Эксперты чакаюць ад'езду з Расіі 40 тысяч IT-спецыялістаў
Да паловы з 40 тысяч працаўнікоў IT-сферы, якія пакінулі Расію да канца першага паўгоддзя, вернуцца назад да канца года, спадзяюцца даследчыкі з «Руссофт».
Адток кадраў з
IT-галіны пачаўся на фоне вайны ва Украіне
Да канца першага паўгоддзя 2022 года з Расіі з’едуць каля 40 тысяч IT-спецыялістаў. Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на даследаванне Асацыяцыі кампаній-распрацоўшчыкаў праграмнага забеспячэння «Руссофт», паведамляе непажаданае ў Беларусі нямецкае радыё.
У апытанні, якое штогод праводзіць асацыяцыя, прынялі ўдзел 162 IT-кампаніі, гэтай вясной у анкету дадалі пытанні, звязаныя з адтокам кадраў за мяжу з-за вайны ва Украіне. Колькі спецыялістаў ужо пакінулі краіну, у даследаванні не ўдакладняецца.
Паводле апытання, асноўная частка тых IT-спецыялістаў, хто з'ехаў, — гэта супрацоўнікі цэнтраў распрацоўкі замежных кампаній, якія закрылі офісы ў Расіі. З гэтай катэгорыі мігруюць у сярэднім 30 працэнтаў ад усяго персаналу, якому прапанавалі з'ехаць. Таксама краіну пакідаюць супрацоўнікі расійскіх кампаній, якія працавалі на развітых замежных рынках, але з-за страты заказаў мусілі перамясціць офісы продажаў у іншыя краіны. Трэцяя катэгорыя — фрылансеры.
Аднак эксперты чакаюць вяртання паловы кадраў да канца года.
Да паловы з 40 тысяч працаўнікоў IT-сферы вернуцца ў Расію да канца года, адзначаюць аналітыкі «Руссофта». На іх думку, на рашэнне аб міграцыі магла ўплываць «адсутнасць адэкватнага разумення сітуацыі за мяжой». Да вяртання іх можа падштурхнуць «варожае стаўленне да рускіх за мяжой, у тым ліку да дзяцей».