ЕС павялічвае фінансавую падтрымку Беларусі
У 2016 годзе Еўрасаюз павялічыць фінансавую падтрымку Рэспублікі Беларусь у два разы, паведаміла журналістам 31 сакавіка ў Мінску кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын.
Фота: belaruspartisan.org
Сёння ў мінскім гатэлі "Рэнесанс" адбылася цырымонія падпісання мемарандумаў аб узаемаразуменні паміж Праграмай развіцця ААН і выканкамамі 30 пілотных раёнаў, якія перамаглі ў конкурсным адборы сумеснага праекта ЕС і ПРААН "Спрыянне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь".
Паводле слоў Віктарын, сёлета Еўрасаюз выдзеліць Беларусі 29 млн. еўра. Сродкі пойдуць на рашэнне праблем, звязаных з міграцыяй, рэгіянальным развіццём і эканамічным развіццём краіны ў цэлым. Яшчэ каля 7 млн. еўра плануецца выдаткаваць на эканамічнае развіццё рэгіёнаў. "Канчатковы памер сумы яшчэ абмяркоўваецца", — дадала еўрапейскі дыпламат.
"Галоўнае — не лічбы, а арганізацыя супрацоўніцтва паміж мясцовай уладай, грамадзянскай супольнасцю, іншымі партнёрамі з мэтай устойлівага развіцця рэгіёнаў. Важна таксама, каб ініцыятыва развівалася знізу", — падкрэсліла Андрэа Віктарын.
Паводле інфармацыі прэс-службы прадстаўніцтва ААН у Беларусі, падпісаныя мемарандумы "стануць сімвалам гатоўнасці 30 пілотных раёнаў апрабаваць тэрытарыяльна-арыентаваны падыход (ТОР) да развіцця малых гарадоў і сельскіх тэрыторый".
"У далейшым, у пілотных раёнах плануецца правесці маштабную працу па стварэнні мясцовых ініцыятыўных груп па планаванні ТОР, якія аб'ядноўваюць інтарэсы органаў улады, некамерцыйных арганізацый і бізнесу ў распрацоўцы прыярытэтаў развіцця раёнаў. Члены мясцовых супольнасцяў будуць мець магчымасць узяць удзел у навучальных мерапрыемствах і паездках у краіны ЕС па вывучэнні вопыту ў сферы ўстойлівага тэрытарыяльнага развіцця. У канцы 2016 — пачатку 2017 года пройдзе буйны конкурс мясцовых ініцыятыў, у межах якога кожны раён зможа атрымаць да 70.000 еўра на рашэнне праблем мясцовага значэння", — паведамляла прэс-служба прадстаўніцтва ААН напярэдадні падпісання мемарандумаў.
Паводле БелаПАН