Дасье ў карыкатурах: Рэпера ў прэзідэнты!

Усё змяшалася ў амерыканскай палітыцы пасля таго як 5 ліпеня рэпер афраамерыканскага паходжання Канье Уэст заявіў пра намер пазмагацца за пасаду прэзідэнта на цяперашніх выбарах.

zastavka_19.jpg


Хоць Канье Уэст, безумоўна, адзін з найвялікшых артыстаў 21 стагоддзя (сумарны аб'ём продажаў яго альбомаў і сінглаў перавысіў 121 мільён асобнікаў), заява музыканта аб намінацыі на пасаду прэзідэнта вонкава падобна на эпатаж ці рэкламны трук. Уэст — чалавек вельмі далёкі ад палітыкі і таксама вельмі скандальны. Аднак ёсць важнае «але». Гэты аспект раскрывае карыкатура выдання Tusla World. На малюнку муж смяецца з навіны пра кандыдата-рэпера. Жонка ў сваю чаргу нагадвае, што ў 2016-м шмат хто спачатку таксама несур'ёзна ставіўся да прэзідэнцкіх амбіцый Дональда Трампа.

1_313.png


Сапраўды, у Уэста ёсць моцныя козыры. Маладое пакалення амерыканцаў не цікавяць два састарэлых кандідата (Трампу і Байдэну, нагадаем, за 70 гадоў). У сваю чаргу Уэст шалёна папулярны (толькі ў твітары ў яго 29,6 млн падпісчыкаў). Ёсць у яго і падтрымка публічных фігур. Зразумела, што першай яму аказала падтрымку жонка Кім Кардаш'ян, якая таксама карыстаецца шалёнай папулярнасцю. Але вось другое імя прымушае задумацца. Твіт са словамі «Ты можаш разлічваць на маю поўную падтрымку» апублікаваў Ілон Маск. Такая рэакцыя натхніла фанатаў Уэста. У сеціве маментальна з'явіліся выявы музыканта ў ролі будучага прэзідэнта.

2_290.png


Што тычыцца сур'ёзных аналітыкаў, то яны ў шоку. У сітуацыі, калі амерыканскае грамадства цалкам разбалансаванае пандэміяй, эканамічнымі праблемамі з прычыны каранціну і антырасісцкіх пратэстаў, удзел рэпера ў выбарах прэзідэнта падаецца пераходам на новы ўзровень хаосу. Сярод тых, хто падзяляе гэтую пазіцыю, мастак выдання Counterpost. Ён адлюстраваў Уэста ў кампаніі ката, які катуе Дзядзьку Сэма (сімвал ЗША).

3_269.png


Найбольшую пагрозу кампанія музыкі ўяўляе для кандыдата дэмакратаў Джо Байдэна, які арыентуецца на моладзь і чарнаскурых  выбаршчыкаў. Не дзіўна, што ў штабе дэмакратаў некаторыя западозрылі рэспубліканцаў у спробе з дапамогай Уэста пагоршыць пазіцыі дэмакратаў хоць бы ў некалькіх штатах. Тым больш, што Трамп асабіста вітаў паход рэпера ў вялікую палітыку. У тым ліку з дапамогай карыкатур дэмакраты спрабуюць даказаць афраамерыканcкаму электарату тое, што кампанію Уэста замовілі рэспубліканцы, сярод якіх хапае расістаў. На адной з карыкатур Уэста, які вырашыў падацца ў прэзідэнты, бласлаўляе актывіст Ку-Клус-Клана. Малюнак з рэсурсу Cagle Post.

4_259.png

Так ці інакш, рэпер пачаў кампанію. Праўда, у шасці амерыканскіх штатах тэрміны для рэгістрацыі кандыдатаў ужо прайшлі. Яшчэ ў шасці штатах гэта адбудзецца вось-вось. У выніку застануцца 38 штатаў, дзе Уэст зможа сабраць подпісы. Але ў прынцыпе гэта ўсё роўна даволі шмат, каб, як мінімум, нарабіць шуму. Нават калі музыка прайграе, яго кампанія, як лічаць эксперты, будзе мець наступствы. Яны мяркуюць, што дзякуючы Уэсту ўжо да 2024 года ў ЗША з'явяцца «незалежныя кандыдаты», здольныя разбурыць усеўладдзе «аслоў» і «сланоў» (сімвалы партый дэмакратаў і рэспубліканцаў). Двухпартыйная сістэма даўно, на думку значнай часткі насельніцтва ЗША, знаходзіцца ў крызісе, што адлюстроўваецца таксама ў карыкатурах — малюнак з рэсурсу Roundup.

5_243.jpg

Таксама варта дадаць, што Канье Уэст — даўно з’яўляецца персанажам славутага сатырычнага мультсерыялу «Паўднёвы парк». Няма сумневаў, што хутка мы пабачым выпуск пра выбарчую кампанію рэпера.