Як перамагчы Абаму?
Рэспубліканская партыя ЗША залізвае раны пасля паразы на выбарах і думае, з чым ісці на выбары 2016 года. Прапануем вашай увазе агляд амерыканскай кансерватыўнай аналітыкі.
Рэспубліканцы прайгралі дэмакратам з-за цэлага комплексу прычын. Былі, натуральна, і непрадказальныя выклікі. Хто мог ведаць, што за пару дзён да выбараў на ўсходні бераг прыйдзе разбуральны ўраган «Сэндзі» — вынік глабальнага пацяплення? Традыцыйная адмова Ромні і рэспубліканцаў прызнаваць наяўнасць праблемы змены клімату адгукнулася ім у выглядзе фронды Майкла Блумберга, рэспубліканскага мэра Нью-Йорку — гораду, які моцна пацярпеў ад стыхіі. У знак пратэсту супраць ігнаравання аднапартыйцамі тэмы кліматычных змен ён заклікаў галасаваць за Абаму, што аказалася моцным маральным ударам па лагеры Ромні.
Аднак змена клімату — гэта перыферыйная тэматыка, таксама як і праблема выратавання аўтамабільнай прамысловасці або гомасэксуальныя шлюбы. Ахілесава пятка рэспубліканцаў — стаўка на
белых дарослых мужчын. Такі падыход, па-першае, пакідае па-за межамі рэспубліканскай агітацыі жанчын (54 працэнты выбаршчыкаў), з якіх большасць абралі Абаму.
Галоўны фактар правалу рэспубліканцаў — слабая праца з нацыянальнымі меншасцямі, перш за ўсё іспанамоўнымі імігрантамі (лацінас) і афраамерыканцамі. Менавіта іх галасы вырашалі вынік
выбараў. Асабліва крыўдна рэспубліканцам за лацінас, якія яшчэ дзесяцігоддзе таму, як фанатычныя каталікі, масава галасавалі за рэспубліканцаў. Цяпер прапануемая дэмакратамі культуралагічная
праблематыка — гомасэксуальныя шлюбы, права на аборты — ужо не выклікае ў каталікоў аўтаматычнай рэакцыі бегчы і галасаваць за рэспубліканцаў.
Нарэшце, GOP («Старая добрая партыя» — мянушка рэспубліканцаў) яўна не разумее моладзь. Не толькі Ромні. Усе контрагенты Абамы — экстравагантная Мішэль Бахман са
значкам «Tea Party», эгацэнтрычны дэпутат Ньют Грынвіч, уладальнік дзіўнага пачуцця гумару губернатар Рык Перы, прадавец піццы Герман Каін, евангелісцкі фанатык Рык Санторыум
— прадстаўляюць мэйнстрым палітычных вар’ятаў, далёкіх ад рэальнасці», — піша аналітык Бернд Пікерт (Bernd Pickert). Сацыёлагі аперуюць жудаснымі лічбамі. У
некаторых універсітэтах падтрымка Міта Ромні не даходзіла да 10–15 працэнтаў.
Прычына адчужэння маладых — далёкая ад рэалій, ультракансерватыўная рыторыка. Мінулая кампанія не аказалася выключэннем. Шмат шуму выклікаў ваяўнічы спіч кандыдата ў віцэ-прэзідэнты Пола
Раяна (Paul Ryan), які палохаў выбаршчыкаў армагедонам заходняй цывілізацыі, які, па яго словах, наступіць пасля таго, як Абама пойдзе на другі тэрмін, знішчаючы адначасова
«іўдзейска-хрысціянскую спадчыну».
Па ўсіх пазіцыях ніякіх сур’ёзных высноў рэспубліканцы не робяць. Большасць папросту намагаецца бачыць ва ўсім злую фартуну і дэманічны геній Абамы, які інструментызуе бедных і каляровых.
«Абама мабілізаваў неадукаваных выхадцаў з краін трэцяга свету, якія традыцыйна настроены антыамерыканскі», — канстатуе кансерватыўны часопіс
«Obsrver».
