Віталь Цыганкоў: Страшна падумаць, што было б, калі б Трампа забілі

Журналіст Віталь Цыганкоў прапануе некалькі высноваў з нагоды замаху на жыццё экс-прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. «Як тут не паразважаць пра містыку і лёс». 

Трамп пасля спробы забойства. Anna Moneymaker/Getty Images

Трамп пасля спробы забойства. Anna Moneymaker/Getty Images

1.Трамп (як бы да яго ні ставіцца) чарговы раз пацьвердзіў некаторыя даўно вядомыя рысы свайго характару — у прыватансьці, toughness і ўменьне хутка рэагаваць на сытуацыю. Зразумеўшы, што ён жывы, і пачуўшы, што ахова загадвае сыходзіць з месца падзеі, ён кажа ім “Чакайце, чакайце”, каб на секунду зрабіць свой жэст, падняць руку ў кулаку, зьвярнуцца да прысутных – разумеючы, што гэта жывы эфір, і што гэтыя кадры трапяць і гісторыю. Круты характар і “палітычная жывёла”.

І калі я ўжо бачу каменты, што гэта паводзіны псіхапата – то я і не буду спрачацца, ня маю адпаведнай медычнай адукацыі. Скажу толькі, што праз пару дзён у маім праекце на Свабодзе “Сьведкі Лукашэнкі” выходзіць інтэрвію з доктарам Шчыгельскім, дзе ён, сярод іншага, разьвівае (на прыкладзе не Трампа, але іншага палітыка) сваю старую думку, што псіхапатыя зьяўляецца перавагай у палітычнай барацьбе.

2. Безумоўна, ужо зьявіліся людзі (божа, як жа іх шмат), якія заяўляюць, што гэта ўсё пастаноўка і спектакль. Пасьля таго, што мы ведаем і бачылі, можна сьмела казаць, што гэта “альтэрнатыўна адораныя людзі”, у перакладзе на чалавечую мову – ідыёты. 

Уяўляю сабе падрыхтоўку:  “Дональд, мы ў жывым эфіры зробім фэйкавы замах, каб павялічыць твае шанцы. Табе трапяць у вуха, але не трапяць у галаву. – Цудоўная ідэя, я згодны! А ў правае вуха ці левае? – Правае. – Выдатна, правае не шкада! Але ж вы, мая ахова, дзяржаўная служба бясьпекі, вы ж кантралюецеся ўрадам ЗША, Дэмакратамі. – Мы ўжо з усімі дамовілся, Байдэн у курсе, усе пра пастаноўку ўжо ведаюць. – А ну тады добра. Давайце, страляйце”

Глядзіце таксама

3. Публічная рэакцыя Дэмакрататычных палітыкаў максімальна адэватная і нармальная. Усе яны – ад памяркоўных да самых радыкальных – публічна выступілі супраць палітычнага гвалту, і нават заяўляюць, што градус палітычнага процістаяньне трэба зьніжаць. (я фіксую, я не ацэньваю, наколькі гэта шчыра). Я думаю, усе яны зараз павінны маліцца, каб у стралка не знайшлі ніякіх сувязяў з нейкімі левымі арганізацыямі, хоць у нечым ідэйна блізкімі да Дэмакратаў.  Зараз будзе шмат фэйкаў на гэты конт (напрыклад, ужо даказана, што відэа ад імя стралка з нянавісьцю да рэспубліканцаў – гэта фейк), таму тут пакуль не буду нічога казаць. 

І, прызнаюся, мне ня хочацца верыць у самую горшую версію — што няўдалае забойства Трампа было арганізаванае ягонымі структурнымі палітычнымі апанентамі. 

4. У момант стрэлу Трамп аблакаціўся на кафэдру і трохі павярнуў галаву – магчыма, проста таму куля і трапіла ў вуха, а не ў скронь. Як тут не паразважаць пра містыку і лёс. Ёсьць фотка, як у яго ляціць куля, дам у каментах. 

5. Страшна падумаць, што было б, калі б Трампа забілі. Вэрсія пра грамадзянскую вайну ўжо становіцца не толькі кіношнай.

6. Адно з найбольш магчымых палітычных наступстваў гэтага замаху – будзе нарошчвацца ціск на Байдэна з патрабаваньняў зьняцца і саступіць дарогу іншым. 

7. У такой сітуацыі “пасадзіць” Трампа (нагадаю, што яго прызналі вінаватым, і чакаецца рашэньне суду, які павінен вызначыць меру ягонага пакараньня – ці штраф, ці рэальная пасадка за краты) ужо не ўяўляецца магчымым.  

8. Я абсалютна не лічу цалкам пераканаўчымі тыя эмацыйныя ацэнкі, што замах на Трампа робіць яго аўтаматычна пераможцам выбараў. З чаго бы? Сёньняшняя Каліфорнія ці Нью-Ёрк ні пры якіх абставінах не прагаласуе за Трампа і рэспубліканцаў увогуле. Умоўная Юта, сярэдзіна Амэрыкі, працэнтаў 80 яе тэрыторыі, калі паглядзець на мапу выбараў – гэта “чырвоныя” (Рэспубліканскія) штаты, якія (сёньня) ні за што не прагаласуюць за Дэмакрата. Вынік выбараў вырашаецца ў 8-10 swing states – штатах, якія хістаюцца. Чаму замах на Трампа павінен іх хіснуць да гэтага кандыдата? Гэта адназначна магло б адбыцца толькі ў выпадку, калі б стралок быў неяк зьвязаны з Дэмакратамі ці крайне левымі арганізацыямі. Але стралок мёртвы, і ў судзе ці падчас інтэрвію нічога не раскажа. Ягоныя матывы хутчэй застануцца таямніцай. Таму – паўтаруся – з чаго бы палітычна не вызначаныя людзі раптам усе пачнуць галасаваць за Трампа пасьля замаху на яго? Не даказана. Да выбараў 4 месяцы, эмацыйная рэакцыя на замах зьнікне да таго часу.  

9. Каб трошкі зьняць напружаньне, дам у першым каменце відэа, як прэзыдэнт Рональд Рэйган падчас свайго выступу праз нейкі час пасьля замаху на яго (ён быў паранены тады) адрэагаваў на гук, падобны на стрэл. Ён сказаў – missed me (не трапілі ў мяне).

Крыніца: BaltimoreJo [ youtube ]