Як сектар Газа стаў логавам тэрарыстаў

Калісьці ХАМАС быў... дабрачыннай арганізацыяй, а пазней стаў трымаць пад кантролем сектар Газа, які размешчаны на яго сцягу разам з усёй тэрыторыяй Ізраіля — як сімвал таго, што баевікі не супакояцца, пакуль не знішчаць яўрэяў.

Палесцінскія баевікі з ХАМАС. Фота: «Reuters»

Палесцінскія баевікі з ХАМАС. Фота: «Reuters»

Палесцінскі ХАМАС развязаў найбуйнейшую за некалькі дзесяцігоддзяў вайну супраць Ізраіля, лік загінулых у якой ужо ідзе на тысячы. Упершыню баевікі змаглі ўзяць пад свой кантроль і нават некаторы час утрымліваць некалькі ізраільскіх паселішчаў. Раней такую сур'ёзную пагрозу Ізраілю маглі ўяўляць толькі арміі суседніх дзяржаў і толькі тады, калі дзейнічалі заадно. Цяпер жа сапраўдную вайну супраць яўрэйскай дзяржавы разгарнулі не рэгулярныя войскі з Сірыі або Егіпта, а баевікі з сектара Газа, якія не валодаюць ні авіяцыяй, ні бранятэхнікай. Як атрымалася, што тэрарысты ХАМАС прыйшлі да ўлады ў сектары Газа і адзінай сацыяльнай лесвіцай для жыхароў стаў джыхад? І чаму Ізраіль праігнараваў папярэджанні выведкі наконт магчымасці маштабнай атакі — ва ўсім гэтым разбіраўся «The Insider».

Станаўленне тэрарыстычнай групоўкі ХАМАС як адзінага і безальтэрнатыўнага аўтарытарнага ўрада ў сектары Газа было падобным да нейкага галівудскага слэшара «Пілы» або «Хэлоўіна». У свеце тыя падзеі звычайна называюць «бітвай за Газу», але ў самім сектары іх памятаюць як грамадзянскую вайну 2007 года. «Хамасаўцы» тады прымусілі капітуляваць тых, хто стаяў на іх шляху да абсалютнай улады, даволі экзатычным, нават па мерках Блізкага Усходу, і вельмі крывавым метадам: баевікі арганізацыі выкрадалі прадстаўнікоў канкуруючых кланаў і партый і ампутавалі ім рукі і ногі. Трэба сказаць, што некаторыя з іх канкурэнтаў спрабавалі дзейнічаць гэтак жа, але ХАМАС перасягнуў іх і ў маштабах катаванняў, і ў жорсткасці. Расправы часта здымаліся на відэа і распаўсюджваліся сярод жыхароў сектара Газа, што літаральна паралізавала волю апазіцыі да супраціву.

Зразумела, што выкраданні і ампутацыі былі далёка не адзінымі інструментамі атрымання ўлады, але менавіта яны больш за ўсё палохалі апанентаў ХАМАС. Як расказваў адзін з палявых камандзіраў арганізацыі ФАТХ, якая ў 2007 годзе была галоўнай праціўніцай ХАМАС у Газе, шматлікім яго таварышам тады капітуляцыя здавалася куды меншым злом, чым магчымасць пазбавіцца ў выніку вельмі балючай аперацыі рук або ног і назаўжды стаць клопатам для сваіх сем'яў.

Адкуль узяўся ХАМАС

А пачыналася гэта ўсё, як і належыць галівудскаму слэшару, больш-менш цывілізавана. У 2006 годзе палітычныя сілы часткова прызнанай палесцінскай дзяржавы дамовіліся аб правядзенні выбараў — другіх за ўсю гісторыю пасля выбараў 1996 года і да гэтага часу апошніх — і фарміраванні па іх выніках Заканадаўчага савета. ХАМАС тады быў абсалютным палітычным пачаткоўцам. Сфарміраваная ў 1987 годзе некалькімі мусульманскімі прапаведнікамі і іх паслядоўнікамі арганізацыя да кампаніі 2006 года займалася чым заўгодна, але толькі не палітыкай.


