Ці ўмее ваяваць Паўночная Карэя?
Расія запрасіла салдатаў КНДР падтрымаць яе ў вайне супраць Украіны. Адпраўку паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у РФ пацвердзілі выведкі Захаду. Але ці быў сэнс у гэтага запрашэння? Аказваецца, быў: КНДР мае немалы баявы досвед.
Дзярждума РФ ратыфікавала дамову аб «усёабдымным стратэгічным партнёрстве» з Паўночнай Карэяй. У гэтым дакуменце ёсць пункт аб аказанні ўзаемнай ваеннай дапамогі ў выпадку нападу на адну з краін, а «The Wall Street Journal» напісала, што ў дамове ёсць і таемны пункт аб адпраўцы паўночнакарэйскіх вайскоўцаў на вайну з Украінай.
У сераду, 23 кастрычніка, міністр абароны ЗША Лойд Осцін заявіў, што ў Пентагона ёсць доказы перапраўкі ў Расію паўночнакарэйскіх вайскоўцаў. Выведка Паўднёвай Карэі паведамляе, што КНДР ужо дала Маскве тры тысячы вайскоўцаў, а ўсяго іх будзе 10 тысяч. Раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі гаварыў пра дзве брыгады па шэсць тысяч чалавек у кожнай.
Калі гэтыя звесткі пацвердзяцца і КНДР сапраўды адправіла тысячы сваіх вайскоўцаў на дапамогу расійскай арміі, то гэтая кампанія стане першым выпадкам такога масавага ўдзелу паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у вайне па-за межамі Паўночнай Карэі.
Аднак паўночнакарэйскія вайскоўцы і раней дапамагалі дружалюбным да іх краінам у войнах, хоць і не ў такой колькасці. Яны ўдзельнічалі ў канфліктах па ўсім свеце: ад Паўднёва-Усходняй Азіі да Блізкага Усходу і Афрыкі. Пра тое, як армія КНДР атрымлівала досвед баявых дзеянняў у чужых войнах — у матэрыяле «Бі-бі-сі».
Вайна ў В'етнаме
У першы раз КНДР наўпрост умяшалася ў вайну па-за межамі дзяржавы ў 1960-х гадах. В'етнамская вайна шмат у чым была падобная да карэйскай: камуністычная Поўнач супраць праамерыканскага Поўдня. Паўночная Карэя выйграла сваю вайну і была гатовая дапамагчы В'етнаму змагацца з амерыканцамі.
У кастрычніку 1966 года кіруючая Працоўная партыя Карэі прыняла рашэнне аказаць ваенную дапамогу В'етнаму. На пачатку 1967 года КНДР пачала пастаўку ўзбраенняў Ханою, накіраваўшы ў В'етнам зброю, боепрыпасы і да 2 млн. камплектаў уніформы.
Акрамя таго, для абароны Ханоя В'етнам атрымаў ад Паўночнай Карэі знішчальнікі, якія ўзмацнілі 921-шы і 923-ці авіяпалкі, якія складаліся з савецкіх МіГ-17 і МіГ-21. Тады было вядома толькі, што баявыя самалёты прадаставіла «нейкая дзяржава». І толькі ў 1996 годзе Пентагон дакладна ўстанавіў, што знішчальнікі пастаўляў Пхеньян, а сам В'етнам афіцыйна гэта прызнаў яшчэ пазней — у 2001 годзе. Акрамя таго, падчас вайны на баку в'етнамскіх камуністаў змагаліся і да 200 паўночнакарэйскіх лётчыкаў.
Блізкі Усход
Заснавальнік і шматгадовы кіраўнік КНДР Кім Ір Сэн называў Ізраіль «імперскім сатэлітам» і з 1960-х аказваў падтрымку ворагам яўрэйскай дзяржавы. Пхеньян афіцыйна супрацоўнічаў з Егіптам і Сірыяй, неафіцыйна — з арганізацыяй вызвалення Палесціны і іншымі радыкальнымі фарміраваннямі, праводзячы для баевікоў трэніровачныя лагеры.
Але непасрэдны ўдзел у араба-ізраільскім канфлікце паўночнакарэйскія вайскоўцы прынялі толькі ў 1973 годзе.
18 ліпеня 1972 года прэзідэнт Егіпта Анвар Садат распарадзіўся выдаліць з краіны ўсіх савецкіх вайскоўцаў, а іх базы перадаць дзяржаве. Савецкі Саюз у гэты час праводзіў палітыку «разрадкі» і старанна пазбягаў прамога або апасродкаванага канфлікту з ЗША. Садат быў незадаволены абмежаваннямі на выкарыстанне зброі, на якіх настойвала Масква. У выніку Егіпет застаўся без ваенных дарадцаў, пілотаў і тэхнікаў з СССР, прытым што ваенна-паветраныя сілы краіны складаліся пераважна з савецкіх Міг-21.
