прэзідэнцкіх выбараў 1984-га.
На тых выбарах кандыдат рэспубліканцаў Рональд Рэйган пераабраўся з пераканаўчай перамогай, набраўшы 525 галасоў выбаршчыкаў з 49 штатаў і 58,8 працэнта галасоў выбаршчыкаў. Яго супернік-дэмакрат атрымаў толькі 13 галасоў выбаршчыкаў, перамогшы толькі ў родным штаце, і тое з перавагай у 0,18%.
Паводле папулярнай легенды, такой бліскучай вікторыі Рэйган абавязаны няўдаламу замаху на яго, які адбыўся 30 сакавіка 1981 года. У гэты дзень прэзідэнт і трое з яго суправаджаючых былі параненыя пры выхадзе з гатэля Хілтан у Вашынгтоне, дзе Рэйган выступаў з прамовай перад дэлегатамі федэрацыі прафсаюзаў.
Аўтарам замаху аказаўся нехта Джон Хінклі-малодшы (нар. 29 мая 1955 года), які раней лячыўся ад псіхічнага разладу. Прычынай, якая заахвоціла Хінклі на замах, стала яго апантанасць акторкай Джодзі Фостэр ў фільме «Таксіст». Хінклі паглядзеў фільм не менш як 15 разоў і, магчыма, атаясамляў сябе з галоўным героем фільма ў выкананні Роберта Дэ Ніра. Падобна герою фільма, Хінклі пачаў пераследваць прэзідэнта з мэтай яго забойства. Пасля суда Хінклі назваў тое, што адбылося 21 сакавіка 1981-га, «найвялікшым выразам кахання ў сусветнай гісторыі» і не выказваў шкадавання аб зробленым.
Што тычыцца прэзідэнта, то ў выніку замаху адна з куляў прабіла яму рабро і апынулася ў лёгкім за некалькі сантыметраў ад сэрца. Ад ранення 69-гадовы Рэйган страціў да 40% крыві, але яго ўдалося выратаваць.
Двое пацярпелых паліцыянтаў таксама цалкам аднавіліся пасля раненняў. А вось прэс-сакратар прэзідэнта Джэймс Брэйдзі, які атрымаў сур'ёзную чэрапна-мазгавую траўму, стаў інвалідам. Так ці інакш, усё гэта маментальна стварыла Рэйгану папулярны імідж ахвяры, што, маўляў, стала галоўным чыннікам яго трыумфу на наступных выбарах.
На першы погляд, усе так і было. Кадры замаху выпадкова патрапілі на камеры рэпарцёраў буйных медыя кампаній. Іх бясконца круцілі ў эфіры. Узрушаныя амерыканцы сабраліся вакол тэлевізараў у дамах і гандлёвых цэнтрах. Усе згадвалі забойствы Кэнэдзі і Марціна Лютэра Кінга-малодшага. Газеты друкавалі дадатковыя выпускі, выкарыстоўваючы гіганцкія загалоўкі, царквы правялі малебен. Дарэчы, сам Рэйган верыў, што Бог захаваў яму жыццё, каб ён мог працягнуць выкананне сваёй вялікай мэты. Усё гэта прымусіла вялізную аўдыторыю сачыць за здароўем прэзідэнта і спачуваць яму.
Але ёсць і сумневы наконт таго, што замах быў галоўным фактарам перамогі Рэйгана ў 1984-м. Замах, па сутнасці, не меў значэння да моманту правядзення выбараў, якія адбыліся праз больш чым тры з паловай гады.
Сапраўды, пасля падзей 21 сакавіка 1981 года назіраўся кароткі скачок сімпатый да Рэйгана — яго агульны рэйтынг вырас з 60% да 68%. Але пачынаючы з ліпеня 1981-га прэзідэнцкія рэйтынгі пачалі падаць. А ў 1982-м апусціліся нават да 30 працэнтаў, што нядзіўна ў кантэксце многіх правалаў адміністрацыі: скандал Іран-Контрас, канфлікт з прафсаюзамі, інфляцыя і г.д.
Трыумф Рэйгана на выбарах 1984-га многімі гісторыкамі тлумачыцца фатальнымі памылкамі канкурэнта. Ім быў былы віцэ-прэзідэнт адміністрацыі Картэра Уолтар Мандэйл. У сваім лібералізме кампанія Мандэйла зайшла вельмі далёка для тых часоў. Мандэйл падтрымліваў рух за права жанчын не мець дзяцей, рух за легалізацыю абортаў. Пры гэтым яго кандыдатам у віцэ-прэзідэнты была жанчына і да таго ж каталічка, што выклікала супярэчлівую рэакцыю.
На думку шмат каго, з усёй гісторыі з замахам падчас кампаніі 1984 года спрацаваў толькі шырока разрэкламаваны жарт Рэйгана. Як вядома, ачуняўшы пасля замаху ў бальнічнай палаце ён спытаў у хірургаў, якія яго акружалі: «Спадзяюся, вы ўсе тут рэспубліканцы». Пачуццё гумару станоўча паўплывала на агульны імідж Рэйгана.
Варта таксама звярнуць увагу на адну цікавую акалічнасць. Як адзначае Мэл Айтан (Mel Ayton), аўтар кнігі «Змова з мэтай забойства прэзідэнта (Plotting to Kill the President)», амерыканскія прэзідэнты, на якіх рабілі замахі, самі не вельмі ахвотна пазней казалі пра гэта. У атачэнні прэзідэнтаў баяліся, што падобныя размовы матывуюць іншых псіхаў спрабаваць забіць кіраўніка дзяржавы.
Як бачым, у каманды Байдэна ёсць шанец на тое, што тэма замаху на Трампа перастане быць доўгайграючай і вызначаць ход выбараў. Аднак эмоцыі людзей так хутка не праходзяць. На старце вырашальнай фазы кампаніі вобраз Трампа як ахвяры тэракту яшчэ будзе нейкі час дакладна ўплываць на сімпатыі выбаршчыкаў.