Форма НКВД на міністры — такія «карнавалы» адбываюцца падчас грамадзянскіх войнаў
Прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў адмовілася каментаваць сітуацыю са сваім міністрам Ігарам Шуневічам, які на парадзе 9 мая ў Менску быў у форме камісара рабоча-сялянскай міліцыі — народнага камісарыяту ўнутраных спраў.
«Мы не будзем гэтага каментаваць», — заявіў сёння Свабодзе кіраўнік прэсавай службы МУС Канстанцін Шалькевіч. На дадатковае пытанне Свабоды, ці абмяркоўваў ён сітуацыю
з міністрам, спадар Шалькевіч не адказаў. Ён толькі паўтарыў тыя самыя словы: «Мы не будзем гэтага каментаваць».
Падчас параду 9 мая ўсе высокія чыноўнікі стаялі вакол Аляксандра Лукашэнкі або ў цывільных строях, або ў парадных вайсковых мундзірах.
А вось Ігар Шуневіч чамусці быў у цёмна-сіняй гімнасцёрцы з жорсткім каўнерыкам, партупеі, галіфэ з бірузовымі лампасамі, запраўленымі ў боты, і сіняй фуражцы з бірузовым аколышам. Форма такога
ўзору была ўведзена ў 1943 годзе для супрацоўнікаў НКВД СССР.
«Вядома, незвычайную форму міністра Шуневіча можна спісаць на карнавал і пасмяяцца» — кажа Свабодзе мастацтвазнаўца, культуролаг Сяргей Харэўскі:
«Але звычайна такія „карнавалы“ адбываюцца падчас грамадзянскіх войнаў. І ад гэтага мне робіцца трывожна.
Лішне казаць, што ў той час, калі такая форма была актуальная, калі б нейкі чалавек з такім званнем надзеў бы форму будучыні, што б яго чакала?! То бок размываюцца важныя і лагічныя повязі,
адносіны. Як тая ж чорна-аранжавая стужка на кілбасах і гарэлках. Я не думаю, што мой дзядзька, герой-ветэран, быў бы ў захапленні ад такой утылізацыі гэтых ордэнскіх стужак.
І той „карнавал“, які мы цяпер назіраем ва Украіне, дзе бандыты, „камандзёры“, кшталту Матаролы, чапляюць на сябе любую форму, прыгадвае мне фільмы часоў
грамадзянскай вайны ў Югаславіі. Там падобныя спецыфічныя людзі ўбіраліся ў розныя мілітарныя цацкі. Так жа было і падчас грамадзянскай вайны ў Расіі, калі на здымках бачна, як апраналі на сябе
некаторыя людзі, хто што хацеў.
І ў мяне такое непрыемнае і трывожнае пачуццё. Калі з людскіх пакут, з людзкіх смярцей робяць карнавал, то гэта значыць, што ў грамадстве зніжана цана чалавечага жыцця.
А што да афіцэраў, якія сябе так паводзяць, — я думаю, гэта кампетэнцыя ягоных „камандзёраў“ даць ацэнку, наколькі гэта адэкватна. Ці адзеўся б нехта так у Нямеччыне?
Ці адзеліся б так у Кітаі, з якім мы так моцна сябруем? Думаю, што не. І ацэнку тут павінен даць галоўнакамандуючы».
svaboda.org