Іранкі пратэстуюць супраць хіджабаў — упершыню за 40 гадоў
У Іране развіваецца рух адзіночных пратэстаў супраць хіджабаў. У панядзелак 29 студзеня адразу некалькі жанчын з непакрытымі галовамі узлезлі на трансфарматарныя будкі на вуліцах Тэгерана, размахваючы наматанымі на палку хусткамі накшталт сцяга. Гэта першае масавае выступленне супраць абавязковага нашэння хусткі з часоў рэвалюцыі 1979 года.
Першая такая акцыя адбылася яшчэ ў снежні — актывісткай, якая адважылася на такі крок, стала 31-гадовая Віда Мовахед, маці паўтарагадовай дзяўчынкі.
27 снежня жанчына ўзлезла з распушчанымі валасамі на будку на праспекце Энгелаба ў Тэгеране, размахваючы хусткай нібы сцягам. Яе фатаграфіі і відэа шырока разышліся ў сацыяльных сетках.
Паводле звестак праваабаронцаў, жанчына была затрыманая паліцыяй, вызваленая і зноў арыштаваная паўторна. Хэштэг з пытаннем «Дзе яна?» на пэрсідскай мове быў выкарыстаны ў «Твітэры» больш за 28 тысяч разоў. Як распавёў вядомы у Іране праваабаронца адвакат Насрын Сатоўдэх, маладую жанчыну вызвалілі толькі ў нядзелю 28 студзеня.
Адразу пасля гэтага, у панядзелак 29 студзеня акцыю Віды Мовахед паўтарылі, як мінімум, яшчэ тры жанчыны. Іх фатаграфіі з хэштэгам, які можна перавесці як «дзяўчыны з вуліцы Энгелаб» сталі адным з трэндаў у «Твітэры».
Як паведамляе Насрын Сатоўдэх, жанчына, што ўстала на тую ж самую будку, што і Мовахед, таксама была затрыманая паліцыяй. Неўзабаве пасля гэтага ў знак падтрымкі руху жыхары горада сталі пакідаць на будцы кветкі.
Абавязковае нашэнне хусткі ў публічных месцах прадпісваецца законамі Ірана — парушальніцы пагражае арышт.
Разам з тым жыхаркі краіны паслядоўна адстойваюць сваю свабоду з'яўляцца з непакрытай галавой, напрыклад, за рулём аўтамабіля, аргументуючы гэта тым, што салон машыны з'яўляецца прыватнай прасторай.
У 2014 годзе ураджэнка Ірана журналістка і актывістка Масіх Алінэжад (цяпер яна жыве на Захадзе) стварыла старонку ў «Фэйсбуку» «Мая прыхаваная свабода», дзе жыхаркі Ірана і іншых краін маглі публікаваць свае здымкі з непакрытай галавой. Цяпер у старонкі больш за мільён падпісчыкаў.
Паводле bbc.com