Адзіны дзень галасавання і хамон

14 верасня ў Расіі прайшоў Адзіны дзень галасавання. Пра палітычную атмасферу напярэдадні і ўвогуле пра сітуацію ў Расіі журналіст НЧ Алег Новікаў размаўляе з маскоўскім калегам Сяргеем Кастэнкам.



ebed3960_ac3e_41e6_8153_73f016ad1156_mw1024_s_n.jpg

— У Расіі галасуюць два разы на год — увосень і ўвесну. Гэтай восенню будуць галасаваць за дэпутатаў у мясцовыя саветы і мэраў. Ці ёсць нейкая інтрыга на гэтых выбарах?

— Па вялікім рахунку, няма. Калі недзе дэмакраты і перамогуць (напрыклад, добрыя шансы мае Леанід Ярмольнік), наўрад ці гэта паўплывае на агульны палітычны фон. Няма сумневаў, што большасць мандатаў атрымае праўладная «Адзіная Расія». І ў гэтым заключаецца парадокс цяперашніх выбараў. Партыя-пераможца на самай справе мае ў народзе імідж партыі «жуликов и воров». Каб асабліва не дражніць выбаршчыка, «Адзіная Расія» часта ідзе на выбары ў складзе блокаў і кааліцый пад новымі гучнымі брэндамі. Напрыклад, у Маскве адзінаросы балатуюцца ў скла­дзе грамадзянскай ініцыятывы «Мая Масква».

— Год таму Навальны набраў на выбарах мэра Масквы 27 працэнтаў і заняў другое месца. Гэты поспех выклікаў эйфарыю ў антыпуцінскім лагеры. Выбары ў маскоўскую дзярждуму разглядаліся як важны этап будаўніцтва апазіцыі, здольнай кінуць выклік Пуціну. Аднак асабліва апазіцыя сябе не праявіла.

— Гэта цяжка аспрэчыць. «Грамадзянская платформа» — найбольш актыўная апазіцыйная сіла на гэтых выбарах — карыстаецца падтрымкай не больш 5–7 працэнтаў масквічоў. Былі чуткі, што кандыдаты ад «Грамадзянскай платформы» нават збіраліся зняцца з выбараў, каб не дэманстраваць на людзях сваю электаральную слабасць. Няма сумневаў, што апатыя дэмакратаў звязана з украінскімі падзеямі, якія змянілі прыярытэты грамадства і кансалідавалі выбаршчыка вакол улады. Некаторай кампенсацыяй для апазіцыяй за правал можа паслужыць спасылка на тое, што харызматычны Аляксей Навальны, які мог стаць флагманам апазіцыі на выбарах 14 верасня, знаходзіцца пад хатнім арыштам.

— Не так даўно былі абвешчаныя прысуды Удальцову і Разважаеву — фігурантам «Балотнай справы». Абодва атрымалі дастаткова вялікія турэмныя тэрміны да 5 гадоў. Такія суровыя вердыкты даволі дзіўныя на фоне высокага рэйтынгу Пуціна. Навошта так распраўляцца з апанентамі, якія і так не ўяўляюць пагрозы?

— Скажу больш: той жа Удальцоў у лістах з турмы да паплечнікаў заклікаў іх падтрымаць анексію Крыму і данецкіх сепаратыстаў. Аднак на пуцінскую Феміду гэта не паўплывала. Тыя, хто замаўляў расправу над «балотнікамі», хацелі давесці грамадству, што любы пратэст будзе пакараны максімальна жорстка. Гэта таксама цалкам кладзецца ў парадыгму патрыятычнай паранойі, якая ахапіла нашы ўлады. Яны паўсюдна бачыць крамолу і след Дзярждэпу.

— Як сябе адчувае ў цяперашняй сітуацыі сістэмная апазіцыя — камуністы, ліберал-дэмакраты і «Справядлівая Расія»?

