Дасье ў карыкатурах: Справа Ассанжа

У Лондане 11 красавіка быў арыштаваны Джуліян Ассанж — кіраўнік легендарнага праекта WikiLeaks (англ. Wiki&leak — «уцечка») — міжнароднага сеткавага праекта для ананімных публікацый інфармацыйных ўцечак.

1_191.jpeg

Сайт WikiLeaks, які працуе з 2006-га, быў заснаваны міжнароднай групай незалежных актывістаў, якія публікавалі выкрадзеныя хакерамі дакументы. Як правіла, яны распавядалі аб ваенных злачынствах, карупцыі, цэнзуры і закулісных здзелках палітычных элітаў. Больш за ўсіх даставалася Штатам. Напрыклад, сярод матэрыялаў быў шакавальны відэазапіс расстрэлу бяззбройных падлеткаў і журналістаў амерыканскімі войскамі ў Іраку. Як вынік, дасюль хапае тых, хто лічыць Ассанжа звязаным з расійскімі спецслужбамі. Напрыклад, аўстрыйскі карыкатурыст Мар'ян Камінскі апублікаваў у свой час малюнак, на якім Пуцін, Ассанж і Трамп дзеляць ложак.

2__13_.jpg

Неўзабаве паляванне за Ассанжам стала прыярытэтам для Вашынгтона. Лічыцца, што па замове амерыканцаў дзве шведкі абвінавацілі яго ў згвалтаванні. Ассанжа, які ў той час знаходзіўся ў Лондане, ад арышту і экстрадыцыі выратаваў эквадорскі левы ўрад Рафаэля Карэа. Карэа загадаў пасольству схаваць хакера. Паводле папулярнай версіі, Карэа пайшоў на такі крок, каб адпомсціць ЗША. Справа ў тым, што назва гэтай лацінаамерыканскай краіны асацыявалася ў амерыканцаў выключна з сумна вядомым тэрмінам «бананавая рэспубліка». На той час нават быў папулярны жарт пра тое, што менавіта Ассанж стане пераемнікам Карэа. 

3__9__3.jpg

Праз час у Эквадоры прыйшоў да ўлады новы прэзідэнт з рэвалюцыйным імем Ленін. Ленін хутка адмовіўся ад курсу свайго папярэдніка, каб наладзіць добрыя адносіны з Вашынгтонам. На мінулым тыдні ён загадаў дазволіць арышт Ассанжа. Ледзь не адразу Міжнародны валютны фонд пагадзіўся даць Эквадору крэдыт на 4 млрд. долараў. Здраду Леніна праілюстравала нямецкая газета Neue Deutschland

4__8__3.jpg

Можна не сумнявацца — арышт Джуліяна Ассанжа і магчымая экстрадыцыя ў Штаты выклікае велізарны пратэстны рэзананс. Праваабаронцы, журналісты і блогеры розных краін ужо выказваюць абурэнне дзеяннямі афіцыйнага Лондана, а хакеры абяцаюць хвалю кампрамату. Тым больш, што ў ЗША чалавека, які апублікаваў дакументы аб ваенных злачынствах і якога вылучалі на Нобеля, магчыма, чакае смяротнае пакаранне.

5_2__2__logo.jpg

На першы погляд апісаныя падзеі далёкія ад Сінявокай. Аднак на самай справе афіцыйны Мінск можа зрабіць на гэтым някепскі гешэфт, прадаўшы Амерыцы пару ноў-хаў. Што-што, а рэагаваць на кампрамат беларускія ўлады навучыліся, што адлюстравана ў карыкатуры ад «Новага Часу».