"Ісламская дзяржава" дазваляе адбіраць органы ў адступнікаў, нават калі яны памруць ад гэтага
Пра гэта гаворыцца ў дакуменце, які трапіў у рэдакцыю агенцтва Reuters і аформлены як фатва.
AFP
Экстрэмісцкая групоўка "Ісламская дзяржава" – ІДз дазваляе адабранне органаў у жывых захопленых няверных для выратавання жыцця мусульман, нават калі гэта прывядзе да смерці палоннага.
Пра гэта гаворыцца ў дакуменце, датаваным 31 студзеня 2015 года, які трапіў у рэдакцыю агенцтва Reuters.
Ён аформлены як фатва нумар 68 (рэлігійна-прававое ўстанаўленне на базе шарыяту), якая абвяшчае:
"Органы і само жыццё адступнікаў нявартыя павагі і могуць быць адабраны без шкадавання... Адабранне органаў, якое перапыняе жыццё палоннага, не забаронена".
Пры гэтым у тэксце няма ніякіх доказаў датычнасці ІДз да канфіскацыі і продажу чалавечых органаў. Не прыводзіцца і дакладнага вызначэння паняцця "адступнік".
Аднак вядома, што баевікі ІДз захопліваюць і забіваюць і хрысціян, і мусульман-шыітаў, а таксама сунітаў, якія не падзяляюць іх экстрэмісцкіх поглядаў.
Reuters не можа пацвердзіць сапраўднасць дакумента. Агенцтву вядома толькі, што ён быў сярод матэрыялаў, захопленых амерыканскімі спецслужбамі ў ходзе рэйду на ўсходзе Сірыі ў траўні гэтага года, адзначае "Радио Свобода".