Гара сапсавала рэйтынг прэм’ер-міністру Аўстраліі

Прэм’ер-міністр Аўстраліі і лідар мясцовых кансерватараў Скот Морысан, напэўна, першы палітык у гісторыі, рэйтынг якога можа падарваць пагорак, хоць і незвычайны.

111812994_20140406_185734.jpg

Гаворка пра пагорак Урулу — масіўную скалу ў цэнтральнай Аўстраліі, самы вялікі ў свеце маналіт чырвонага пясчаніку. Не дзіўна, што ён заўжды быў аб’ектам культу абарыгенаў з мясцовага племені Анангу. Праўда, забабоны іх веры аўстралійскі ўрад доўгі час ігнараваў, зрабіўшы прыкладна ў 1950-х з Урулу атракцыён для турыстаў. 

Толькі ў 1985-м пагорак стаў фармальна належаць тубыльцам, якіх адразу прымусілі аддаць яго ў арэнду на 99 гадоў. Аднак у 2019-м бакі вырашылі перагледзець дамову праз тое, што турысты зневажаюць рэлігійныя пачуцці абарыгенаў. У выніку Урулу вырашылі назаўжды закрыць для турыстычных візітаў.

Сама цырымонія закрыцця Урулу для турыстаў стала для абарыгенаў вялікім святам. Факт таго, што экс-каланізатары пагадзіліся на патрабаванні карэнных аўстралійцаў, трактаваўся як новая старонка гісторыі краіны. Між тым, прэм’ер вырашыў аддаць перавагу не цырымоніі, а прагляду нейкага спартовага матчу, што і выклікала скандал.

Абарыгены і апазіцыя называюць паводзіны Морысана праявай некампетэнтнасці. Сам Морысан звяртае ўвагу, што лідары левай апазіцыі таксама праігнаравалі імпрэзу. Застаецца пытанне, як абарыгены будуць кампенсаваць страты. Раней 20 працэнтаў з кожнага квітка для ўздыму на Урулу ішло ў бюджэт парку, які належыць племені. Лідары абарыгенаў абяцаюць прыдумаць новыя атракцыёны, якія могуць прыцягнуць публіку.