У чэрвені 1973 года Садат запрасіў у Егіпет ваенных дарадцаў з КНДР. Паўночная Карэя, паводле задумы прэзідэнта і камандуючага ВПС (і будучага прэзідэнта) Хосні Мубарака, магла лепш за іншых справіцца з атрыманымі ад СССР сістэмамі СПА і знішчальнікамі Міг-21, пісаў спецыяліст па Блізкім Усходзе, экс-кіраўнік міжнароднага аддзела «The Wall Street Journal» Джэй Саламон.
Агулам Пхеньян адправіў у Егіпет 1500 спецыялістаў для абслугоўвання савецкіх зенітна-ракетных комплексаў. Акрамя таго, КНДР перад самай вайной з Ізраілем прадаставіла егіпецкім ВПС 20 дасведчаных пілотаў. Як пісаў пазней у сваім дакладзе камандуючы ізраільскай авіяцыяй Біньямін Пелед, падчас баявых дзеянняў првнамсі два знішчальнікі праціўніка кіраваліся паўночнакарэйскімі пілотамі.
Неўзабаве пасля вайны 1973 года ізраільская выведка перахапіла перамовы пілотаў ВПС Сірыі. Па просьбе Ізраіля спецыялісты з Пентагона вызначылі, што гэта былі зноў лётчыкі з КНДР.
Ірана-іракская вайна
Пасля Ісламскай рэвалюцыі ў Іране ў 1979 годзе Кім Ір Сэн пастараўся наладзіць адносіны з новым кіраўніцтвам рэспублікі. ЗША ўвялі санкцыі супраць Ірана, а пасля таго, як у краіну ў 1980 годзе ўварваліся іракскія войскі, дадаткова ўзмацнілі эмбарга на пастаўкі зброі.
Пхеньян у абыход санкцый пачаў пастаўляць Ірану ўзбраенні, а разам з ракетнымі ўстаноўкамі ў Ісламскую Рэспубліку прыбылі і паўночнакарэйскія вайскоўцы — каля 100 чалавек. Інтэнсіўнае ваеннае супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі працягвалася і пасля заканчэння ірана-іракскага канфлікту — аж да пачатку 1990-х, калі ў КНДР здарыўся эканамічны крызіс.
Афрыка
У разгар «халоднай вайны» ў КНДР хапала рэсурсаў удзельнічаць і ў палітыцы афрыканскіх краін. Паўночнакарэйскія ваенныя дарадцы дапамагалі фронту Палісарыё — сепаратыстам з Заходняй Сахары; яны навучалі паўстанцаў у Анголе і Намібіі.
У 1970-х Пхеньян наладзіў адносіны з двума адыёзнымі афрыканскімі дыктатарамі: прэзідэнтам Экватарыяльнай Гвінеі Франсіска Нгемам і лідарам Уганды Ідзі Амінам. Нгема не хаваў свайго захаплення Кім Чэн Ірам, інструктары з Паўночнай Карэі ўваходзілі ў яго ахову, а праз Экватарыяльную Гвінею ішлі пастаўкі карэйскай зброі для паўстанцаў Паўднёва-Заходняй Афрыкі. А пасля звяржэння дыктатара яго сям'я бегла ў КНДР.
Цесныя адносіны Паўночнай Карэі з Угандай не спыніліся і пасля падзення рэжыму Ідзі Аміна. У афрыканскай краіне пры садзейнічанні КНДР быў пабудаваны ваенны завод. Супрацоўніцтва працягвалася дзесяцігоддзямі, нягледзячы на міжнародныя санкцыі супраць КНДР. Напрыклад, у 2007 годзе Уганда і Паўночная Карэя падпісалі дамову аб падрыхтоўцы пілотаў і тэхнічнага персаналу для угандыйскай арміі.
У 2016 годзе Рада Бяспекі ААН прыняла рэзалюцыю 2770, якая наўпрост забараняла прыцягненне «інструктараў, дарадцаў або іншых службовых асоб з КНДР для навучання супрацоўнікаў паліцыі, ваенізаваных фарміраванняў і вайскоўцаў». Але толькі праз два гады пасля гэтага Уганда саступіла міжнароднаму ціску, спыніла ваеннае супрацоўніцтва з Пхеньянам і адмовіла ў візах 14 пілотам-інструктарам з КНДР.