Глядзіце таксама

ХАМАС, які з'явіўся як палесцінскае адгалінаванне егіпецкіх «Братоў-мусульман», прымудраўся адначасова пазіцыянаваць сябе як дабрачынную арганізацыю, якая раздавала гуманітарную дапамогу беднякам, як рэлігійную інстытуцыю, занятую будаўніцтвам мячэцяў і медрэсэ і падрыхтоўкай кадраў для іх, і як ўзброеную антыізраільскую групоўку, накіраваную на безумоўнае знішчэнне яўрэйскай дзяржавы (гэтая іпастась, як вынікае з поўнай назвы арганізацыі — «Ісламскі рух супраціву» — першапачаткова была асноўнай).

Уласна, такая разнастайнасць функцый і зрабіла групоўку папулярнай сярод палесцінцаў. А адкрыты рэлігійны ўхіл выгадна адрозніваў ХАМАС у вачах шматлікіх палесцінскіх мусульман ад падкрэслена свецкіх канкурэнтаў. У першую чаргу, ад ФАТХ («Рух за нацыянальнае вызваленне Палесціны»), створанага яшчэ напрыканцы 1950-х гадоў, які пачынаўся як тэрарыстычная арганізацыя, але да канца 1980-х фармальна адмовіўся ад узброенага супрацьстаяння з Ізраілем на карысць палітычнага дыялогу. І шматгадовы лідар ФАТХ Ясір Арафат, і Махмуд Абас, які ўзначаліў арганізацыю пасля смерці Арафата ў 2004 годзе, не выкарыстоўвалі джыхадзісцкую рыторыку і наогул цураліся рэлігійнай тэматыкі. У ФАТХ сваю вайну супраць Ізраіля называлі «нацыянальна-вызваленчай», сярод заўважных фігур арганізацыі і яе саюзнікаў заўсёды былі палесцінскія хрысціяне і камуністы-атэісты, а пасля адмовы ад ўзброенай барацьбы Арафат і яго таварышы загаварылі і пра павагу правоў ізраільскіх яўрэяў.

ХАМАС дзейнічаў зусім інакш. Ён адразу абвясціў усіх яўрэяў ворагамі, вайну супраць іх назваў «святым джыхадам», а ўсю палітычную праграму звёў да вельмі простай і зразумелай усім формулы: знішчэнне Ізраіля і ізраільцян і пабудова дзяржавы, заснаванай на строгім разуменні шарыяту.

ХАМАС супраць ФАТХ. Выбары 2006 года і грамадзянская вайна

Такая сумесь папулісцкіх ісламісцкіх лозунгаў і імідж абаронцаў беднякоў і папячыцеляў мячэцяў забяспечылі «хамасаўцам» пераканаўчую перамогу на тых самых выбарах 2006 года. Кандыдатам ад руху дасталася 74 месцы са 132 у заканадаўчым сходзе Палесціны. ФАТХ, які прыйшоў другім, правёў у парламент 45 дэпутатаў.

Тыя выбары не раз пераносіліся, некалькі кандыдатаў, у тым ліку і тыя, хто ў выніку атрымалі мандаты, былі арыштаваны ізраільскімі ўладамі яшчэ да галасавання, частка выбарчых пунктаў аказаліся заблакіраванымі арміяй Ізраіля. Але сапраўдныя цяжкасці былі яшчэ наперадзе. Забяспечыць працу парламента і сфарміраванага ім палесцінскага ўрада аказалася куды складаней, чым правесці выбары. Ужо неўзабаве пасля пачатку працы парламента Ізраіль арыштаваў некалькі дзясяткаў дэпутатаў ад ХАМАС па падазрэнні ў дачыненні да выкрадання ізраільскага вайскоўца Гілада Шаліта. За кратамі апынуліся дэпутаты, абраныя на палесцінскай тэрыторыі, якая называецца Заходні бераг ракі Іардан. Ад сектара Газа Заходні бераг аддзелены некалькімі дзесяткамі кіламетраў ізраільскай тэрыторыі.