— Вельмі нязручна, паколькі любую крытыку на адрас Пуціна могуць лёгка трактаваць як падтрымку Белага Дому. У такіх умовах ім застаецца толькі спрабаваць пераплюнуць Крэмль на глебе кваснога патрыятызму. Гэта часам выглядае досыць камічна. Дастаткова ўзгадаць спрэчку паміж жырыноўцамі і камуністамі за тое, хто першы прыдумаў законапраект аб абавязковым выкананні дзяржгімну падчас школьных перапынкаў.

— Па інтэрнэту гуляюць чуткі пра тысячы расійскіх жаўнераў, якія загінулі ва Украіне, змагаючыся на баку ДНР-ЛНР. Кажуць, што ў расійскае паўсядзённае жыццё вяртаецца чачэнскі сіндром.

— Я пакуль не чуў, каб у быту нехта казаў пра сваіх родных або сяброў, якія, будучы прызванымі ў войска, ваююць або загінулі ва Украіне. На маю думку, колькасць расійскіх валанцёраў у Данбасе не крытычная. Туды галоўным чынам у рамкам спецкамандзіровак пасылаюць кадравых афіцэраў. Таксама туды едуць за доўгім рублём. І першыя, і другія ведаюць, чым рызыкуюць.

— Ва Украіне шмат спекуляцый наконт таго, што вяртанне ўдзельнікаў АТА з фронту можа выклікаць сапраўдную рэвалюцыю. Ці магчыма такая перспектыва, калі ў Расію з Данбасу пачнуць вяртацца баевікі?

— Тое, што «данецкія» могуць паўплываць на палітычны працэс, як у свой час афганцы, не выключана. Аднак гэта не выклік сістэме. У адрозненне ад украінскіх байцоў, расіяне на Данбасе лаяльныя да ўлады. Па-другое, усе іх лідары накшталт Стралкова, відавочна звязаныя з ФСБ, і любых ветэранаў Данбасу можна будзе лёгка скіраваць у патрэбны накірунак. Хутчэй за ўсё, Крэмль выкарыстае іх у сваіх мэтах, для расправы з той жа апазіцыяй.

— Якія прагнозы наконт палітычнай будучыні Стралкова, з якога расійская прапаганда зрабіла ледзь не героя?

— Стралкоў, безумоўна, кумір масаў. У дадатак, у яго атачэнні з’явіліся алігархі. Усе разглядаюць яго як перспектыўнага палітыка. Аднак канчатковае рашэнне наконт палітычнай кар’еры Гіркіна-Стралкова будуць прымаць у Крамлі.

— Ці бачныя ўжо ў крамах наступствы эмбарга?

— Пакуль таго ж хамона або элітных сыроў паўсюль дастаткова (іх з-за высокага кошту і так ніхто асабліва не набываў). Заўважна даражэй стала толькі чырвоная рыба. У правінцыі, дзе ўзровень спажывецтва ніжэй за сталіцу, прадуктовай вайны ўвогуле, думаю, не заўважылі. Народ звычайна асабліва вустрыц і маскарпонэ не ўжывае. Хіба што ў Калінінградзе кепска. Там рынак вельмі залежаў ад прадуктовых паставак з Літвы і Польшчы. Вось там кошты выраслі на ўсю таварную лінейку.

— Вельмі супярэчлівая інфармацыя прыходзіць пра турыстычны бум у Крыме. Ці сапраўды гэтым летам было модна адпачываць на крымскіх курортах?

— Нейкая істэрыка сапраўды была, і на гэтым пагарэла вялікая колькасць тураператараў. У выніку жадаючых адпачываць у Крыму аказалася не так шмат. Тыя, хто там быў, прынамсі масквічы, па маіх назіраннях, вельмі расчараваныя: крымскія курорты на парадак адстаюць ад турэцкіх, дзе яны звычайна праводзяць адпачынак. Аматары Крыму, які бываюць там штогод, лічаць, што турпаток у Крым упаў на 40–60 працэнтаў. Шмат хто кажа, што больш у Крым не паедзе. Хацелася б верыць, што гэта першыя, хай і слабыя, адзнакі разбурэння навязанага прапагандай імперскага комплексу.