975-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: саміт БРІКС як інфармацыйная атака; барацьба за Сялідава

Сялідава застаецца «апошнім фарпостам» УСУ перад Пакроўскам, які дасць войскам РФ занчныя тактычныя перавагі, калі атрымаецца яго захапіць.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: «Украінская праўда»

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: «Украінская праўда»

***

Крэмль спрабуе прадставіць саміт БРІКС у Казані як сведчанне шырокай міжнароднай падтрымкі Расіі, асабліва для ўнутранай аўдыторыі ў Расіі, пішуць эксперты амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW).

Расійскае апазіцыйнае выданне «Медуза» паведаміла 24 кастрычніка, што азнаёмілася з інструкцыяй Адміністрацыі прэзідэнта Расіі для расійскіх дзяржаўных СМІ і прапагандыстаў з рэкамендацыямі адносна таго, як асвятляць саміт БРІКС у Казані. 

Паводле паведамленняў, у інструкцыі вылучаныя тры тэмы: 

  • прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін з'яўляецца «нефармальным лідарам сусветнай большасці»; 
  • заходнія эліты «панікуюць»; 
  • на Захадзе ў цэлым пануе «трывога». 

Як паведамляецца, Крэмль загадаў СМІ паведамляць, што саміт БРІКС «прыцягвае ўвагу ўсяго свету» і даказвае, што «спробы ізаляваць Расію пасля яе поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну праваліліся». 

«Meduza» паведаміла, што СМІ павінны асвятляць, як Пуцін устанаўлівае «стратэгічныя сувязі, якія не абмяжоўваюцца адным кірункам», у адрозненне ад нібыта «хуткаплынных альянсаў» Захаду (NATO сёлета адзначыла 75-годдзе). 

ISW адзначае, што расійскія дзяржаўныя СМІ і прапагандысты апублікавалі артыкулы, якія асвятляюць многія з гэтых тэм, часам нават слова ў слова, як гэта напісана ў дапаможніку. 

24 кастрычніка расійскае апазіцыйнае выданне «Вёрстка» паведаміла, што прарасійскія боты ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» («ВК») за два дні пакінулі больш за 10 000 каментароў пра саміт БРІКС, што, як паведамляецца, з'яўляецца адной з самых маштабных кампаній ботаў Крамля за апошні час. 

Боты прасоўвалі ідэю аб тым, што Расія не з'яўляецца міжнародна ізаляванай, што ўплыў БРІКС расце, што антырасійскія санкцыі змяншаюцца і што расійскія войскі дасягаюць поспехаў ва Украіне. 

Паводле ацэнкі ISW ад 23 кастрычніка, прыняцце Казанскай дэкларацыі на другі дзень саміта БРІКС прадэманстравала, што Расія яшчэ не заручылася міжнароднай падтрымкай і не стварыла альтэрнатыўнай структуры бяспекі, якой жадае Крэмль.

***

РФ перадавала еменскім хусітам звесткі са спадарожнікаў для ўдараў па гандлёвых суднах у Чырвоным моры, паведамляе «The Wall Street Journal» са спасылкай на крыніцы, у прыватнасці ў міністэрствах абароны краін Еўропы.

Выданне піша, што звесткі з расійскіх спадарожнікаў нібыта перадаваліся хусітам праз іранскі Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі.

Паводле слоў суразмоўцаў WSJ, гэтая інфармацыя дазволіла хусітам «пашырыць маштабы сваіх удараў».

***

Камандуючы сіламі NATO ў Еўропе амерыканскі генерал Крыстафер Кавалі заявіў, што Расія панесла значныя страты ва Украіне, аднак у яе дагэтуль ёсць «небяспечныя баявыя сілы», якія амаль не пацярпелі ад вайны, піша «Business Insider».

У прыватнасці, гаворка ідзе пра далёкую авіяцыю, ракетныя сілы стратэгічнага прызначэння, абаронныя падраздзяленні і падводныя сродкі.