Дэпутаты і міністры з сектара не маглі трапіць у парламент ці ў Кабмін, бо пры выездзе за межы палесцінскай тэрыторыі многія з іх тут жа былі б арыштаваны па ўсё той жа справе Шаліта. Нейкі час пасяджэнні праводзіліся па відэасувязі, але эфектыўнасць такой працы была, мякка кажучы, вельмі сумнеўнай. У выніку ўмераныя свецкія чыноўнікі з ФАТХ і ісламісцкія «ястрабы» з ХАМАС, якія і без таго недалюблівалі адзін аднаго, зусім перасталі знаходзіць агульную мову. Здарыўся палітычны крызіс: сумесныя органы дзяржаўнага кіравання бяздзейнічалі, ФАТХ абвінавачваў ХАМАС у залішне жорсткай пазіцыі, якая толькі злавала Ізраіль і прыводзіла да ўсё новых затрыманняў і арыштаў. У ХАМАС, у сваю чаргу, знаходзілі абуральнай гатоўнасць ФАТХ да кампрамісаў з ізраільцянамі.


Глядзіце таксама

З цягам часу крызіс толькі ўзмацняўся, і так працягвалася, пакуль у ХАМАС не вырашылі ўзяць усю ўладу ў сектары Газа, дзе размяшчалася штаб-кватэра арганізацыі і пражывала большасць яе прыхільнікаў, у свае рукі, пакінуўшы канкурэнтам Заходні бераг ракі Іардан. Канкурэнты — у першую чаргу ФАТХ — са спробай захопу ўлады ХАМАС не пагадзіліся і ўзяліся за зброю. Так і пачалася тая самая грамадзянская вайна 2007-га. У ёй загінулі некалькі соцень чалавек, як мінімум тысяча атрымалі раненні, у тым ліку і ад ампутацыйнай пілы. Вайна скончылася на карысць ХАМАС, які ўзяў сектар у свае рукі.

З той крывавай перамогі і пачынаецца гісторыя таго ХАМАС, які мы ведаем цяпер, — велізарнай тэрарыстычнай арганізацыі, што трымае пад сваім аднаасобным кантролем два мільёны жыхароў сектара і гадамі рыхтуецца да выканання галоўнай сваёй мэты.

Мэты, метады і фінансаванне ХАМАС

На гербе ХАМАС намаляваны дзве перакрыжаваныя крывыя шаблі, іерусалімская ісламская святыня — Купал скалы і мапа той палесцінскай дзяржавы, пабудову якой арганізацыя абвясціла сваёй галоўнай мэтай. Гэтая мапа ўключае ў сябе не толькі сектар Газа і Заходні бераг ракі Іардан, але і ўсю тэрыторыю Ізраіля цалкам. У палітычным маніфесце ХАМАС асобна прапісана абавязацельства арганізацыі знішчыць яўрэйскую дзяржаву. Але ў 2007 годзе нават самым гарачым палесцінскім галовам было зразумела, што для таго, каб уступіць у супрацьстаянне з Ізраілем, ХАМАС давядзецца як след назапасіць сіл і, што не менш важна — сродкаў. Самастойна ХАМАС гэта было не па плячы: вайна — справа страшна дарагая, якая патрабуе пастаянных уліванняў грошай, з якімі ў сектары Газа і ў лепшыя часы было нягуста, а пасля бітвы за Газу і эканамічнай блакады рэгіёна з боку Ізраіля і суседняга Егіпта, якая рушыла за ёй, не стала зусім.


