Германія. Як змагацца з эколагамі
Канцэрн Siemens, штаб якога знаходзіцца ў Мюнхене, прыдумаў арыгінальны спосаб змагацца з абаронцамі клімату з ініцыятывы Fridays for Futurе.
Вучні, якія складаюць касцяк Fridays for Futurе, актыўна атакуюць фірму за здабычу вугалю ў Аўстраліі. Менавіта праца мясцовых вугальных электрастанцый, як лічаць аднадумцы Грэты Тунберг, стала адным з фактараў рэкордных тэмператур на тым кантыненце, і, адпаведна, буйных пажараў. Эколагі нават прысвоілі Siemens тытул «забойца клімату».
Каб аслабіць крытыку, кіраўнік фірмы Джо Кесер пайшоў на незвычайны крок — прапанаваў 23-гадовай Луізе Нойбауэр — спікерцы руху Fridays for Futurе, — пасаду ў наглядальным савеце Siemens.
Пакуль Луіза думае, ці ўвайсці ў кіраўніцтва канцэрна, у грамадстве ідуць спрэчкі наконт ідэі Кесера. Некаторыя лічаць, што ён ганьбіць нямецкую індустрыю. Іншыя дапускаюць такую тактыку, каб «прыпыніць экалагічную істэрыку дзяцей».
Паводле нямецкай прэсы