Ён таксама адзначыў, што большая частка тактычнай авіяцыі Расіі яшчэ не ўцягнутая ў вайну.

«Таму, нягледзячы на значныя страты ў наземнай сферы, у астатняй ваеннай структуры Расіі застаецца велізарны патэнцыял — як звычайны, так і ядзерны – і таму неабходна мець гэта на ўвазе», – мяркуе Кавалі.

Вайсковец падкрэсліў, што сухапутныя сілы Расіі панеслі значныя страты падчас баявых дзеянняў ва Украіне, аднак Масква зрабіла заўважныя крокі для іх аднаўлення.

«Вайсковая сіла — сухапутная сіла — унутры Украіны сёння значна большая, чым сухапутная сіла, якая была там на пачатку вайны. Таму расійскае войска фактычна вырасла за гэты перыяд», – сказаў ён.

Кавалі дадаў, што цяпер ёсць пэўныя праблемы з якасцю, і некаторае абсталяванне можа быць не самым новым, аднак у Расіі ёсць план аднаўлення гэтых сухапутных сіл і разгортвання іх на межах NATO, а да гэтага альянсу варта паставіцца вельмі сур'ёзна.

Нядаўна Кавалі ўжо заяўляў, што, незалежна ад зыходу вайны ва Украіне, расійскае войска пасля яе стане мацнейшым, чым ёсць сёння.

А генерал-лейтэнант арміі ЗША Чарльз Канстанца лічыць, што расійская армія, ваюючы супраць украінскіх Сіл абароны, якія падрыхтаваны і аснашчаны іншымі краінамі, адточвае сваю здольнасць ваяваць з Захадам у будучыні.

Таксама паведамлялася, што на патрабаванне прэзідэнткі Еўрапейскай камісіі Урсулы фон дэр Ляен распрацаваны праект, мэта якога – паступова стварыць у ЕЗ паўнавартасны выведвальны орган, каб лепш супрацьстаяць пагрозам з боку замежных суб'ектаў і рэагаваць на шпіянаж у межах.

***

Пры наступе на Сялідава Данецкай вобласці расійскія вайскоўцы не ўжываюць бронетэхніку, а штурмуюць горад малымі групамі шырокім фронтам, заявіў прэс-афіцэр 15 брыгады спецыяльнага прызначэння «Кара-Даг» Нацгвардыі Украіны падпалкоўнік Віталь Мілавідаў у эфіры «Радыё Свабода».

«Вельмі вялікая колькасць іх з розных кірункаў, ім удаецца прасочвацца ў населены пункт, спрабаваць замацавацца менавіта ў прыватным сектары, а далей ужо развіваць свае далейшыя дзеянні. Гэта значыць групы, якія заходзяць часткова, і там нават калі гэта два-тры вайскоўцы Расійскай Федэрацыі дабраліся да будынка, яны занялі дом і чакаюць пакуль іх не назапасіцца больш для таго, каб ужо колькаснай перавагай процідзейнічаць нашым пяхотным падраздзяленням».

Паводле слоў Мілавідава, сілы РФ абстрэльваюць горад КАБамі, дронамі, артылерыяй, але, у той жа час, не знішчаюць яго цалкам, як гэта было з іншымі гарадамі Данецкай вобласці.

Афіцэр мяркуе, што гэта робіцца для таго, каб у будучыні выкарыстоўваць інфраструктуру і геаграфічнае размяшчэнне Сялідава для наступу на Пакроўск.

У сваю чаргу, аналітык маніторынгавага праекта «Deep State» Руслан Мікула адзначае, што захоп Сялідава можа забяспечыць расійскаму войску прыкрыццё левага флангу групоўкі, якая будзе рухацца на Пакроўск.

