Батальён «Данбас-1»: Добрыя людзі ў чорным

Удзельнічаць у грамадзянскай вайне ва Украіне могуць толькі тыя, хто чакае на рускія танкі, у каго само існаванне Украіны выклікае агіду. Таго, хто далучаецца да іх з-за таго, што Кіеў нібыта хоча «адмяніць 9 мая» ці з-за жадання ўзнавіць трансляцыю расійскіх каналаў, нельга назваць іначай, як заблуканы.



У нядзелю, 27 красавіка, разам з сваімі калегамі з Францыі, Канады і ЗША я адправіўся ў Краснаармейск, мястэчка ў 70 кіламетрах на паўночны захад ад Данецку, на мяжы з Днепрапятроўшчынай. Адтуль нас мусілі адвезці ў размяшчэнне батальёну «Данбас-1». Гэта нядаўна створанае ваенізаванае фармаванне з патрыятычна настроеных добраахвотнікаў, мэтай якога з'яўляецца супрацьдзеянне захопам адміністратыўных будынкаў, выкраданням людзей ды іншай крымінальнай актыўнасці, звязанай з сепаратысцкім рухам на Данбасе. 

«Гэтыя бандэры ўжо зусім а..елі!»


Калі не лічыць таго, што нам давялося стоячы ехаць у электрычцы, пад завязку забітай людзьмі, якія ехалі на могілкі і лецішчы, да самога Краснаармейску мы дабраліся без праблемаў. Цікава, што на нашу інтэрнацыяльную групу іншыя пасажыры зусім не звярталі ўвагі. У падобнай сітуацыі ў Беларусі, я памятаю, усе вакол здзіўлена вытарэшчваліся і шапталіся. Але ў самім Краснаармейску пачалася гісторыя з дэтэктыўным прысмакам. 
Пачуўшы замежную мову, ніводзін таксіст на вакзале не пагадзіўся нас везці. Мы стэлефанаваліся з нашым каардынатарам з батальёну «Данбас-1», ён параіў даехаць маршруткай да нейкай запраўкі на ўскраіне мястэчка, знайсці тут машыну і чакаць яго далейшых указанняў.
Таксі тут было толькі адно — старэнькая «Волга», якая ўжо  ад'язджала. Мы не адразу заўважылі, што там сядзіць пасажырка, і спынілі машыну. Нечакана вадзіцель праявіў моцную зацікаўленасць у нас, прычым ён загадзя ведаў, хто мы такія: «А-а, вы тыя самыя карэспандэнты!». І радасна пацёр рукі. Зацікаўленасць настолькі моцную, што нават выставіў сваю пасажырку — а гэта вельмі грубае парушэнне. Потым, калі жанчына паскардзілася ягонаму начальству, яго адчыталі па поўнай, але ён проста іх «паслаў». 
Я першым сеў у машыну, мае калегі заставаліся на вуліцы, як раптам вадзіцель выпаліў: «Гэтыя бандэры ўжо зусім а..елі!». Вадзіцель — каржакаваты лысы мужчына гадоў сарака пяці ў чырвонай майцы з надпісам BODY (цела — анг.), з шклянымі карымі вачыма, тварам, падобным да твару Мікалая Валуева, шматлікімі шнарамі, «вазелінавымі» кулакамі   і рэзкімі баксёрскімі рухамі — выглядаў пагрозліва. Здавалася, што ён у любую хвіліну гатовы кінуцца на нас. 
«Можа, гэта звыклы спосаб пачаць размову ў гэтых мясцінах», — паіранізаваў амерыканскі журналіст, калі я выскачыў з машыны, каб сказаць хлопцам, што з гэтым вадзіцелям, магчыма, не трэба ехаць. Аднак напружыўся. Хутка ён напружыўся яшчэ болей, бо нам патэлефанавалі, сказалі, што бачаць нас каля старэнькай «Волгі», загадалі сядаць туды і следаваць за іншай машынай. «Таксіст настроены вельмі прарасійскі, можа, варта знайсці іншага?»,  — пытаемся мы. Калі нам адказалі, што нічога страшнага, сядайце да яго, амерыканец не вытрымаў: «Хлопцы, звальваем адсюль! Тут адбываецца нешта дзіўнае». 
Гэта сапраўды выглядала дзіўным — навошта тады ўся сакрэтнасць, калі ў размяшчэнне батальёну можна патрапіць яўна варожа настроенаму чалавеку? Натуральна, у нас узнік падазрон, што «яны тут усе заадно», мы трапілі ў нейкую хітрамудрую пастку, але журналісцкая цікаўнасць перамагла. 

