У Расіі пачнуць адсочваць па тэлефонах усіх, хто сустракаўся з хворымі COVID-19
Мінкамсувязі Расіі даручана стварыць сістэму адсочвання грамадзян, якія кантактавалі з хворымі на каронавірус. Гэта сістэма будзе функцыянаваць на аснове даных сотавых аператараў пра геалакацыю мабільнага тэлефона канкрэтнага чалавека.
Такое рашэнне прынятае па выніках пасяджэння
прэзідыума Каардынацыйнага савета пры ўрадзе РФ па барацьбе з распаўсюджваннем каронавіруса
і апублікаванае на сайце расійскага ўрада. Мінкамсувязі павінна выканаць
даручэнне да 27 сакавіка, піша www.interfax.ru.
Сістэма, у прыватнасці, павінна будзе апавяшчаць грамадзян пра факт кантакту з хворым на каронавірус праз рассылку адпаведных паведамленняў. У рассылцы павінна быць указанне на неабходнасць самаізаляцыі і прадастаўленне дадзеных у аператыўныя штабы суб'ектаў Расіі.
Прэм'ер-міністр РФ Міхаіл Мішусцін таксама абвясціў, што ўводзіцца дадатковы супрацьэпідэмічны кантроль за работнікамі транспарту: кіроўцамі машын, аўтобусаў, пілотамі, маракамі, чыгуначнікамі, якія прыбываюць у Расію з-за мяжы.
Калі верыць расійскаму прэм'ер-міністру, на раніцу 23 сакавіка ў Расіі зафіксавана 438 выпадкаў каронавіруса.