Увогуле, у кансерватыўнай прэсе шмат ужываецца тэрмін «Obamacare» (анг.: Клопат Абамы). Obamacare — новая фішка рэспубліканскай міфалогіі. Адпаведна ёй, за часы першай
кадэнцыі Абамы ў масах бедных і каляровых амерыканцаў узнікла сляпая вера ў тое, што Абама не пакіне іх сам-насам са сваімі праблемамі.
На думку больш рэалістычных палітыкаў, рэспубліканцы павінны вярнуць сабе былое лідарства ў пытанні эміграцыйнай рэформы. Спробу лібералізацыі эміграцыі рабіў у 2000 годзе Буш-малодшы, аднак тады
большасць аднапартыйцаў заваліла ідэю. Таксама варта згадаць пазіцыю сацыяльных кансерватараў, кумірам якіх ёсць Рычард Ніксан. На іх думку, патрэбна пазбаўляцца ад спадчыны Джорджа Буша, які павёў
рэспубліканцаў далёка направа. Гэта дазволіла хрысціянскім фундаменталістам цяпер дыктаваць свае правілы і навязваць свае экзатычныя забабоны.
Праўда, такіх, як сацыяльныя кансерватары, вельмі мала. Большасць каментараў кансерватыўных выданняў нагадваюць нейкую мантру: «Нам кажуць, што рэспубліканская партыя —
«too old and too white and too male» (занадта старая, занадта белая і занадта мужчынская). Аднак хіба не такімі былі большасць дэпутатаў Канстытуцыйнага канвенту ЗША? Калі вам гэта
не падабаецца, то можаце ехаць у Буркіна-Фасо».
Адпаведна, параза кандыдата ад рэспубліканцаў на выбарах–2012 разглядаецца як вынік паліттэхналагічнай памылкі. Так, нехта асуджае дарадцаў Ромні за тое, што яны выбралі кепскую стратэгію:
замест таго, каб па ходу выбарчай кампаніі надаваць кандыдату рысы палітыка-цэнтрыста, яны раілі Ромні выступаць з радыкальнымі заявамі.
Таксама ўзгадваюць махінацыі з сацыялагічнымі апытаннямі ў некаторых кансерватыўных СМІ. Некаторыя медыя ў самы рашаючы час кампаніі пачалі казаць пра адрыў Ромні ад Абамы, што на самай справе было
не зусім так. Між тым, такая арыфметыка заспакоіла штаб Ромні, падштурхнула яго зрабіць фатальныя крокі, а з іншага боку — цэментавала блок Абамы.
Дасталася і асабіста Ромні. На думку шмат каго, ён выглядаў не як свежая альтэрнатыва, а як нешта, што ўжо было ў выкарыстанні. «Ромні прайграў па тых жа самых прычынах, па якіх
рэспубліканскі Рым прайграў дыктатару Цэзару. У іх не было сапраўднага лідара», — адзначае выданне «Politico».
Адсюль наступная дылема: ці здольная Рэспубліканская партыя сапраўды вынесці практычныя ўрокі з правалу–2012? На думку большасці незалежных СМІ, ніякіх змен у Рэспубліканскай партыі
бліжэйшым часам не адбудзецца. Як піша сайт Redstate: «Партыя будзе і далей належаць праціўнікам росту кампетэнцыі федэральнага цэнтру і хрысціянскім фундаменталістам». Пра гэта
сведчыць агляд каментараў рэспубліканцаў на Twitter пасля абвяшчэння вынікаў выбараў. Рэспубліканцы рэагавалі лаянкай і заклікамі да блакады працы Кангрэсу. Яшчэ адной іх паказальнай рэфлексіяй стала
петыцыйная кампанія ў шэрагу штатаў за выхад іх са складу ЗША. Цяпер гэта галоўная фішка рэспубліканцаў — галасаваць у інтэрнэт-петыцыях за тое, каб не жыць у адной краіне з Абамам. Такіх
ахвотнікаў на 14 лістапада ў ЗША было каля 350 тысяч.
Усё гэта пакідае актуальным адказ на пытанне, якое сфармуліравала «Washington Times»: «Калі мы не здолелі перамагчы дэмакратаў зараз, у час самага цяжкага за апошнія часы
крызісу, ці зможам мы перамагчы іх у нармальны час?»