Вызваліцель Данбасу


Па дарозе таксіст, які назваўся Андрэем Габжылай, распавёў, што ён актыўны ўдзельнік «руху за вызваленне Данбасу» (азначэнне «сепаратыст» яму не падабаецца), больш за тое, ад самага пачатку да канца стаяў у Марыінскім парку на кіеўскім Антымайдане, і цяпер гатовы са зброяй у руках ваяваць з тымі, хто «сунецца на Данбас». 
Калі б не ягоная агрэсіўнасць і крымінальныя замашкі, можна было б сказаць, што ён даволі адэкватны чалавек. Нічога цемрашальскага ці фантастычнага ў поглядах. Нават не паўтараў адно з самых распаўсюджаных глупстваў на Данбасе — пра забарону размаўляць на рускай мове. 
Скаргі на нізкую якасць жыцця і нежаданне цэнтру прыслухоўвацца да жыхароў паўднёва-усходняга рэгіёну. Патрабаванне большай эканамічнай і культурнай аўтаноміі. Бо рэгіёну патрэбныя грошы для развіцця сацыяльнай інфраструктуры, якія, на яго погляд, зараз застаюцца ў Кіеве. А героі, святы і ўвогуле лад жыцця вельмі адрозныя ад заходняй часткі Украіны. Януковіча ён лічыць здраднікам, але не варта было спяшацца яго зрынаць — трэба было дачакацца выбараў. Новая ўлада нелігітымная, бо ўсталяваная сілай, без уліку меркавання Данбасу. У заходнім свеце шмат вартага пераймання, напрыклад, там не робяцца мільярдэрамі за пяць гадоў на высокіх пасадах ва ўладзе, аднак там, па-першае, жывуць незнаёмыя людзі, а па-другое, нікому не патрэбная мясцовая прамысловасць. З Расіяй жа ваяваць нельга, бо ў Расіі «усе сваякі і сябры», таму з ёй трэба сябраваць. Зрэшты, толькі сябраваць, уваходзіць у яе склад няма чаго, ён за адзіную Украіну. 
Сваёй прамовай яму ўдалося заспакоіць амерыканскага журналіста, той нават пачаў ківаць на знак разумення. «He sounds quite reasonable («Ён гаворыць даволі разумныя рэчы»)», — падагульніў мой калега.
Але ёсць адно «але», якое перакрэслівае ўсю адносную  адэкватнасць сказанага Андрэем Габжылай — ён лічыць, што ва Украіне зараз ідзе грамадзянская вайна. Чаму перакрэслівае? Бо ўсе прэтэнзіі і крыўды, якія ён агучваў, тычыліся цэнтральнай улады. Барацьба супраць улады за свае інтарэсы — нармальны стан грамадзяніна свабоднай краіны, няма пытанняў. Калі ж гэта грамадзянская вайна — хто з кім і за што ваюе? 
На ўзроўні грамадзян Украіна зараз падзеленая толькі паводле адной прыкметы — стаўлення да пагрозы акупацыі  матэрыковай часткі краіны расійскай арміяй і далучэння яе да Расійскай Федэрацыі. Усе астатнія рознагалоссі не настолькі істотныя, каб немагчыма было дамовіцца. Дамова ж па гэтаму пытанню, натуральна, цалкам немагчымая. І ўдзельнічаць у грамадзянскай вайне могуць толькі тыя, хто чакае на рускія танкі. Каму агідна само існаванне Украіны. 
Калі нехта далучаецца да іх з-за таго, што Кіеў нібыта хоча «адмяніць 9 мая» ці з-за жадання вярнуць у вяшчальную сетку расійскія тэлеканалы, гэтага чалавека нельга назваць іначай, як заблуканым. Пакладзіце на адны шалі вагаў расійскія тэлеканалы і святочны парад, а на другія — трупы студэнта і дэпутата з слядамі катаванняў, знойдзеныя ў ваколіцах Славянска, ці змучаных байцоў «Альфы», якіх дэманстравалі расійскаму тэлебачанню баявікі. Абсурд будзе відавочным. 
Працягваць выступаць пад сцягамі так званай «Данецкай народнай рэспублікі» пасля ўсяго гэтага — значыць быць або маральна скалечаным чалавекам, або чалавекам беспрасветна цёмным. Такія людзі, вядома, існуюць, але іх вельмі нямнога. 

«Эх, Пуцін, Пуцін...»


