Японія забараніла экспарт у Расію высокатэхналагічнага абсталявання
Японія пашырыла спіс тавараў і тэхналогій, забароненых да экспарту ў Расію на фоне маштабнага ўварвання ва Украіну.
У пералік унеслі высокатэхналагічнае абсталяванне, у прыватнасці 3D-прынтэры, квантавыя кампутары і мікраскопы, піша ўкраінская рэдакцыя Radio Free Europe.
Забарона на пастаўкі павінна ўступіць у сілу 20 траўня, паведамілі ў Міністэрстве эканомікі, гандлю і прамысловасці краіны.
У абноўленым дакуменце 14 пазіцый. Сярод іх:
- квантавыя кампутары і іншыя падобныя прылады, а таксама запчасткі да іх;
- мікраскоп;
- абсталяванне для мадэлявання (3D-прынтэры) і парашкі металаў, якія выкарыстоўваюцца для гэтага;
- абсталяванне для вытворчасці арганічных святладыёдаў;
- абсталяванне для вырабу мікраэлектрамеханічныя сістэм;
- абсталяванне для вытворчасці вадароднага паліва;
- вакуумныя помпы;
- астуджальнае абсталяванне, разлічанае на экстрэмальна нізкія тэмпературы, і нават яго кампаненты;
- прылады лікавага праграмнага кіравання для станкоў;
- палімеры.
Вайна Расіі супраць Украіны выклікала новы віток санкцый з боку Еўрасаюза, Вялікабрытаніі, ЗША і Канады. Пад абмежаванні, уведзеныя Токіа, агулам трапілі звыш 200 расійскіх кампаній і арганізацый. Японія замарозіла актывы 140 расіян. У чорным спісе аказаліся прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў, яго жонка Таццяна Наўка і дзеці Лізавета і Мікалай. У спіс таксама дададзеныя сваякі сакратара Рады бяспекі РФ Мікалая Патрушава і першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта РФ Сяргея Кірыенку.