Калі б не было Майдану...

Калі б не было Майдану, то 29 сакавіка 2015 года мусіў адбыцца другі тур прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне. Што чакала б Украіну і наш рэгіён у выпадку другой кадэнцыі Януковіча — адна з тэм украінскай палітычнай дыскусіі. 



383917803.jpg

Складаць першыя сцэнары альтэрнатыўнай гісторыі Украіны, якая б не ведала феномену Майдану, пачалі яшчэ ўвосень, напярэдадні гадавіны выступаў за падпісанне Асацыяцыі з Еўрасаюзам. Цяпер жа тых гістарыяграфічных канцэптаў так шмат, што можна нават зрабіць невялікі каталог.

Пачнём з крытыкаў Майдана, якія актыўна прасоўваюць ідэю, што непапулярны Януковіч і так быў асуджаны на паразу. Асабліва той трэнд стаў відавочны пасля гучнага скандалу летам 2013 года ў пасёлку Урадзіеўка на Херсоншчыне. Там мясцовая міліцыя пад дахам улады забівала і гвалтавала кабетаў, што прывяло да бунту. Пасля гэтага нянавісць да сілавікоў ва Украіне стала павальнай з’явай.

Такім чынам, калі верыць сябрам Антымайдану, нават мабілізаваўшы ўсю вертыкаль, Януковіч не здолеў бы ў сакавіку 2015 года пераабрацца на другую кадэнцыю. Хутчэй за ўсё, яго апанентамі на гэтых выбарах выступалі б Клічко або Парашэнка, якія ў другім туры абышлі б лідара Партыі рэгіёнаў на 2–3 працэнты. Прыход апазіцыі да ўлады ў такім фармаце не справакаваў бы сепаратысцкай хвалі на паўднёвым усходзе краіны і ў Крыме, і наўрад ці адбіўся б на курсе грыўні, паказніках эканомікі. Адсюль выснова — Майдан быў авантурай купкі палітыкаў і алігархаў, што вельмі дорага каштавала ўкраінскай дзяржаве.

Такі пункт гледзішча падзяляе, напрыклад, аўтарытэтны ўкраінскі палітолаг Міхаіл Пагрэбінскі. «Сёння ў нас была б новая ўлада, прэзідэнтам быў бы, хутчэй за ўсё, Віталь Клічко. Мы б павольна рэфармавалі і пазбаўляліся б ад такой вар’яцкай карупцыі. Захавалі б сувязі з Расіяй. Гэта азначала б пэўную перспектыву захавання ВУП... Я ведаю, якую нянавісць ён (Януковіч) зарабіў. Нават сярод свайго асяроддзя, не гаворым пра людзей, якіх «прыбралі ад карыта». Алігархі толькі і думалі, як пазбавіцца ад Януковіча, чакаючы спрыяльнага моманту. Ніякіх шанцаў пераабрання ў Януковіча не было», — кажа аналітык.

У канструкцыях антымайданаўцаў ёсць слабае звяно: ці дапусціў бы Януковіч правядзенне вольных выбараў? Напярэдадні лістападаўскіх пратэстаў поўным ходам ішла палітычная зачыстка. Відавочна, рыхтаваліся масавыя фальсіфікацыі (у сеціве называюцца канкрэтныя кошты — 1 200 грыўняў планавалася плаціць электарату за правільны выбар).

З улікам апісаных момантаў — закручванне гаек на фоне росту пратэстных настрояў — выбух выглядае папросту непазбежным. Як піша Мустафа Найем — адзін з ініцыятараў студэнцкіх пратэстаў, «у мяне не было і няма адчування, што Майдан не здарыўся б без мяне. Усе разумелі, што пратэсты будуць. Але чакалі іх у 2015 годзе, падчас чарговых прэзідэнцкіх выбараў. Тое, што гэта адбылося раней — вынік супадзення велізарнай колькасці абставінаў». «Украіна была цяжарная рэвалюцыяй, проста адбыліся заўчасныя роды», — адзначае кіраўнік Цэнтра прыкладных палітычных даследаванняў Уладзімір Фясенка.

