Адзін з лідэраў ДНР: У праблемах Данбаса вінаватыя масоны
Першы віцэ-прэм'ер групоўкі ДНР Уладзімір Анцюфееў лічыць, што ў праблемах Данбаса вінаватыя заходнія масоны.
«У тым, што ў нас цяпер не працуюць банкі, крамы, аэрапорт, ніхто не вінаваты акрамя фашыстаў Украіны і масонаў Еўропы і ЗША», — сказаў Анцюфееў. Сваімі перакананнямі ён падзяліўся з расійскай «Новай газетай».
На ўдакладняючае пытанне, ці сапраўды вінаватыя масоны, Анцюфееў адказаў: «А хіба мы не ведаем, які ўплыў маюць масонскія ложы на Захадзе!».
Да таго ж, ён параіў карэспандэнту з ім не спрачацца і выказаў меркаванне, што ЗША і Украіна гэта дзяржавы, якія распадаюцца.
Анцюфееў стаў першым віцэ-прэм'ерам ДНР, якую Украіна лічыць тэрарыстычнай арганізацыяй, у жніўні гэтага года. У 1970-х гадах ён працаваў у структурах МУС Латвіі, дзе яго падазраюць у дачыненні да гібелі мірных людзей падчас атрымання гэтай балтыйскай дзяржавай незалежнасці ў 1991 годзе. На працягу двух дзесяцігоддзяў (1992-2012) Анцюфееў кіраваў міністэрствам дзяржаўнай бяспекі Прыднястроўя, самаабвешчанага рэгіёну Малдовы. Ён таксама ствараў такія структуры ў Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, самаабвешчаных рэгіёнах Грузіі.