Кітай закрыў неба для Boeing і Airbus расійскіх авіякампаній
Кітай закрыў сваю паветраную прастору для самалётаў Boeing і Airbus расійскіх авіяперавозчыкаў, зарэгістраваных у дзвюх юрысдыкцыя.
У неафіцыйных каментарах лагістычныя аператары кажуць, што самалёты «перасталі адпавядаць патрабаванням ІКАО/ІАТА», «няма дазволаў на карыстанне паветранымі калідорамі».
Адна з крыніц РБК тлумачыць забарону тым, што ў траўні авіяўлады Кітая папрасілі ўсе авіякампаніі (а не толькі расійскія) актуалізаваць электронныя дасье (партфоліа; там утрымліваюцца звесткі аб самалётах, уласніках авіякампаній, дамовах на наземнае абслугоўванне). Запыт такіх партфоліа — стандартная працэдура, адзначае суразмоўца РБК. Але нядаўна ў Кітаі ў яе былі ўнесены карэкціроўкі.
Расійскія перавозчыкі, якія лётаюць у Кітай, абнавілі інфармацыю. Але ўлады Кітая запыталі даныя, якія пацвярджаюць, што імпартныя самалёты расійскіх перавозчыкаў афіцыйна знятыя з рэгістрацыі за мяжой. Такіх дакументаў авіякампаніі прадставіць не змаглі. Таму кітайскія авіяцыйныя ўлады, выконваючы міжнароднае авіязаканадаўства, адмовілі ў палётах на такіх самалётах.
Па словах крыніцы, цяпер патрабаванні па «чысціні» самалётаў з пункту гледжання рэгістрацыі прад'яўляюць і іншыя краіны. У якасці прыкладу суразмоўца РБК прывёў Турцыю, якая адмаўляе ў дазволах на палёты ў гэтую краіну або праз яе паветраную прастору самалётам «з падвойнай рэгістрацыяй» (самалёты, што былі прымусова зарэгістраваныя ў Расіі).
Іншы суразмоўца РБК у расійскай авіякампаніі пацвердзіў, што без сертыфіката аб дэрэгістрацыі самалёты не дапускаюцца да палётаў у Кітай.
Прадстаўнік Расавіяцыі адмовіўся ад каментароў.
Паводле АФН