Глядзіце таксама

ХАМАС, як і іншыя ісламісцкія групоўкі, атрымліваў дапамогу грашыма і зброяй ад радыкальных арганізацый Блізкага Усходу, тамтэйшых багатыроў і нават некаторых урадаў. Гэтага было дастаткова для падтрымання штаноў «хамасаўцаў» і нават раздачы небагатай «гуманітаркі» жыхарам сектара Газа, але на рэальную вайну з моцным праціўнікам іх відавочна не хапала. Больш за тое, паток грошай ад замежных спонсараў часам сыходзіў на нішто — бо большасць арабскіх краін так ці інакш залежыць ад ЗША, і Вашынгтон час ад часу пагражаў ім рознага кшталту праблемамі, калі тыя будуць ужо вельмі актыўна падтрымліваць тэрарыстаў.

І таму амаль адразу ж пасля захопу ўлады ў Газе ХАМАС літаральна рынуўся ў абдымкі Ісламскай рэспублікі Іран — самага мэтанакіраванага ворага Ізраіля ў рэгіёне, які, будучы абкладзеным ужо ўсімі магчымымі заходнімі санкцыямі, мог дазволіць сабе не звяртаць увагі на ЗША. ХАМАС і раней атрымліваў ад іранцаў грошы, але доўгі час Тэгеран быў толькі адным з многіх заступнікаў арганізацыі, заўважным, аднак далёка не самым галоўным. ХАМАС браў у іранцаў грошы, але асабліва гэта не афішаваў. Усё-ткі Іран — шыіцкая дзяржава, якая доўгія гады была і знаходзіцца да гэтага часу ў стане калі не халоднай вайны, то ўжо сапраўды сур'ёзнага ідэалагічнага канфлікту з іншымі спонсарамі ХАМАС — багатымі суніцкімі манархіямі Блізкага Усходу.

У многіх з гэтых манархій нямала шыіцкіх падданых: у Бахрэйне іх пераважная большасць пры каралі-суніце, а ў Саудаўскай Аравіі амаль усе нафтапромыслы, якія забяспечваюць краіну валютай, знаходзяцца ў шыіцкай усходняй правінцыі, і тамтэйшыя манархі не без падстаў сумняваюцца ў лаяльнасці шыітаў, якія жывуць у іх краінах і часта не прызнаюць рэлігійны аўтарытэт кіраўнікоў. Гэтыя сумневы тым больш абгрунтаваныя, што Ісламскай рэспублікай Іран стаў пасля таго, як тамтэйшыя радыкальныя шыіты зрынулі аднаасобнага кіраўніка-шаха, а потым яшчэ і заклікалі ўсіх мусульман свету рушыць следам за іх прыкладам.

Іран супраць Ізраіля

Сам ХАМАС заўсёды быў арганізацыяй суніцкай (у Газе наогул шыітаў да нядаўняга часу не было ці амаль не было), але фінансавыя меркаванні тады ўзялі верх над рэлігійнымі. Арганізацыя не стала разрываць адносіны з ранейшымі спонсарамі, уключаючы, дарэчы, і Расію, але галоўным яе партнёрам з 2007 года стаў менавіта Іран. Зблізіла іранцаў і ХАМАС агульнасць мэт: і тыя, і другія не хаваюць, што мараць знішчыць Ізраіль. Праўда, у іранцаў матывацыя крыху адрозніваецца ад палесціскай. Калі для ХАМАС вайна з Ізраілем — гэта няхай і свяшчэнная, але ўсё ж барацьба за жыццёвую прастору, за тэрыторыі, якія палесцінцы лічаць сваімі, то з Іранам ўсё складаней. Тэгеран са скуры лезе, імкнучыся выбіцца ў лідары не толькі шыіцкага, але і ўсяго ісламскага свету.

Гэтыя спробы цяпер выглядаюць безнадзейнымі, улічваючы, што шыітаў у свеце ўсяго каля 20% ад агульнай колькасці мусульман, а велізарная колькасць сунітаў на тэрыторыі ад Інданезіі да Марока наогул не прызнаюць шыітаў за сваіх братоў па веры. Для іх шыізм — скрыўленне сапраўднага ісламу, дзіўная ерась, якая не мае амаль нічога агульнага з іх рэлігіяй. Ператварыцца з ерэтыкоў у прызнаных лідараў ісламскага свету іранскія ўлады маюць намер за кошт перамогі над Ізраілем. Вяртанне Іерусаліма пад уладу мусульман і выгнанне няверных, як уяўляецца кіруючым у Іране аяталам, пераканае паслядоўнікаў ісламу ва ўсім свеце ў тым, што менавіта Тэгеран цяпер — галоўны цэнтр ісламскага свету.

