Гаіці: было дрэнна, стала яшчэ горш

Гаіці — краіна, якая толькі-толькі адыходзіць ад наступстваў адной з самых буйных катастроф у гісторыі чалавецтва. Землятрус 11 студзеня гэтага года знёс жыцці каля 250 тысяч чалавек. Праўда, як сведчыць рэпартаж, і без землятрусу на Гаіці праблем хапала.

За дзіркай у плоце



211c1e0b83b9c69fa9c4bdede203c1e3.JPG

Гаіці — краіна, якая толькі-толькі адыходзіць ад наступстваў адной з самых буйных катастроф у гісторыі чалавецтва. Землятрус 11 студзеня гэтага года знёс жыцці каля 250 тысяч чалавек. Праўда, як сведчыць рэпартаж, і без землятрусу на Гаіці праблем хапала.
За дзіркай у плоце
Як ні парадаксальна, далёкая і знешне не падобная да Беларусі краіна гістарычна не такая ўжо і чужая беларусам. Пэўным чынам мы таксама прыклалі руку да стварэння першай у свеце дзяржавы былых рабоў, якой стала Гаіці ў 1805 годзе. Каб падавіць паўстанне ў пачатку ХІХ стагоддзя, Напалеон даслаў у былую французскую калонію корпус, які быў галоўным чынам сфармаваны з рэкрутаў Рэчы Паспалітай. Землякам не пашанцавала: чорных інсургентаў яны разагналі, аднак хутка амаль усе памерлі ад жоўтай ліхаманкі (з 50 тысяч салдат экспедыцыйнага корпусу выжылі толькі 1400).
Страх перад гаіцянскімі хваробамі захаваўся ў іншаземцаў дасюль. У сталіцы Дамініканскай рэспублікі Санта-Дамінга, адкуль мы стартавалі ў падарожжа па Гаіці, інструктавалі — мыць або апрацоўваць рукі пасля кожнага кантакту з гаіцянамі. Для гэтага на мяжы прадаюцца спецыяльныя баначкі мазі.
Праз пяць гадзін мы аказаліся на мяжы. Я адразу згадаў папулярную ў часы СССР кніжку «Там за ракой Аргенціна» славутых чэхаславацкіх журналістаў братоў Мінг, якія аб’ездзілі ўвесь свет. Калі б браты былі не вельмі педантычныя да падбору назваў сваіх твораў, зборнік гаіцянскіх рэпартажаў маглі назваць «Там за дзіркай — Гаіці». Маю на ўвазе дзірку ў металічным плоце, па адзін бок якога Дамініканская рэспубліка, па другі — Гаіці.
Мы тут жа сталі сведкамі забаўнай сцэны: праз згаданую дзірку два чарнаскурых бугаі мэтанакіравана прапіхвалі нейкі цюк з кантрабандай. З боку Дамініканы за працэсам спакойна назіраў памежнік у камуфляжы (было зразумела, што ён з уладальнікамі цюку ў долі). З гаіцянскага боку ніякіх памежнікаў увогуле не было. Таксама, як, дарэчы, мытні і пашпартнага кантролю. Усе, хто жадаў, пралазіў пра дзірку (праўда, для гэтага трэба было дамовіцца з памежнікам). Або, калі хто меў аўто ці матацыкл, ехаў праз вароты. Прычым самае цікавае, што як гаіцянам, так і дамініканцам для візіту ў суседнюю краіну патрэбны візы.
За дзіркай у плоце пачалася экзатычная і легендарная Гаіці. Экзатычная таму, што тут жывуць выключна чарнаскурыя. У адной з першых гаіцянскіх канстытуцый нават было прапісана, што грамадзянінам Гаіці можа быць выключна чалавек з чорнай скурай. Усіх белых тут выразалі як палітычна ненадзейных у час барацьбы за незалежнасць, прычым за адну ноч.

