Інтэрнацыянал радыкальных будыстаў
Паўстае новая пагроза — будысцкі фундаменталізм. Гэта падаецца нонсэнсам, бо найбольш распаўсюджаным азначэннем паняцця «будызм» ёсць «самая міралюбівая і гарманічная рэлігія ў свеце».
Часткай дагматыкі будызму ёсць, напрыклад, славутая Ахімса — негвалтоўнасць і адсутнасць нянавісці — умова для перараджэння. Аднак адначасова некаторыя
прыхільнікі нірваны, медытацыі і вегетарыянскай ежы дапускаюць ужыванне гвалту і гвалтоўных метадаў, у тым ліку ў імя перамогі справы Сідхартхі Гаутамы (Буда нарадзіўся з гэтым імем).
Напрыклад, у гісторыі Тыбету яшчэ ў 841 годзе будысцкія манахі арганізавалі забойства мясцовага правадыра за тое, што ён, на іх думку, здрадзіў рэлігіі. Дарэчы, што тычыцца тыбецкага будызму, Далай Лама — духоўны лідар тыбетцаў, адзін з цяперашніх сімвалаў пацыфізму, прыкладна да канца 1980-х рабіў стаўку на партызанскую барацьбу за вызваленне Тыбету ад Пекіну. І ніхто з тагачасных прыхільнікаў будызму за гэта яго асабліва не крытыкаваў. З іншага боку, што тут дзіўнага — у гісторыі было шмат дзяржаў, дзе афіцыйнай рэлігіяй быў будызм. А элементам кожнага дзяржаўнага апарату, як вядома, ёсць арганізаваная сістэма прымусу і гвалту.
Так ці інакш, цэнтральным пунктам апраўдання права на забойства для некаторых прыхільнікаў будызму ёсць стан душы на момант смерці. Экстрэмісты спасылаюцца на байку, паводле якой нейкі жаўнер спытаў у Буды, ці перародзіцца, калі яго заб’юць падчас бою. Буда яму сказаў, што ўсё залежыць ад таго, наколькі душа жаўнера ў момант смерці была ахопленая думкай пра забойства. Такім чынам, на першае месца высоўваецца ідэя пра ментальны стан чалавека падчас смерці. Таксама будысцкая традыцыя дазваляе праводзіць абарончыя войны. Нарэшце, у 1970-я гады ў Тайландзе на нейкім зборы лідараў сярод прыхільнікаў будызму было вырашана, што забойства камуністаў не парушае прынцыпы веры. Былі і іншыя спробы падвесці спадчыну будызму пад гвалт.
На дадзены момант найбольш часта будысцкі экстрэмізм праяўляўся на Шры-Ланцы. Галоўнай групоўкай мясцовых будысцкіх радыкалаў ёсць Партыя будысцкай сілы (ВВВ). У 2012 годзе пры ВВВ узніклі атрады самаабароны. Толькі за першы год свайго існавання яны арганізавалі каля 250 атак на ісламскія і хрысціянскі ўстановы, а таксама левыя арганізацыі. Свае акцыі баевікі ВВВ таксама аргументуюць тым, што абараняюць старажытную будысцкую культуру вострава ад культурных інтэрвенцый звонку.
Іншы эпіцэнтр будысцкага радыкалізму знаходзіцца ў Тайландзе. На мусульманскім поўдні краіны даўно дзейнічае сепаратысцкі рух. Яшчэ ў 1970-я гады свае нефармальныя вайсковыя фармаванні для барацьбы з мусульманскім сепаратызмам стварылі і паслядоўнікі Буды. Калі верыць амерыканскай прэсе, часцей за ўсё цэнтрамі для іх вайсковай падрыхтоўкі становяцца будысцкія манастыры.
Аднак найбольш моцная хваля будысцкага экстрэмізму чакаецца ў бліжэйшыя часы ў Бірме (М’янма). Пару гадоў таму мясцовыя вайскоўцы пагадзіліся перадаць уладу цывільнай адміністрацыі. Ключавым этапам трансфармацыі дзяржаўнага ладу маюць быць парламенцкія выбары, якія прызначаныя на кастрычнік. Вядучыя партыі — праўладныя «Саюз салідарнасці» і «Партыя развіцця» і апазіцыйная «Нацыянальная ліга за дэмакратыю», якой кіруе лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру (1991) легендарная асоба — Аўн Сан Су Чжы.
Фаварытам выбараў лічылася яшчэ нядаўна менавіта «Нацыянальная ліга за дэмакратыю», аднак, падаецца, хунта знайшла спосаб застацца пры ўладзе. Фонам дэмакратызацыі і выбарчай кампаніі стаў не рост грамадзянскага сумлення, а эскалацыя нянавісці да нацыянальных меншасцяў. Падчас мусульманскіх пагромаў забіваюць сотні чалавек, тысячы становяцца бежанцамі. Human Rights Watch адзначае, што мясцовая адміністрацыя была адным з арганізатараў пагромаў. Дарэчы, Аўн Сан Су Чжы адмовілася каментаваць або асудзіць пагромы.
У такой атмасферы на небасхіле мясцовай палітыкі з’явілася новая зорка. Гэта Ашын Вірату (Ashin Wirathu) — будысцкі манах, лідар руху 969. Ашын, які нарадзіўся ў 1969 годзе і паспеў пабываць у турме за супраціў хунце, імкліва набірае папулярнасць. Старт росту яго папулярнасці даў праект дэпартацыі ўсіх мусульман з краіны, што справакавала хвалю пагромаў. Цяпер герой сюжэту патрабуе забараніць шлюбы паміж будыстамі і мусульманамі, а таксама забараніць мусульманам займаць адміністратыўныя пасады.
На першы погляд, лозунгі руху 969 падаюцца далёкай азіяцкай экзотыкай, аднак амерыканскі часопіс «Time» бачыць у гэтым адзнакі новай вялікай праблемы: «За мінулы год у
Бірме, дзе дзясяткі, калі не сотні чалавек (у большасці будысты), былі забіты ў камунальных сутыкненняў з мусульманамі. Бірманскія манахі былі заўважаныя як лідары хуліганскіх банд, якія, як шмат хто
падазрае, былі арганізаваныя квазі-грамадзянскім урадам краіны. У Шры-Ланцы, дзе пры ўладзе будысты-кансерватары, нацыяналістычныя групоўкі беспакарана рабуюць мусульман і хрысціян, заклікаючы
перасяліць усіх мусульман у рэзервацыю. Між тым, у глыбіні Тайланду манахі разам з тайскай арміяй змагаюцца з мусульманскімі паўстанцамі. Мы назіраем новую цесную сувязь дзяржавы і царквы, што
патэнцыйна робіць гэты рэгіён вельмі небяспечным».
Між тым, у верасні мінулага года ў Каломба (фактычная сталіца Шры-Ланкі) адбылася сумесная сустрэча лідараў руху 969 і мясцовай ВВВ. Удзельнікі сустрэчы вырашылі стварыць нешта накшталт
інтэрнацыяналу радыкальных будыстаў.