Дасье ў карыкатурах. «Куплю Грэнландыю. Можна б.у»
На мінулым тыдні стала вядома, што ў адміністрацыі Трампа абмяркоўвалі магчымасць уключэння Грэнландыі ў склад ЗША. Пазней Трамп пацвердзіў інтарэс Вашынгтона да куплі Грэнландыі. Нягледзячы на экстравагантны прысмак, тэма трапіла ў топ сусветнай палітычнай дыскусіі.
Трэба адразу падкрэсліць стратэгічную важнасць самай вялікай выспы на свеце, паколькі Расія адпраўляе свае субмарыны ў Арктыку, а Кітай марыць пра «палярны шаўковы шлях» пасля раставання палярных льдоў. Тым не менш прапанова Трампа падалася настолькі недарэчнай для 21-га стагоддзя, што некаторыя нават задумаліся пра ментальнае здароўе амерыканскага гаранта. «Я б сказаў так: думка пра тое, што Данія можа прадаць 50 тыс. сваіх грамадзян Злучаным Штатам, абсалютна вар'яцкая», — заявіў, напрыклад, прадстаўнік Дацкай Народнай Партыі. У сваю чаргу мастак амерыканскага выдання The Buffalo News выявіў Грэнландыю, якая не прадаецца, і галаву прэзідэнта ЗША, якая пустая і таму прыдатная для арэнды.
Абарыгены Грэнландыі яны палічылі заяву Дональда Трампа аб куплі выспы «абразлівай». Іх пакрыўдзіла таксама тое, што Трамп звярнуўся адразу ў Капенгаген, а не да адміністрацыі Грэнландыі, якая мае аўтаномію ў складзе Даніі. У сувязі з гэтым харвацкі мастак Нікола Лістэс нават іранічна прапанаваў грэнландцам падаць на Трампа ў вышук. На малюнку гэтую місію выконвае палярны мядзведзь-шэріф.
Што тычыцца Даніі, то там Трампа, што называецца, паслалі. «Грэнландыя не прадаецца. І я цалкам гэта падтрымліваю», — заявіла прэм'ер-міністр Даніі. У Вашынгтоне гэта трактавалі як нейкі бунт. Прэзідэнт ЗША адмовіўся ад візіту ў Капенгаген і абвінаваціў «багатую» Данію ў недастатковым фінансаванні ваенных выдаткаў на ўтрыманне НАТО, запатрабаваўшы ад Капенгагена плаціць больш за «прадстаўленую неверагодную ваенную абарону». Такія гістэрычныя заявы з Белага дома дацкая газета Politiken графічна параўнала з непрыстойным жэстам.
Між тым, падыходы Трампа выклікалі іранічныя спекуляцыі наконт таго, што ЗША могуць замест Грэнландыі купіць іншую тэрыторыю. У прыватнасці, фламандскія нацыяналісты прапанавалі Вашынгтону купіць за адно еўра бельгійскі рэгіён Валонія, які выжывае дзякуючы падтрымцы Фляндрыі. Аднак найбольш верагоднай купляй лічаць Вялікабрытанію, дзе праз Brexit эканамічная сітуацыя непрадказальная. На малюнку бельгійскай газеты De Volkskrant Барыс Джонсан тэлефануе Трампу з прапановай аб продажы Альбіёна, называючы гэта сваім сакрэтным планам.
Смех смехам, аднак канфлікт з Вашынгтонам можа прымусіць Данію быць больш лаяльнай у дачыненні да праекту Паўночны паток. Акрамя таго, як ні парадаксальна, у лагеры рэспубліканцаў ідэя пакупкі Грэнландыі выклікала сапраўдны фурор. Аж да таго, што выбарчы камітэт партыі ўжо друкуе футболкі з малюнкам, на якім Грэнландыя з'яўляецца часткай ЗША. Не выключаюць, што гэта будзе спрыяць мабілізацыі правага электарату на выбарах 2020-га.
Як бачым, гісторыя з пакупкай Грэнландыі мае шмат аспектаў, і хто атрымае на ёй больш дывідэндаў пакуль казаць цяжка.