Адзіная зборная? Дзякуй, не трэба
У Паўднёвай
Карэі набірае моц рух супраць удзелу мясцовых спартсменаў у адзінай з
паўночнымі карэйцамі камандзе.
«Сімвалічныя гульні міра і карэйскага адзінства», — такі штамп з’явіўся ў прэсе пасля таго, як КНДР і Рэспубліка Карэя ў студзені дамовіліся выставіць у Пхёнчхане агульную каманду. Пазней стала вядома, што КНДР пашле на Гульні 22 спартсмена, якія выступяць у пяці дысцыплінах (фігурнае катанне, канькабежны спорт, лыжныя гонкі, горныя лыжы і хакей).
З улікам таго, што Карэйскі паўвостраў — зона надзвычайна высокай палітычнай напружанасці, а КНДР увогуле не выключала байкоту Гульняў, навіна стала прыемнай сенсацыяй. Больш за тое: магчыма, гэта — толькі пачатак дыялогу. Паведамляюць пра запланаваную сустрэчу прэзідэнта краіны Мун Чжэ Іна з фармальным лідарам КНДР Кім Ён Намам. А сам Мун Чжэ Ін нават дапускае, што Алімпіяда створыць падмурак для рэдакцыі нейкай дарожнай кнігі аб’яднання.
На першы погляд, падобныя працэсы, якія спынілі спіраль эскалацыі, можна было б толькі вітаць. Між тым шмат хто незадаволены ідэяй агульнай зборнай.
Вельмі заклапочаная кантактамі паміж Сеулам і Пхеньянам Японія, якая традыцыйна не жадае аднаўлення адзінай карэйскай дзяржавы. Карэйска-японскія праблемы ўжо адлюстраваў скандал вакол дызайну сцягу адзінай карэйскай каманды — мапа Карэі на белым поле. На сцягу выяўленыя таксама выспы, прыналежнасць якіх аспрэчваецца японскім бокам. Зараз тыя выспы кантралююцца жаўнерамі Рэспублікі Карэя, якая трымае там невялікі гарнізон. Натуральна, у Токіа не прайшлі міма правакацыі са сцягам, даслаўшы Паўднёвай Карэі дыпламатычны пратэст.
Аднак і ў самой Паўднёвай Карэі хапае праціўнікаў ідэі аб’яднаная карэйскай каманды. Паводле сацыялагічных апытанняў, толькі 40 працэнтаў жыхароў Паўднёвай Карэі вітаюць выхад атлетаў абедзвюх краін пад адным сцягам.
Найперш супраць адзінай каманды выступае правая апазіцыя. На яе думку, цяперашні леваліберальны кабінет краіны эксплуатуе тэму карэйскага адзінства ў мэтах павялічэння рэйтынгу. Пры гэтым Мун Чжэ Ін, як лічаць яго праціўнікі, здрадзіў дэмакратыі, адмаўляючыся ўздымаць пытанне наяўнасці на Поўначы антынароднай дыктатуры.
Натуральна, прадстаўнікі гэтага лагера бачаць у алімпійцах КНДР агентаў спецслужбаў, якіх можа цікавіць інфраструктура Пхёнчхана, што знаходзіцца ўсяго ў 80 кіламетрах ад мяжы.
Істэрыка даходзіць да таго, што сябры некаторых патрыятычных арганізацый на час Гульняў выпраўляюць сем’і як мага далей на поўдзень, а самі збіраюцца ахоўваць бераг краіны ад шпіёнаў з паўночнакарэйскіх сумбарынаў. Паводле нямецкай газеты Tageszeitung, у Карэі сябрамі арганізацый такога кшталту з’яўляюцца каля 20 тысяч чалавек.
Пратэстуе супраць адзінай каманды і непалітызаваная грамадскасць. Шматалікіх аматараў спорту непакоіць новы фармат адзінай каманды, які, маўляў, не дазволіць карэйцам дамагчыся высокіх паказчыкаў. Трэнерам камандных відаў спорту прыходзіцца імкліва пераглядаць усе напрацоўкі, бо да якіх далучыліся новыя «паўночнакарэйскія сябры». Напрыклад, у шоку ад «спартовага аб’яднання» трэнер паўднёвакарэйскай жаночай хакейнай каманды амерыканка Сара Мюрэй. Не кажучы пра тое, што спартсмены з КНДР не разумеюць англійскую.
Праўда, і камунікацыя на роднай мове выклікае цяжкасці паміж самімі карэйцамі. На першых жа трэніроўках тыя ж хакеісткі сутыкнуліся з праблемай моўнага бар'ера. Справа ў тым, што пасля распаду на Поўнач і Поўдзень абедзве краіны маюць аднолькавую пісьменнасць і падобныя мовы. Аднак адсутнасць дыпламатычных зносін і розніца ідэалогій прывялі да з'яўлення шэрагу адрозненняў, якія не разумеюць па абодва бакі 38-й паралелі. Так, напрыклад, у Паўднёвай Карэі шмат тэрміналогіі, звязанай са спортам, былі ўзятыя з англійскай мовы і адаптаваныя пад карэйскую. Затое ў КНДР для азначэння гэтых паняццяў ствараліся спецыяльныя ўласнакарэйскія словы.
Палітолагі пішуць, што вельмі кволая рэакцыя ў Паўднёвай Карэі на ідэю адзінай зборнай ілюструе слабы інтарэс да ідэі аб’яднання ўвогуле, перш за ўсё сярод прадстаўнікоў новай генерацыі. Для большасці маладых карэйцаў на Поўдні тэма адзінай Карэі — архаізм, фішка бацькоў. У прынцыпе грамадства не супраць адзінства Карэі, аднак кошт магчымага аб’яднання шмат каго пужае.
У гэтым плане гісторыя з адзінай зборнай узняла вельмі далікатнае для Сеула пытанне: што рабіць, калі рэжым Кімаў абрынецца з-за нейкіх унутраных супярэчнасцяў?