Больш за 200 іранцаў памерлі праз спробы абараніцца ад COVID-19 алкаголем
Больш за 200 іранцаў памерлі ад "лячэння" ад каронавіруса алкаголем. Такая смяротнасць ад алкаголю зафіксаваная на працягу апошніх тыдняў. Сярод ахвяраў — дзіця, якое спрабавалі "засцерагчы" бацькі.
У Іране на працягу некалькіх тыдняў памерлі больш за 200 чалавек, якія ўжывалі зпоблены ў хатніх умовах або прамысловы алкаголь "для прафілактыкі" каронавіруса. Пра гэта паведамляе Al Arabiya ў панядзелак, 23 сакавіка.
"Больш за 200 чалавек памерлі ў Іране на працягу апошніх тыдняў у выніку атручвання алкаголем, бо спадзяваліся, што ён прадухіляе каронавірусную інфекцыю", — сказана ў паведамленні.
Алкагольныя напоі былі забароненыя ў Іране з 1979 года, але многія людзі, асабліва бяднейшыя, спрабуюць піць дома небяспечныя алкагольныя напоі, якія ўтрымліваюць метанол, ці нават спрабуюць ужываць тэхнічны алкаголь з фруктовымі араматызатарамі, які можна набыць у супермаркетах. З-за ілжывых уяўленняў пра лекавыя ўласцівасці алкаголю ў змаганні з каронавірусам пакутуюць нават дзеці.
У прыватнасці, дзіця страціла зрок і трапіла ў кому пасля таго, як родныя далі яму нейкі алкагольны напой, каб "засцерагчы" ад заражэння каронавірусам. Выданне не ўдакладняе ўзрост дзіцяці.
Нагадаем, што амаль 300 тысяч чалавек у свеце заразіліся COVID-19. Паводле дадзеных штодзённай справаздачы, за апошнія суткі ў свеце заразіліся каля 26 тысяч чалавек, а памерлі — каля 1600.
Паводле korrespondent.net, alarabiya.net