palac4.jpg


Быць белым
Быць белым, а тым больш з Беларусі, у краіне кшталту Гаіці — складаная справа. Белую расу тут прадстаўляюць выключна багатыя амерыканцы. Адпаведна, для гаіцян усе іншаземцы — амерыканцы, усе багатыя і могуць нешта падараваць. З іншага боку, знаходжанне ў такім асяроддзі садзейнічае росту еўрапейскай ідэнтыфікацыі кожнага беларуса. Цяжка растлумачыць, што ты з нейкай Беларусі, якая, у сваю чаргу, ёсць былой рэспублікай СССР. Даводзіцца ўвесь час казаць, што ты з Еўропы. Гэта мясцовым больш-менш зразумела.
Легендарная Гаіці таму, што, як было сказана вышэй, яна была першай у свеце краінай, дзе былыя рабы здабылі ўладу. З’яўленне Гаіці на мапе свету ў свой час нарабіла не менш шуму, чым Савецкай Расіі ў 1917 годзе. Тагачасныя заходнія дзяржавы, якія гандлявалі рабамі, былі ў шоку. Яны баяліся, што навіна пра існаванне Гаіці справакуе іхніх нявольнікаў таксама падацца ў рэвалюцыю.
Вынікі таго гаіцянскага чорнага сацыяльнага эксперыменту, праўда, аказаліся вельмі супярэчлівыя. Яшчэ напярэдадні грамадзянскай вайны ў ЗША была створана спецыяльная дабрачынная арганізацыя, якая збіралася выкупаць усіх рабоў у Штатах і адпраўляць іх жыць на вольную Гаіці. Усе прадстаўнікі першай партыі свабодных перасяленцаў папрасіліся назад, шакаваныя памерамі гаіцянскай галечы.
Сёння Гаіці (калісьці самая квітнеючая калонія ў свеце, якая пасля атрымання незалежнасці фінансавала ўвесь антыкаланіяльны рух у Лацінскай Амерыцы) — рэкардсмен па памерах беднасці ў заходняй частцы планеты.
У мясцовай прэсе можна пабачыць цікавыя дэбаты. Некаторыя аўтары ўвогуле прапануюць адмовіцца ад ідэі гаіцянскай дзяржаўнасці і ўсім вярнуцца ў Афрыку, а дакладней, у Сенегал, адкуль галоўным чынам везлі сюды рабоў. Быццам землятрус — гэта быў знак зверху.


Па той бок плоту
Мы мінулі плот з дзіркай і аказаліся па той бок мяжы. Пачаўся тыповы гаіцянскі пейзаж — з двух бакоў дабітай дарогі бясконцыя шэрагі маленькіх глінабітных дамоў. На тратуарах — перманентны базар. На праезджай частцы — аўтамабільны хаос. Сярод аўтапарку найбольшую цікавасць уяўляюць маршруткі — пераробленыя грузавікі, пафарбаваныя ў яркія колеры. На іх таксама пішуцца розныя лозунгі ў славу Хрыста. Такая заўзятая вера ў Хрыста вельмі незразумелая з улікам папулярнасці культу вуду. У вуду вераць амаль усе. На мясцовым базары я пабачыў куток, дзе прадаюць пеўняў, якія павінны стаць ахвярамі падчас рытуалу вуду.
Не можа не выклікаць цікавасць і своеасаблівая рэклама — як правіла, гэта графіці на платах. Заінтрыгавала рэклама салону тату — як можна на целе чарнаскурага зрабіць татуіроўку?
Пачатак больш шчыльнай забудовы азначае, што мы дасягнулі сталіцы — Порт-о-Прэнс. Не вельмі разумеючы лакальныя фішкі, турыст адразу думае, што вакол наступствы землятрусу — напалову разбураныя дамы, праламаныя платы, шмат смецця.
Але аказваецца, што мы трапілі ў будэнвілі — так называюць бедныя прыгарады, дзе дамы замяняюць нейкія скрынкі. Машыны намагаюцца праскочыць гэтыя раёны як мага хутчэй. Тым больш, што ў выніку землятрусу шмат турмаў у краіне былі разбураныя. Вязні разбегліся і леглі на дно менавіта тут, дзе іх цяжка дастаць паліцыі.
Зараз у Гаіці назіраецца актывізацыя арганізаванага крыміналу. Часам газеты (дарэчы, яны выходзяць рэгулярна) пішуць пра напады бандытаў на канвоі з гуманітарнай дапамогай, напрыклад, на цыстэрны з вадой. Вада тут на вагу золата. Хаця, калі меркаваць па той жа прэсе, галоўным чынам крымінал займаецца тым, што дзеліць тэрыторыю: разбіраецца паміж сабой.