На Захадзе гэтыя ўяўленні могуць здавацца нелагічнымі і дзіўнымі. Бо гэта ж чыстай вады авантура — марнаваць дзесяцігоддзі і мільярды долараў не на ўласнае развіццё, а на знішчэнне дзяржавы, з якой у цябе нават няма агульнай мяжы (ад Ірана Ізраіль аддзяляюць тэрыторыі Сірыі і Ірака), прытым вынік зусім не гарантаваны. Але гаворка ідзе пра Іран — дзяржаву, у якой не працуюць заходнія ўяўленні аб рацыянальнасці і дзе, напрыклад, Канстытуцыя гарантуе вернікам, што строга выконваюць рэлігійныя прадпісанні, вяртанне да Алаха пасля смерці.

Хоць на фоне Расіі, якая хавае сваю эканоміку, аказалася ў глухой міжнароднай ізаляцыі і кожны дзень гоніць уласных грамадзян на бессэнсоўныя «мясныя штурмы» праз маніякальнае імкненне знішчыць Украіну, прыклад Ірана не здаецца такім ужо унікальным.

ХАМАС — не адзіны інструмент Ірана ў вайне супраць Ізраіля, але, пэўна, самы галоўны. У распараджэнні Тэгерана ёсць яшчэ ліванская «Хезбала» — адначасова цэлая тэрарыстычная армія і адна з вядучых палітычных партый краіны, ёсць кіруючы ў Сірыі рэжым Башара Асада, пры прыняцці палітычных і ваенных рашэнняў якога іранскія дарадцы і генералы часцяком маюць вырашальнае слова, ёсць маса арганізацый і фракцый паменш. Нават у самім сектары Газа ёсць цалкам або амаль цалкам залежныя ад Ірана «Ісламскі джыхад» і «Сабірын». Першыя — гэта даволі сур'ёзная тэрарыстычная групоўка, якая падзяляе ідэалогію ХАМАС, але адмаўляе любую палітычную актыўнасць кшталту ўдзелу ў выбарах, другія — гэта баевікі ХАМАС і «ісламскага джыхаду», якія перайшлі ў шыізм пад уплывам Ірана і часцяком падвяргаюцца пераследу з боку былых таварышаў.

«Хезбала» і сірыйская армія заняты бесперапыннымі крызісамі ў сваіх краінах, а «Ісламскі джыхад» і «Сабірын» засяроджаны звычайна на лакальных разавых тэрарыстычных атаках. Адсутнасць палітычнай арганізацыі (як у выпадку з «Ісламскім джыхадам») або практычна падпольнае становішча (як у «Сабірын») не дазваляюць гэтым дзвюм групоўкам замахвацца на маштабныя аперацыі, якія патрабуюць стараннага планавання і каардынацыі з замежнымі спонсарамі. Яны наогул звычайна пераходзяць да актыўных дзеянняў пасля таго, як ХАМАС пачынае абстрэлы тэрыторыі Ізраіля.

ХАМАС як гаспадар сектара Газа

У ХАМАС ёсць усё, што неабходна для арганізацыі маштабных тэрарыстычных акцый: разгалінаваная квазідыпламатычная сетка, якая ахоплівае Блізкі Усход, Паўночную Афрыку і Расію, пастаянны прыток грошай ад замежных спонсараў, велізарныя запасы зброі, дапамога з боку іранскай выведкі і спецыялістаў па ваенным планаванні, а таксама каласальны людскі рэсурс. У сектары Газа, паводле розных звестак, жыве ад двух да трох мільёнаў чалавек. І ўсе яны так ці інакш залежаць ад ХАМАС. Беспрацоўныя — а іх ад адной чвэрці да адной траціны працаздольнага насельніцтва рэгіёна — выжываюць толькі за кошт замежнай (у першую чаргу, ізраільскай) гуманітарнай дапамогі, якую размяркоўвае ХАМАС. Усе дзяржаўныя структуры, пачынаючы ад пошты і заканчваючы мясцовымі пажарнымі, якія ўтрымліваюцца за кошт траншэй ад багатых дзяржаў Персідскага заліва, — гэта проста дэпартаменты ХАМАС. І менавіта ХАМАС вырашае, колькі грошай плаціць супрацоўнікам гэтых структур і ці плаціць наогул.


