Еменскі хаос
У Емене назіраецца маштабны палітычны крызіс. Што стаіць за канфліктам, і якія яго перспектывы? Пра гэта журналіст НЧ Алег Новікаў размаўляе з казахскім арабістам і палітолагам Сяргеем Русташыным.
— Фармальна, апошні віток эскалацыі канфлікту звязаны са студзеньскім дзяржаўным пераваротам, у выніку якога легітымны прэзідэнт збег са сталіцы ў лаяльны яму Адэн. Прадстаўнікі арабскай вайсковай кааліцыі маюць намер аднавіць статус-кво і адначасова лакалізаваць паўстанне хусітаў, якія арганізавалі путч. Аднак да канца сутнасць падзей застаецца не зразумелай. Гледзячы на рэпартажы з Емену, складаецца ўражанне, што людзі там проста хаатычна забіваюць адзін аднаго без прычын.
— Парадаксальна, але пэўная праўда ў гэтых словах ёсць. Нам звонку здаецца, што мы назіраем нейкі апагей канфлікту, яго кульмінацыю. Аднак, калі мы паглядзім гісторыю, то ўбачым — вайна ў Емене ніколі, па-сутнасці, не спынялася, пачынаючы прыкладна з 1960-х гадоў. На поўначы ўвесь час ішла грамадзянская вайна. На поўдні яна ўспыхнула пасля атрымання незалежнасці ў 1967-м. У 1999 годзе поўнач і поўдзень краіны аб’ядналіся, і праціўнікі аб’яднання адкрылі яшчэ адзін фронт. Таму па вастрыні і напалу цяперашняя ўспышка аналагічная абвастрэнню сітуацыі ў 2004 года або падзеям у 1980-я. Папросту зараз у праціўнікаў больш моцная лятальная зброя, а мы маем лепшае інфармацыйнае пакрыццё падзей. Еменскі канфлікт носіць унутраны характар, і шмат яго дэталяў і аспектаў нам папросту не вядомыя.
— Чаму ў такім выпадку Захад і арабскія краіны вырашылі ўмяшацца ва ўнутраныя разборкі Емена?
— Цяперашні канфлікт унутры краіны з самага пачатку характарызуецца больш шырокай прысутнасцю вонкавага фактару. Аднак у гэтым быў прынцып Арабскай вясны, якая выклікала эфект даміно: дэстабілізацыя ў адной краіне адразу станавілася выклікам для суседніх рэжымаў. Галоўны выклік для суседзяў Емена — гэта пагроза прыходу да ўлады выразна праіранскай партыі хусітаў. Ёсць шмат інфармацыі, што Тэгеран дасылае канвоі са зброяй для дапамогі хусітам. Прынамсі, усе прызнаюць, што яны маюць вельмі перадавую зброю. Варыянт перамогі хусітаў выклікае трывогу ў Вашынгтоне і Эль-Рыядзе.
Гэта, дарэчы, агульная тэндэнцыя. Апошнім часам, напрыклад, мы бачылі, як ЗША паслядоўна ціснулі на іракскі ўрад, прымушаючы Багдад адмовіцца ад іранскай вайсковай дапамогі для барацьбы з ісламскай дзяржавай. Падчас нядаўняга красавіцкага візіту іракскага прэм’ера Хайдэра аль-Абадзі ў Вашынгтон яму абяцалі крэдыт у 800 мільёнаў долараў за тое, што ён скароціць колькасць іранскіх вайскоўцаў у Іраку.
— Што ўяўляе сабой клан хусітаў, з якім змагаюцца саюзнікі? Гэта проста племя ці нейкая вайскова-палітычная арганізацыя з канкрэтнай праграмай?
— Натуральна, змагацца са зброяй у руках усе чальцы племені, якое складае трэцюю частку краіны, фізічна не здольныя. На перадавой знаходзяцца сябры арганізацыі «Ансар Алах» («Памочнікі Бога»). Групоўка нарадзілася як тэалагічны гурток на пачатку 1990-х гадоў. У 2004-м «Ансар Алах» палітызаваўся і ўзначаліў рух за большую рэгіянальную аўтаномію хусітаў, што з часам перайшло ў адкрытыя вайсковыя дзеянні. Грамадзянская вайна скончылася падпісаннем пагаднення аб спыненні агню ў 2010 годзе, аднак у 2014-м паўстанне пачалося зноў.
Паколькі папярэдні палітычны рэжым быў вельмі карумпаваны, хусітам удалося дастаткова лёгка ўзяць кантроль над шэрагам ключавых пунктаў на поўначы Емену. 20 студзеня гэтага года хусіты захапілі ўвесь комплекс спецслужбаў і рэзідэнцыю прэзідэнта ў сталіцы Сана. 22 студзеня прэзідэнт Хадзі падаў прашэнне аб адстаўцы. Згодна з канстытуцыйнай дэкларацыяй, быў сфармаваны і ўзяў усю ўладу ў краіне так званы «Рэвалюцыйны савет», які ў перспектыве абяцае правесці вялікі ўстаноўчы сход. Па ідэалогіі «Памочнікі Бога» блізкія да іншых праіранскіх рухаў, накшталт ліванскага «Хезбалах». Праўда, хусіты прытрымліваюцца зейдзізму (адзін з накірункаў у памяркоўным шыізме).
— Акрамя хусітаў, войскаў кааліцыі арабскіх краін у Емене таксама дзейнічае «Аль-Каіда». Мы бачылі, як у Сірыі былі спробы выкарыстаць ісламістаў у вайне з Асадам. Ці можа паўтарыцца ў Емене сірыйкі сцэнар?
— Ісламскі блок у Емене вельмі стракаты. Гэта цэлая кагорта груповак, напрыклад, рух «Аль-Іслах», канфедэрацыі некалькі плямёнаў. І, нарэшце, непасрэдна «Аль-Каіда». Пакуль найбольш папулярнай партыяй ісламістаў з’яўляецца «Аль-Іслах», якая чымсьці нагадвае рух «Браты-мусульмане», і адпаведна, арыентуецца на палітычныя метады барацьбы за ўладу. Аднак фактар «Аль-Каіды» трэба ўлічваць, асабліва на поўдні, дзе вельмі слаба развітая палітычная культура. Калі на поўначы незалежная дзяржава існавала з 1918 года, і інстытуты грамадства тут развітыя, то поўдзень выйшаў з-пад брытанскага мандата толькі ў 1967 годзе, і тут большую ролю дасюль адыгрывае традыцыя.
— Наколькі падзеі ў Емене могуць адбіцца на краінах СНД? Напрыклад, мы ведаем, што Сірыя стала своеасаблівай школай для экстрэмістаў з Сярэдняй Азіі.
— Мяркую, з-за геаграфічных дыстанцый дабрацца да Емену з таго ж Казахстану будзе цяжка. Тут хутчэй будзе выяўляцца эканамічная ўзаемасувязь. Супрацьстаянне ў Емене, куды ўцягнулася Саудаўская Аравія, аказвае ўплыў на нафтавую кан’юнктуру, хаця доля Емена ў аб’ёме сусветнай нафтаздабычы мінімальная. Магчымы паток эмігрантаў, што прывядзе да ўсплёску антыэміграцыйных настрояў у Еўропе. Але падзецца людзям сапраўды няма куды — на большай частцы краіны не працуе ніводная служба, назіраецца дэфіцыт прадуктаў.