«Сялідава — гэта вельмі вялікі горад, у якім шмат склепаў, дзе можна будзе раскватараваць велізарную колькасць асабістага саставу, дзе можна будзе схаваць тэхніку, лёгкую аўтамабільную тэхніку. Уласна, якраз Сялідава палепшыць іх лагістыку і дазволіць падцягнуць большую колькасць жывой сілы і тэхнікі для таго, каб ужо праводзіць далей штурмавыя дзеянні на Пакроўск», — лічыць ён.

Паводле даных амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW), расійскія войскі апошнімі днямі дасягнулі «значных тактычных поспехаў» у Сялідаве і яго ваколіцах. Аналітыкі адзначаюць, што прасоўванне войскаў Расіі ў Сялідаве, а таксама іх тэрытарыяльныя дасягненні на поўдзень і поўнач ад горада могуць неўзабаве прымусіць украінскія сілы адступіць з гэтага раёна.

Праект РС «Данбас.Рэаліі» пісаў, што Сялідава разглядаецца ваеннымі экспертамі як «апошні бастыён» Сіл абароны Украіны перад Пакроўскам. У выпадку яго ўзяцця армія Расіі засцеражэ свае флангі ад контратак УСУ і зможа пачаць штурм горада.

***

Расія павялічыла далёкасць палёту кіраваных авіяцыйных бомб (КАБаў), якімі актыўна працягвае абстрэльваць Запарожжа, паведаміў спікер Сіл абароны поўдня Украіны палкоўнік Уладзіслаў Валошын.

«Пра выкарыстанне кіраваных авіяцыйных бомб. Каля месяца таму вораг пачаў прымяняць кіраваныя авіяцыйныя бомбы па цэнтры Запарожжа. Само Запарожжа ад лініі баявога сутыкнення размешчана больш чым у 30 км. Гэта гаворыць пра тое, што праціўнік унёс пэўныя змены ў канструкцыю гэтых авіяцыйных бомб і яны цяпер далятаюць значна далей, чым раней».

Паводле слоў Валошына, зона прымянення Расіяй КАБаў значна ўзрасла, гэта тычыцца не толькі Запарожжа, але і іншых гарадоў, размешчаных недалёка ад лініі баявога судакранання. Актыўнае ўжыванне авіябомб было зафіксавана ў Харкаве і Краматорску.

Афіцэр падкрэсліў, што гэтая тактыка, у спалучэнні з ужываннем ударных беспілотнікаў, з'яўляецца палітыкай тэрору і злачынна накіраваная ў першую чаргу супраць украінскага мірнага насельніцтва, грамадзянскай інфраструктуры і энергетычных аб'ектаў, а не сіл і сродкаў, якія вядуць баявыя дзеянні.


***

За мінулыя суткі на фронце адбылося 187 баявых сутыкненняў з ворагам, больш за ўсё — на Пакроўскім кірунку: 55. Асноўныя намаганні нападаў акупантаў там сканцэнтраваныя ў кірунку Сялідава і н.п. Луч, гаворыцца ў зводцы Генштаба УСУ.

У ноч на пятніцу расійскія акупацыйныя войскі атакавалі Украіну 63-ма ўдарнымі беспілотнікамі, СПА знішчыла 36 варожых дронаў, 16 БПЛА — лакацыйна страчаныя.

Тым часам Расія ў сваёй захопніцкай вайне супраць Украіны ўжо страціла забітымі і параненымі больш за 685 тысяч салдат — толькі за мінулыя суткі сілы абароны абясшкодзілі 1 630 захопнікаў. Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 да 25.10.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 685 910 (+1630) чалавек;
  • танкаў — 9 097 (+7) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 18 287 (+33) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 19 753 (+34) адз.;
  • РСЗА — 1 238 (+2) адз.;
  • сродкаў СПА — 982 (+1) адз.;
  • самалётаў — 369 (+0) адз.;
  • верталётаў — 329 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 17 670 (+73);
  • крылатых ракет — 2 625 (+0);
  • караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 27 365 (+79) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 3 535 (+22) адз.