Глядзіце таксама

Усе медыя ў Газе таксама знаходзяцца пад кантролем ХАМАС, у яго канкурэнтаў, кшталту ўжо згаданых «Сабірын» або ІДІЛ, якая заяўляла пра сваю прысутнасць у рэгіёне некалькі гадоў таму, няма магчымасці нават надрукаваць агітацыйныя ўлёткі: Ізраіль забараняе пастаўкі паперы для паліграфіі ў сектар Газа, праз што магчымасці для друкаванай агітацыі ёсць толькі ў ХАМАС, які кантралюе ўсе шляхі пастаўкі кантрабандных тавараў (у тым ліку і паперы). Жыхары сектара Газа літаральна атрымліваюць ежу, грошы і інфармацыю ад ХАМАС.

І ХАМАС гэтым паспяхова карыстаецца, па-першае, з дзяцінства прывучаючы жыхароў рэгіёна ненавідзець Ізраіль і яўрэяў, а па-другое, пакідаючы для іх толькі адзін шлях да больш-менш добрага існавання — узброеную тэрарыстычную барацьбу супраць Ізраіля. Так, у сектары Газа ёсць забяспечаныя людзі, не занятыя тэрорам: у мясцовым конна-спартыўным клубе лічацца некалькі дзясяткаў членаў, што працуюць лекарамі, адвакатамі і інжынерамі, але іх нікчэмна мала ў параўнанні з сотнямі тысяч дрэнна адукаваных беднякоў, для якіх адкрыта толькі адна сацыяльная лесвіца — джыхад.

Вайна Суднага дня і яе наступствы

Апошні раз Ізраіль сутыкаўся з рэальнай пагрозай для свайго існавання роўна паўстагоддзя таму — падчас вайны Суднага дня ў кастрычніку 1973 года. Тады на яўрэйскую дзяржаву адначасова напалі арміі Сірыі і Егіпта, узмоцненыя іарданскімі і іракскімі часцямі, салдатамі і афіцэрамі з Марока і Саудаўскай Аравіі і нават ваеннымі спецыялістамі з Паўночнай Карэі і Кубы. На баку армій уварвання выступілі і палесцінскія групоўкі. Тая вайна доўжылася каля трох тыдняў і скончылася перамогай Ізраіля. Але ізраільскія палітыкі разумелі, што пагроза новых нападаў з боку варожых суседніх дзяржаў будзе толькі нарастаць.

З дапамогай амерыканскіх і еўрапейскіх партнёраў ізраільцяне пачалі перамовы аб нармалізацыі адносін з арабскімі суседзямі. Першае мірнае пагадненне было падпісана з Егіптам у 1978 годзе. У 1994 годзе мір заключылі і з Іарданіяй. Прыкладна тады ж ішлі перамовы аб нармалізацыі адносін з Сірыяй. Але тагачасны сірыйскі прэзідэнт Хафез Асад ад міру з Ізраілем адмовіўся. Верагодна, пад ціскам вельмі блізкага да яго Ірана. Аднак у любым выпадку, дзве з чатырох суседніх арабскіх дзяржаў прызналі права Ізраіля на існаванне і адмовіліся ад ідэі яго знішчэння. Яшчэ дзве — Ліван і Сірыя — засталіся ў фармальным стане вайны з яўрэйскай дзяржавай, але ўнутраныя крызісы, супярэчнасці і канфлікты ў гэтых краінах рабілі вельмі малаверагодным пераход фармальнай вайны ў рэальную.


