Дасье ў карыкатурах: Аўстралія ў агні
100 гадоў. Менавіта столькі часу спатрэбіцца для аднаўлення пасля маштабных прыродных пажараў, якія працягваюцца ў Аўстраліі з верасня мінулага года. Лічыцца, што гэтыя пажары сталі самымі разбуральнымі за ўсю гісторыю назіранняў за прыроднымі з'явамі і адаб'юцца на кожным з нас.
Непасрэднай прычынай катастрофы стала засуха — адна з самых моцных за апошнія дзесяцігоддзі. Як след усталявалася вельмі спякотнае надвор'е: у цэлым шэрагу месцаў тэмпература перавышала 40 градусаў Цэльсія. Хапіла некалькі маланак, каб пачаўся сапраўдны апакаліпсіс. Па стане на 5 студзеня згарэла больш за 6,3 млн га лесу. Ужо ў лістападзе смог дабраўся да найбуйнейшых гарадоў краіны, у тым ліку Сіднэя і Адэлаіды, дзе жыхары вымушаны насіць рэспіратары. Каб праілюстраваць маштаб катастрофы мастак Джон Дук выкарыстаў тэму міграцыі. На яго малюнку мігранты з Афрыкі, якія звычайна мараць трапіць у Аўстралію, сумняваюцца, што сюды варта было ехаць з-за спёкі.
Галоўнымі ахвярамі катаклізмаў стаў прыродны свет. У выніку пажараў згарэла каля 6,3 мільёна гектараў лясоў (63 000 квадратных кіламетраў) — плошча Ірландыі. Загінулі каля 30 чалавек, больш за мільярд дзікіх жывёл (у тым ліку і каал). Зрэшты, жывёлы апынуліся здольнымі даць супраціў полымю. Грынпіс адзначыў нехарактэрныя паводзіны мясцовых вамбатаў пры пажарах. Яны даюць прытулак дробным жывёлам у сваіх глыбокіх норах, і так тыя ратуюцца ад агню. Дзякуючы вамбатам выратаваныя мільёны звяркоў. Унёсак жывёл у барацьбу з пажарамі — тэма малюнка нямецкай газеты Sueddeutsche Zeitung.
Як і трэба было чакаць шмат хто з аўстралійцаў спрабуе павесіць усіх сабак за пажары на ліберальны ўрад Скота Морысана. Тым больш, што Аўстралія з'яўляецца найбуйнейшым экспарцёрам вугля. Абаронцы прыроды ў сваю чаргу лічаць Морысана ўскоснай вінаватым за анамальна гарачае надвор'е. Акрамя таго, апаненты ўрада таксама нагадваюць, што навукоўцы загадзя папярэджвалі грамадства аб надыходзячым гарачым і засушлівым леце. Жыхары аднаго з пацярпелага ад пажараў гарадоў, дзе загінула два чалавекі, паабяцалі прэм'еру Скоту Морысану, што не будуць галасаваць за яго партыю, а адзін з жыхароў у твар назваў прэм'ера ідыётам. Як аўстралійскі ўрад змагаецца з пажарамі, іранічна адлюстравала швейцарскае выданне Les Temps.
Паводле апытанняў, рэйтынг адабрэння Морысана за апошні час упаў на 8% і спыніўся на адзнацы ў 37%, што ніжэй, чым у лідара апазіцыі. Урад адрэагаваў на гэта вельмі арыгінальна. Спікеры ўрада кажуць, што эколагі самі падпальваюць лес, каб справакаваць антыўрадавыя настроі і паніку наконт клімату. Адпаведныя карыкатуры малююць и мастакі, якія сімпатызуюць лібералам. На малюнку карыкатурыста па мянушцы dailydose лідар мясцовых «зялёных» займаецца падпалам, смеючыся з пажарнікаў.
Між тым, дым аўстралійскіх пажараў дасягнуў Новай Зеландыі і Паўднёвай Амерыкі праз Ціхі акіян. Аўстралійскі смог ужо закрывае неба большай частцы Чылі. Пра ўплыў Аўстраліі на рэгіянальны клімат кажуць расійскія сіноптыкі. А навукоўцы брытанскай нацыянальнай метэаслужбы папярэджваюць: пажары ў Аўстраліі паказваюць верагодную блізкую будучыню Зямлі. «Зялёны кантынент» — гэта пярэдні край глабальнага пацяплення. Тое, што можа пачацца па ўсім свеце, пачалося раней у гэтым канкрэтным месцы. Вось такі негатыўны прагноз. Пазітыўнае хіба толькі ў тым, што ў аўстралійскіх пажарах згарэў міф пра тое, што кліматычныя змены гэта нейкая выдумка. Тэматычны малюнак з газеты Desert News.