Дасье ў карыкатурах: Спартсмен, патрыёт, аграрый, вірусолаг і проста гарант!
Улады Рэспублікі Бурундзі 9 чэрвеня паведамілі пра раптоўную смерць прэзідэнта краіны 55-гадовага П'ера Нкурунзізы. Толькі цяпер стала зразумела, якога арыгінала страціў свет!
Тое, што нябожчык быў вельмі эпатажным палітыкам, верагодна, тлумачыцца ў тым ліку спецыфікай рэгіянальнай палітычнай культуры. Недалёка ад Бурундзі знаходзіцца тая ж Уганда, якой калісьці кіраваў славуты дыктатар Ідзі Амін, поўны тытул якога ўключаў такія звання як: «Уладар усіх звяроў на зямлі і рыб у моры» і «Заваёўнік Брытанскай Імперыі». Амін нават умудрыўся ў 1975-м абвясціць вайну Злучаным Штатам Амерыкі. Праўда, толькі для таго, каб на наступны дзень аб’явіць пра яе заканчэнне і, натуральна, назваць сябе пераможцам. Таксама папулярны міф пра тое, што Амін любіў паласавацца мясам апазіцыянераў, што знайшло адлюстраванне ў тагачасных карыкатурах.
Што тычыцца П'ера Нкурунзізы, то першай прафесіяй палітыка было выкладанне фізкультуры. Аднак з-за грамадзянскай вайны свісток і секундамер прыйшлося прамяняць на аўтамат, а спартовае трыко — на камуфляж. З часам маладому фізруку ўдалося прайсці шлях да самага ўплывовага ў краіне палявога камандзіра. Пасля падпісання ў 2005-м мірных пагадненняў гэтая пасада практычна забяспечыла яму крэсла прэзідэнта.
Зрэшты, стаўшы лідарам краіны, П’ер з задавальненнем фарсіў на публіцы ў сваёй любімай спартыўнай вопратцы. Спорт і здаровы лад жыцця пры Нкурунзізе сталі нацыянальная ідэяй. У краіне быў нават заснаваны спецыяльны спартыўны дзень тыдня — чацвер — калі ўсе жыхары, ну, ці зменшага ўсе чыноўнікі і бюджэтнікі былі абавязаныя пасля абеду выходзіць на размінку і прабежку. Не дзіўна, што карыкатурысты любілі адлюстроўваць гаранта як спартсмена. Напрыклад, на малюнку выдання Cartoon Movement ён спартовым прыёмам выціскае праціўнікаў за мяжу.
Трэба сказаць, што першыя два тэрміны кіравання Нкурунзізы прайшлі на мажорнай ноце, хаця другі раз ён стаў прэзідэнтам, набраўшы на выбарах 91 працэнт галасоў. На Захадзе рэжым у Бурундзі лічылі свайго роду emerging democracy і не адмаўлялі ў падтрымцы. Адносіны сталі мяняцца пасля 2015 года. Тады П'ер Нкурунзіза насуперак канстытуцыйным абмежаванням вырашыў застацца на трэці прэзідэнцкі тэрмін. Легальная падстава была знойдзена даволі хутка і лёгка: успомнілі, што ў першы раз палітыка выбіралі не ўсеагульным галасаваннем а на пасяджэнні парламента. Членам прэзідыума Канстытуцыйнага суда, якія сцвярджалі, што дзейны кіраўнік дзяржавы вычарпаў ліміт на ўдзел у выбарах, давялося растлумачыць, як варта разумець Канстытуцыю. На думку мастака выдання World Press, П'ер на той час захапіўся прыкладам Роберта Мугабэ — прэзідэнта суседняй Зімбабвэ, які кіраваў краінай з 1980-га.
Пасля 2015 года краіна балансавала на мяжы грамадзянскай вайны. Між тым сам гарант узяўся за рэалізацыю даволі экстравагантных мер. Так, было абвешчана аб пераносе сталіцы ў горад, дзе калісьці размяшчалася стаўка мясцовага караля. Тут лідар захапіўся развядзеннем гародніны. У выніку справы дзяржаўнай важнасці нярэдка абмяркоўваліся за сумесным ускопваннем градак з міністрамі і дыпламатамі. У дыпламатычных колах Нкурунзіза нават нібыта атрымаў неафіцыйную мянушку «прэзідэнт-авакада».
Але статус прэзідэнта быў для яго ўжо пройдзеным этапам. У 2018 годзе Нкурунзіза змяніў Канстытуцыю, павялічыўшы працягласць прэзідэнцкага тэрміну да сямі гадоў і фактычна забяспечыўшы сабе магчымасць балатавацца колькі заўгодна. Прэса рэагавала на рэформу карыкатурамі, якія адлюстроўвалі былога фізрука ў выглядзе новага манарха.
У пачатку году гарант нечакана заявіў аб жаданні перадаць уладу іншаму. Магчыма гэта быў трук, паколькі сам ён планаваў замацаваць за сабой тытул «вярхоўнага правадыра патрыятызму» і кансультаваць новую адміністрацыю на прадмет таго, што патрыятычна, а што не. Аперацыя «пераемнік» у любым выпадку ішла па плане. Нават пандэмія каронавірусу не аказалася перашкодай.
Але тут П'ера падвяло жаданне стаць карыфеем у сферы вірусалогіі. Раней ён не палічыў патрэбным уводзіць сур'ёзныя абмежаванні, каб абараніць краіну ад віруса. Прэзідэнт заявіў, што «народ Бурундзі захоўвае Бог». Масавыя мерапрыемствы ў краіне не былі адменены, і гэта мела наступствы. Спачатку захварэла першая лэдзі, а пасля дрэнна сябе адчуў сам «правадыр». Нкурунзіза «згарэў» літаральна за пару дзён, хаця афіцыйна прычынай смерці лічыцца сардэчны прыступ. Мяркуючы па ўсім, многія нават не паверылі, што гарант пайшоў з жыцця так проста. Персанаж малюнка Mail and Guardian кажа, што паверыў у смерць Нкурунзізы, паколькі той больш не займае прэзідэнцкі офіс.