Беларуская мастачка Яна Шостак перамагла ў польскім конкурсе Paszporty Polityki
На конкурсе, які ладзіць выданне Polityka, Шостак прадставіла сукенку з партрэтамі беларускіх палітвязняў.
Журы адзначыла беларуску «за выдатнае спалучэнне мастацтва і сацыяльнага актывізму». Таксама журы звярнула ўвагу на перформансы Яны Шостак, прысвечаныя важным сацыяльным тэмам, і эфектыўнае прыцягненне ўвагі польскай і сусветнай грамадскасці да праблем Беларусі і ўцекачоў. Самы вядомы яе перформанс называецца «Хвіліна крыку для Беларусі».
Пасля ўручэння прэміі Шостак зачытала сімвалічны ліст сваякам палітвязняў. Скончыла свой выступ мастачка «хвілінай крыку для Беларусі», акцыю падтрымала ўся заля.
Перад сваім словам Шостак адзначыла, што на сукенцы каля 1200 партрэтаў беларускіх палітвязняў, хаця праваабарончая супольнасць прызнала імі на гэты момант 993 чалавекі.