***

Сілы абароны ўдарылі па расійскім зенітным комплексе «Бук-М3» і знішчылі радыёлакацыйную станцыю падсвятлення цэляў і навядзення ракет «Бук-М2» на тэрыторыі часова акупаванай Луганшчыны, паведамілі ў Генштабе УСУ.

«У ноч на 25 кастрычніка падраздзяленні сіл беспілотных сістэм Узброеных сіл Украіны ва ўзаемадзеянні з іншымі складнікамі Сіл абароны ў рамках выканання задач па выяўленні і ліквідацыі сродкаў супрацьпаветранай абароны праціўніка паразілі зенітны ракетны комплекс "Бук-М3" і знішчылі радыёлакацыйную станцыю падсвятлення цэляў і навядзення ракет (РПН) 9С36 ЗРК "Бук-М2" ворага».

Адзначаецца, што цэлі знаходзіліся на часова акупаванай тэрыторыі Луганскай вобласці ў некалькіх дзясятках кіламетраў ад лініі баявога судакранання.

Таксама ў Генштабе адзначылі, што паслабленне супрацьпаветранай абароны РФ робіць уразлівымі для ўкраінскіх удараў іншыя важныя аб'екты праціўніка як на фронце, так і ў глыбокім тыле.

***

Раніцай 25 кастрычніка расійскія войскі абстралялі цэнтр Херсона, у выніку чаго 2 чалавекі атрымалі раненні, напісаў кіраўнік Херсонскай ГВА Раман Мрочка ў Telegram.

«Раніцай расійскія акупанты абстралялі цэнтр Херсона. У выніку гэтай варожай атакі атрымалі цялесныя пашкоджанні два чалавекі — жанчына 64 гадоў і 72-гадовы мужчына. У абодвух пацярпелых выбуховая траўма. У жанчыны таксама аскепкавыя раненні ног. У мужчыны — кантузія і чэрапна-мазгавая траўма».

Паводле слоў Мрочкі, на момант абстрэлу гэтыя жыхары былі ў памяшканні.

Медыкі аказалі параненым неабходную дапамогу на месцы.

***

Пяць чалавек загінулі і яшчэ прынамсі адзін атрымаў раненні ў выніку расійскіх удараў па Данецкай вобласці 24 кастрычніка, паведаміў кіраўнік рэгіёна Вадзім Філашкін у Telegram.

«За 24 кастрычніка расійцы забілі 5 жыхароў Данецкай вобласці: 2 у Аляксееве-Дружкоўцы, 2 у Зялёным і 1 у Дачэнскім. Яшчэ 1 чалавек у вобласці за суткі атрымаў раненні».

Усяго з пачатку поўнамаштабнага ўварвання акупанты забілі 2 836 і паранілі не менш за 6 336 мірных жыхароў Данецкай вобласці.

Філашкін падкрэсліў, што гэтыя звесткі не ўлічваюць ахвяр расійцаў у Марыупалі і Валнавасе.

***

Раніцай 25 кастрычніка армія РФ абстраляла з рэактыўнай сістэмы залпавага агню пасёлак Баравая Харкаўскай вобласці, у выніку чаго загінула 61-гадовая жанчына, паведамілі ў Харкаўскай абласной пракуратуры.

«25 кастрычніка каля 8:00 УС РФ абстралялі пасёлак з РСЗА, у выніку чаго загінула 61-гадовая жанчына. Пашкоджанні атрымалі прыватныя домаўладанні».

Адзначаецца, што 24 кастрычніка каля 22:50 акупанты ўдарылі па населеным пункце кіраванымі авіяцыйнымі бомбамі. У выніку варожай атакі былі пашкоджаныя прыватныя домаўладанні, гандлёвыя кіёскі, памяшканні бальніцы. Людзі не пацярпелі.