Найем, Фясенка і іншыя лічаць, што скрынку Пандоры адчыніла Масква, даслаўшы «зялёных чалавечкаў» у Крым. Без падтрымкі Масквы рускамоўныя рэгіёны, пасіўна адрэагавалі б на сыход Януковіча. «Вайна выкліканая выключна расійскай пазіцыяй, а не ўнутранымі ўкраінскімі праблемамі. Любое наша памкненне адарвацца ад уплыву РФ прывяло б да падобнай барацьбы ў той ці іншай форме. Мы ўсё роўна атрымалі б Усход, Крым. Майдан не мае значэння», — мяркуе Уладзімір Фясенка.

Некаторыя блогеры нават спрабуюць уявіць, як выглядаў бы сённяшні ўкраінскі палітычны працэс без «крымскай вясны». «Добраахвотніцкіх батальёнаў няма. Армія задуменна глядзіць на свае танкі, спрабуючы зразумець, ці могуць тыя страляць і ездзіць. Тых, хто гаворыць пра ваенную пагрозу з боку Расіі, называюць правакатарамі. У Крым прызначаная кампрамісная фігура новага губернатара. «Беркут» перайменавалі ў «Кондар» і пакінулі ў штаце МУС. На Данбасе прызначаныя новыя губернатары, якія паўтараюць пра тое, што стабільнасць рэгіёну найперш. Ігар Стралкоў едзе на фестываль рэканструктараў, прысвечаны 100-годдзю Першай сусветнай... Гэты спіс можна працягваць і удакладняць. Але факт у тым, што Украіна 2014-га магла значна больш быць падобнай да Украіны 2005-га. Уся рэальнасць апошняга паўгоддзя — гэта не вынік украінскай рэвалюцыі. Гэта вынік расійскай контррэвалюцыі», — падсумоўваюць на старонках інтэрнэту.

Яшчэ адна цікавая тэма для спекуляцый: што было б, калі Януковіч утрымаўся пры ўладзе і застаўся б прэзідэнтам да 2020 года. Амаль усе згодныя, што гэта быў бы час радыкальнай трансфармацыі ўкраінскай мадэлі, якая склалася ў часы Кучмы і для якой была характэрная геапалітычная шматвектарнасць, дастаткова шырокія грамадзянскія свабоды. Праўда, гэта было б абумоўлена поліфаніяй алігархічных цэнтраў.

Напрыклад, той жа Найем лічыць, што пры Януковічы Украіна імкліва імпартавала б беларускія напрацоўкі. 

«Яскравым прыкладам таго, у якой краіне мы маглі б жыць, былі апошнія месяцы праўлення Януковіча — паскораны курс савецкай гісторыі. Гэта была краіна, у якой выкрадалі актывістаў, катавалі людзей, дзе адбываліся паказальна несправядлівыя суды, дзе расстрэльвалі мірных дэманстрантаў у цэнтры сталіцы», — гаворыць дырэктар Украінскага інстытута нацыянальнай памяці Уладзімір Вятровіч.

А вось «Украінская газета» лічыць, што галоўнай характарыстыкай другой кадэнцыі Януковіча магла стаць кампанія па русіфікацыі гуманітарнай сферы. На думку выдання, украінскія падручнікі былі б перапісаныя пад расійскі стандарт.

Найбольш далёка пайшоў эксперт центра «Гардарыка» Канстанцін Матвіенка. На яго думку, на працягу другога тэрміна Януковіча мела адбыцца канчатковая інкарпарацыя Украіны ў Расію. «Выбары–2015 азначалі б паглынанне Украіны Расіяй. План Пуціна складаўся ў тым, каб усю Украіну далучыць да Расійскай Федэрацыі з дапамогай «законнага» рэферэндуму, як гэта адбылося ў Крыме. Гэта была б другая Пераяслаўская рада», — гаворыць Канстанцін Матвіенка.

Усе разважанні наконт Украіны без Майдану маюць умоўны лад. Але такія экскурсы думкі дапамагаюць лепш зразумець прычыны падзей восені 2013 года, прыроду тагачаснага ўкраінскага рэжыму і ўчынкаў геапалітычных актораў.