Глядзіце таксама

Гэтая геапалітычная канфігурацыя — два суседы адмовіліся ад вайны, яшчэ два занадта занятыя сваімі ўнутранымі праблемамі — існавала дзесяцігоддзямі і фактычна гарантавала Ізраілю больш-менш спакойную абстаноўку на знешніх межах. Па сутнасці, галоўнай і адзінай рэальнай пагрозай для Ізраіля прыкладна з канца 1990-х стаў Іран і яго проксі-сілы — у першую чаргу, ХАМАС. ХАМАС шмат разоў атакаваў Ізраіль з дапамогай ракет, што запускаюцца з сектара Газа, або адпраўляў у ізраільскія гарады тэрарыстаў-смяротнікаў, атрымліваючы ў адказ агонь ізраільскіх самалётаў, танкаў і караблёў па аб'ектах у Газе. У нейкай ступені гэта стала руцінай: ізраільцяне ведалі, што ў любы момант, як толькі ХАМАС назапасіць дастатковую колькасць ракет, на іх гарады паляцяць сотні і тысячы рэактыўных снарадаў, частка якіх перахопіць сістэма СПА «Жалезны купал», але частка ўсё-ткі даляціць да жылых кварталаў і заб'е або параніць каго-небудзь з мясцовых жыхароў. Людзі проста змірыліся з гэтым як з непазбежным злом.

Як стала магчымым тое, што здарылася 7 кастрычніка

Ці маглі ізраільцяне, якія дзесяцігоддзямі жывуць у рэжыме «вось-вось паляцяць ракеты з Газы, перачакаем пагрозу ў бамбасховішчы», чакаць таго, што адбылося ў кастрычніку 2023 года? Ці маглі яны ўявіць, што справа можа не абмежавацца парай соцень ракет і некалькімі самазабойцамі, якія ўзарвалі сябе ў аўтобусах ці гандлёвых цэнтрах? Можа быць. Яны ведалі, што менавіта так і адбудзецца. Прыкладна паўгода таму вайсковая выведка Ізраіля паведаміла, што наступная атака ХАМАС абяцае быць куды больш маштабнай, чым усе папярэднія. Выведчыкі папярэджвалі, што справа ўжо не абмяжуецца пускамі ракет і самазабойцамі-адзіночкамі, якія здолелі выбрацца з Газы праз падземныя тунэлі. Што ракетная атака будзе куды больш масіраванай, чым раней, а пакуль ракеты будуць яшчэ ў паветры, ХАМАС нейтралізуе назіральныя пункты на мяжы з Газай, зломіць у некалькіх месцах сцяну, якая акаляе анклаў, і значнымі — у некалькі соцень, а то і некалькі тысяч чалавек — сіламі пачне аперацыю па захопе суседніх з рэгіёнам ізраільскіх паселішчаў. Гаварылася ў данясеннях выведкі і пра тое, што захоп паселішчаў будзе суправаджацца публічнымі расправамі над іх жыхарамі. Менавіта па гэтым сцэнары ўсё і пайшло.

Сапраўды, тое, што ХАМАС вось-вось пяройдзе да новых нападаў, было зразумела экспертам яшчэ некалькі месяцаў таму. Ізраіль пры пасрэдніцтве ЗША ў апошнія гады дамогся рэальнага прарыву ў адносінах з цэлым шэрагам арабскіх краін: яго права на існаванне прызналі Судан, Марока, Бахрэйн і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. На фінішнай прамой знаходзіліся і перамовы аб прызнанні яўрэйскай дзяржавы Саудаўскай Аравіяй. Саудытаў да міру з Ізраілем шмат у чым вымушаюць вельмі няпростыя адносіны з Іранам.