Сталіца дзяржавы рабоў
Каб пабачыць арэал, які непасрэдна пацярпеў ад землятрусу, трэба ехаць бліжэй да цэнтру сталіцы, якому дасталася больш за ўсё. Сам горад ляжыць на ўзбярэжжы Карыбскага мора на схіле гор. Багатыя кварталы знаходзяцца каля мора, а бедныя вышэй. Дарога ў цэнтр — горны серпанцін. Спускаючыся ў машыне па крутых схілах, атрымліваеш дозу адрэналіну: ніякіх дарожных знакаў тут не існуе. З-за кожнага павароту насустрач раптам можа выскачыць машына.
Наступствы землятрусу праяўляюцца галоўным чынам у вялікіх кучах будаўнічага смецця і друзу, разбураных дамах, у прыціснутымі глыбамі машынах. Напачатку былі яшчэ і трупы, аднак цяпер іх прыбралі. Спрабую ўдакладніць адзін цікавы момант: як пісала заходняя прэса, каб звярнуць увагу на сябе з боку міжнароднай грамадскасці, гаіцяне пачалі блакіравацца трупамі. Цяжка сабе ўявіць барыкады з нябожчыкаў. Гаіцяне кажуць, што гэта лухта. У першыя дні цяжка было знаходзіцца ў горадзе з-за трупнага паху. Усе беглі як мага далей ад гэтага месца. Увогуле, гаіцяне, калі гэта не моладзь, не вельмі любяць узгадваць пра той дзень. Шмат хто згубіў тады родзічаў, дамы. У выніку землятрусу шэраг банкаў абвясцілі сябе банкрутамі. Людзі згубілі ўсё, што назбіралі за шмат гадоў. Дарэчы, мясцовыя жрацы вуду нават забаранілі выкарыстоўваць слова «землятрус». Яны называюць тое, што адбылося 11 студзеня 2010 года, «падзея».
Наступствы падзеі
У адным з лагераў я сустрэўся з немаладой кабетай. Да 11 студзеня яна 15 гадоў прапрацавала ў нейкім бюро і жыла са сваімі 4 дзецьмі ў аднапакаёвай каморцы без вады і электрычнасці. Цяпер месціцца ў палатцы, аднак на працу можна не хадзіць і жыць за кошт гуманітарнай дапамогі. Здавалася, на Гаіці і так усё было настолькі дрэнна, што горш ужо быць не магло, аднак стала. І гэта больш за ўсё ўражвае.
Не можа не здзівіць адзін архітэктурны феномен: побач з грудай, па якой лазяць марадзёры (усё, што асталася ад будынка), можа стаяць абсалютна цэлы асабняк. Мясцовыя тлумачаць гэта асаблівасцямі тэхналогіі будаўніцтва. Гаіцянскія будаўнікі, як правіла, выкарыстоўвалі для кладкі бетон, куды дадавалі марскую ваду. Канструкцыі ў выніку атрымліваюцца вельмі слабыя. Сапраўды, у цэнтры землятрус спакойна перажылі ўсе амбасады і прадстаўніцтвы міжнародных арганізацый, пабудаваных замежнымі фірмамі. Цяпер усе мясцовыя палітычныя партыі дружна патрабуюць прыняцця новага закона пра стандарты будаўніцтва.


Сацыяльная утопія
Цэнтр гаіцянскай сталіцы — своеасаблівая ілюстрацыя магчымасці анархічнай сацыяльнай утопіі. Усе будынкі міністэрстваў, уключаючы прэзідэнцкі палац, разбураныя. Відавочна, што ніякага адміністратыўнага кіравання ў краіне няма, або яно вельмі абмежаванае, перш за ўсё з-за дэфіцыту кадраў і адсутнасці неабходнай камунікацыі паміж ведамствамі. Між тым, жыццё працягваецца. Працуюць банкі, базары, абменнікі, сеткі рэстаранаў хуткага харчавання, нават праводзяцца тыражы нейкага мясцовага лато. На вуліцах, прынамсі ўдзень, не адчуваеш пагрозы.
Усё вяртаецца на свае кругі. Пытаюся ў свайго гіда: якія планы на будучае? Гід — дзяўчынка гадоў 16-ці. Кажа, што планы старыя, чакае, калі зноў пачнуцца заняткі ў яе гімназіі (дарэчы, падчас катастрофы там загінула каля 60 яе аднакурсніц). Пасля заканчэння будзе намагацца збегчы ў ЗША. Прыкладна 80 працэнтаў выпускнікоў мясцовых ВНУ і гімназій куды-небудзь эмігруюць.
Адносны вакуум улады ставіць цікавае пытанне — якія наступствы будзе мець землятрус для мясцовага палітычнага працэсу? Каб адказаць на яго, трэба згадаць наступствы дыктатуры бацькі і сына Дзювалье і малавядомы ў нас факт. У 2004 годзе ў Гаіці мела месца сапраўдная аранжавая рэвалюцыя.