«Ёсць на свеце стабільнасці, якія адарваліся ад рэальнасці далей, чым беларускі тэлевізар»

Паўночная Карэя закрылася ад сваіх суседзяў нашмат раней, чым лукашэнкаўская «дэмакратыя». А таму ёсць падазрэнне, што яе армія больш непераможная, чым тыя, хто Кіеў браў за тры дні.

Кім Чэн Ын. Фота: «Reuters»

Кім Чэн Ын. Фота: «Reuters»

Міністэрства як бы замежных спраў як бы паклапацілася пра беларусаў у Ліване. Як бы спецыялісты як бы міністэрства выдаткавалі свой як бы працоўны час і вывучылі расклад авіярэйсаў з Бейрута. А потым падзяліліся гэтай карыснай інфармацый у сваім тэлеграм-канале і далі каштоўную параду скарыстацца адным з рэйсавых самалётаў.

Вось пакуль прыстойныя і нават не вельмі прыстойныя краіны пасылаюць у Ліван самалёты, каб эвакуяваць сваіх грамадзян, беларускае Міністэрства замежных спраў дае беларускім грамадзянам карысныя парады. А ўсё чаму? Таму што, у адрозненне ад эвакуацыйнага самалёта, карысныя парады не толькі карысныя, але яшчэ і бясплатныя, піша ТГ-канал «Лісты да дачкі».

Але пра Міністэрства як бы замежных спраў гэта было лірычнае адступленне. Убачыў учора і не мог утрымацца. Я вам насамрэч хацеў сказаць пра іншае. Пра тое, што ёсць на свеце стабільнасці, якія адарваліся ад рэальнасці далей, чым беларускі тэлевізар.

Паўночнакарэйскі Кім прыйшоў у абсалютную ажытацыю пасля падпісання ваеннага саюзу з расійскім Пуціным. Таму што нарэшце знайшлося каму ацаніць веліч Кімаў па заслугах. Так што ў стане ажытацыі Кім абвясціў вайну паўночнакарэйскім мастам і дарогам.

І гэта якраз лагічна. Калі хочаш надзейна перамагчы, то лепш, вядома, ваяваць супраць сваіх мастоў і сваіх дарог. Таму што калі пачаць падрываць масты і дарогі чужым людзям, то чужыя людзі могуць жа і адказаць. А каму гэта трэба?

Але з боку Украіны паведамляюць, што Кім не толькі падрываў свае масты. Што ён яшчэ адправіў паўночнакарэйскіх салдат на ўкраінскі фронт. Паўднёвакарэйская выведка, праўда, кажа, што яшчэ не адправіў, але, быццам бы, дакладна збіраецца.

І вось я хачу сказаць, што гэта ўжо такі вельмі небяспечны ўзровень адарванасці ад рэчаіснасці. Усё-ткі, пры ўсёй сваёй геапалітычнай велічы, сёй-той знаходзіцца ў больш блізкіх адносінах з рэчаіснасцю. У сябе ў тэлевізары сёй-той перамагае любое NATO. А ў беларускім небе не рызыкуе лішні раз збіць беспілотнік, які заблудзіўся.


Глядзіце таксама

Але Кіма таксама можна зразумець. Кімы ізаляваліся ад варожай рэальнасці значна раней. Гэта не магло прайсці без наступстваў.

Таму я цалкам сабе дапускаю, што, у адрозненне ад сяго-таго, Кім цалкам можа быць рады выканаць свой саюзніцкі абавязак паўночнакарэйскімі салдатамі. І гэта ён, вядома, дарма. Калі ў цябе ёсць непераможная армія, то яе непераможнасць лепш не правяраць. Пажадана наогул ніколі. Таму што тады армію дакладна ніхто не зможа перамагчы.

Вось як другую армію свету, якая магла ўзяць Кіеў за тры дні, пакуль ёй не здарылася паспрабаваць.

І ў мяне ёсць вялікія падазрэнні, што паўночнакарэйская армія ў практычных баявых умовах акажацца яшчэ больш непераможнай, чым другая армія свету. Ну, ўсё-ткі яна трэніравала сваю непераможнасць супраць неверагоднага суперніка значна даўжэй.


Глядзіце таксама

А для непераможнай арміі галоўнае ў жыцці што? Галоўнае — рэпутацыя непераможнасці. Таму што, пакуль вашу армію ніхто не перамагаў, умоўны праціўнік адкупляўся гуманітарным рысам, каб на ўсялякі выпадак лішні раз з ёю не звязвацца. Усё-ткі гуманітарны рыс таннейшы. А калі рэпутацыю непераможнасці адзін раз падмачыць, то гуманітарнага рысу ад неверагоднага суперніка можна ўжо і не дачакацца.

Тым больш яшчэ і камета ў небе з'явілася.