Ніхто з камандзіраў і байцоў батальёну «Данбас-1» не прыйшоў сюды з прычыны пагарды да ідэалаў, калі ў гэтым выпадку можна казаць пра ідэалы, федэралістаў. Расійскія тэлеканалы спрабавалі па-ашуканску выдаць іх за ваенізаванае фармаванне «Правага сектару», але я не пабачыў ніводнай прыкметы сувязі паміж імі. 
Яны кінулі свае сем'і і справы, узяўшы ў рукі зброю, праз  жаданне выканаць на Данбасе функцыю, якую мелася б выконваць дзяржава, але не ў стане гэта зрабіць — спыніць распаўзанне крымінальнага бязладдзя па тэрыторыі рэгіёна. Зусім не для таго, каб падпарадкаваць кагосці, навязаўшы пэўны лад жыцця. Проста аднавіць мір на сваёй зямлі, адкуль родам большая частка добраахвотнікаў. 
«Адзінае, у чым моцна памыляюцца людзі, якія бяруць удзел у федэралісцкіх акцыях, дык гэта ў тым, што яны дзейнічаюць самастойна. Хаця насамрэч іх проста выкарыстоўвае ў сваіх мэтах знешняя сіла, чые інтарэсы не маюць нічога супольнага з тым, чаго жадаюць яны», — кажа камандзір батальёна Сямён Сяменчанка.  
«Эх, Пуцін, Пуцін... Мне зараз сеяць трэба, а трактар прастойвае. Толькі я не хачу, каб у маім новым доме паўтарылася тое, што адбылося на маёй радзіме», — тлумачыць сваё далучэнне да батальёну грузін Захар, 55-гадовы ўраджэнец Сухумі, якому калісці ўжо давялося ваяваць з Расіяй, потым бяжаць ад вайны ва Украіну, дзе ён завёў сям'ю і нарадзіў дзяцей. Цяпер ён прыйшоў сюды, каб вучыць маладых хлопцаў рукапашнаму бою і выжыванню. 
«Мы зусім не супраць Расіі, я сам рускі чалавек, але супраць злачынстваў, якія робяцца пад расійскімі сцягамі», — падкрэслівае Сяргей Яромін, начташтаба батальёна.  
Хлопцы ж гавораць пра тое, што не маглі проста назіраць за тым, як слабая дзяржава «злівае» усё нахабным крымінальнікам. 
Яны лічаць сябе добраахвотнымі абаронцамі, але ні ў якім разе не ўдзельнікамі грамадзянскай вайны. Бо ім няма чаго ваяваць з сваімі землякамі. Яны ўпэўненыя, што ў мірным жыцці ўсе разнагалоссі можна вырашыць праз размову тварам да твару, а галоўная прычына непаразуменняў — гэта няведанне. 

Хто тут насамрэч «ветлівыя людзі»? 


Менавіта таму Сяргей Яромін дазволіў нам прыехаць з прарасійскі настроеным таксістам. Ён доўга размаўляў з ім, і казаў з усмешкай, што той «ужо амаль гатовы да нас далучыцца». Але калі Андрэй Габжыла застаўся ля КПП без яго апекі, нешта пайшло не так. Мой амерыканскі калега прыбяжаў да мяне ад яго знерваваны: «Нельга ехаць з ім назад, ён з'ехаў з глузду — пагражаў падпаліць вайсковую частку, перадаваў па тэлефоне камусці звесткі пра яе. Я заплаціў яму абяцаныя грошы, таму мы можам проста з ім развітацца, і ўсё. Невядома, куды ён нас завязе».
Сапраўды, лепей развітацца, вырашыў я, бо па дарозе сюды ён настойліва прапаноўваў заехаць паглядзець «іхныя блокпасты». І ў машыне ў яго было два нажы, якія ён нам дэманстраваў. 
Андрэй развітвацца і з'яджаць без нас не хацеў, патрабаваў яшчэ грошай. Далі яшчэ. Агулам атрымалася болей, чым сума, аб якой мы загадзя дамаўляліся. Але ён працягваў шумець і сварыцца. Каб суняць скандаліста, да яго падышоў Захар. Таксіст ускіпеў і пачаў брыкацца. Урэшце яго ўзялі пад рукі і адвялі ў будынак КПП. Наўздагон амерыканскі журналіст папрасіў, каб з яго тэлефона на ўсялякі выпадак выдалілі нашы здымкі, якія ён рабіў нібыта на памяць. 
Прадстаўнікі батальёну адразу ж выклікалі СБУ і міліцыю, каб праверылі, што ён за фрукт.
Падчас размовы з Андрэем Габжылай, якая доўжылася каля гадзіны, па словах Сямёна Сяменчанкі, высветлілася, што таксіст хацеў адвезці нас на прарасійскі блокпост, дзе б нас узялі ў закладнікі і перадалі ў Краматорск... Раней ён ужо нібыта затрымліваўся за падобныя дзеянні. Таксама на яго тэлефоне знайшлося «шмат цікавага», у тым ліку кантакты ў Расіі і сведчанне існавання сеткі таксістаў, якія працуюць на прарасійскія сілы. 
Зрэшты, я дапускаю, што з боку Габжылы прызнанне аб яго планах адносна замежных журналістаў магло быць усяго толькі бяздумнай бравадай. 
Гаворка не пра тое. Гэты эмацыйны сепаратыст быў затрыманы акурат у той самы дзень, калі з'явілася відэа змучаных байцоў «Альфы», якіх дэманстравалі расійскаму тэлебачанню. Некаторыя мае сябры і сваякі ў фэйсбуку перажывалі, што Габжылу могуць закатаваць у адплату. Вельмі прасілі, каб я прасачыў за яго лёсам, і выратаваў, калі спатрэбіцца. Толькі мне не давялося асабліва сачыць за ім — таксіста адпусцілі ў той самы дзень. Адразу ж пасля таго, як ён даў тлумачэнні праваахоўнікам. 
Яшчэ каму-небудзь трэба тлумачыць, хто тут насамрэч «ветлівыя людзі», а хто — азвярэлыя садысты?