Глядзіце таксама

Цяпер менавіта кіруючы дом Саудаў, на тэрыторыі якога знаходзяцца галоўныя мусульманскія святыні Мекі і Медзіна, можа прэтэндаваць на званне галоўных уладароў ісламскага свету — тое самае званне, якое Іран збіраецца аспрэчыць (не выключана, што і з дапамогай ядзернай зброі, распрацоўкай якой Тэгеран, хутчэй за ўсё, даўно і небеспаспяхова заняты). Саудаўская Аравія вельмі хоча атрымаць гарантыі бяспекі на выпадак вайны з Іранам ад галоўнага свайго міжнароднага партнёра — ЗША. Штаты гэтыя гарантыі даць гатовы, але з шэрагам умоў. Галоўная з якіх — прызнанне Ізраіля. Для Ірана саудаўска-амерыканскі ваенны саюз, відавочна накіраваны супраць яго, — гэта адзін з найгоршых начных кашмараў. Бо ён будзе азначаць не толькі ўзмацненне галоўнага ў рэгіёне канкурэнта, але яшчэ і падштурхне мусульманскія краіны, арыентаваныя на Саудаўскую Аравію, да міру і супрацоўніцтва з Ізраілем.

Чым больш злавеснымі і праўдападобнымі станавіліся чуткі пра гатоўнасць Ірана стварыць уласную бомбу, тым больш згаворлівымі станавіліся саўдзіты. Да канца лета падпісанне міру паміж імі і ізраільцянамі ўжо здавалася справай вырашанай. І, мяркуючы па ўсім, вось тут Іран і яго проксі ХАМАС і прынялі рашэнне перайсці да актыўных дзеянняў. Дзеянняў, мэтай якіх з'яўляецца дэманстрацыя арабскаму свету гатоўнасці палесцінцаў да маштабных баявых крокаў і, што, верагодна, яшчэ больш важна, дэманстрацыя таму ж свету ахвяр і разбурэнняў у сектары Газа пасля гарантаваных удараў адплаты з боку Ізраіля. Усё гэта павінна трансліраваць просты і зразумелы лозунг: «Арабы не могуць заключаць мір з Ізраілем, які ваюе супраць братоў-палесцінцаў».

Але калі ізраільцяне ўсведамлялі, якая небяспека зыходзіць ад ХАМАС, калі выведка папярэджвала аб падрыхтоўцы беспрэцэдэнтнай атакі на яўрэйскую дзяржаву, калі міжнародная абстаноўка сведчыла, што гэтая атака адбудзецца бліжэйшым часам, то чаму ўлады Ізраіля нічога не зрабілі для таго, каб папярэдзіць такое развіццё падзей?

На гэтае пытанне ёсць просты адказ: «А што, калі выведка памылілася, што, калі ХАМАС ўсё яшчэ не здольны на складаныя дзёрзкія аперацыі? Ці варта пачынаць эвакуацыю тысяч людзей, заклікаць цэлыя брыгады рэзервістаў, марнаваць мільёны і мільярды долараў на папярэджанне пагрозы, якой можа і не быць? А што стане з урадам, які выдаткаваў усе гэтыя мільёны і мільярды, вырваў людзей з працы і з вучобы, каб апрануць іх у камуфляж і адправіць вартаваць сцяну вакол Газы? Як хутка пасыплюцца ў адрас гэтага ўрада папрокі ў панікёрстве і некампетэнтнасці? Як доўга пасля гэтага працягне і без таго не самы папулярны і ўстойлівы ўрад?»

Куды больш папулярныя ў выбаршчыка, чым цяперашні ізраільскі кабінет Нетаньяху, украінскія ўлады не сталі зімой 2022 года праводзіць масавую эвакуацыю жыхароў памежных рэгіёнаў і не абвясцілі маштабную мабілізацыю нават тады, калі амерыканскія ўлады адкрыта называлі напад Расіі немінучым і пазначылі прыблізныя даты ўварвання. І не рабілася гэта з той жа самай прычыны, з якой бяздзейнічаў ізраільскі ўрад, — з боязі выглядаць у вачах выбаршчыкаў дурнямі і панікёрамі ў выпадку, калі нічога не адбудзецца.