Камандзір узвода батальёна «Айдар»: Не бачу падстаў для поспеху перамоваў у Мінску
У Украіны няма прычын згаджацца на той варыянт, на які пайшлі Малдова ў Прыднястроўе, Грузія ў Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.
Пра гэта заявіў Яўген Дзікі, палітолаг Міжнароднага інстытута дэмакратыі (Кіеў), цяпер — камандзір узвода ў Добраахвотніцкім батальёне «Айдар», які ваюе на баку
ўкраінскіх уладаў, у каментары БелаПАН.
«Як байцу «Айдара», як любому байцу, які кожны дзень губляе сваіх таварышаў, мне б вельмі хацелася верыць у поспех гэтых перамоваў і што вайна хутка
скончыцца, — адзначыў ён. — Але, шчыра кажучы, я не бачу падставаў спадзявацца на поспех гэтых перамоваў. З ваеннага пункту
гледжання, Украіна перамагае, калі Расія не кіне ў бой свае рэгулярныя часткі. Прарасійскія добраахвотнікі, нават узмоцненыя расійскімі ваеннымі і кадравымі інструктарамі, супраць нашай рэгулярнай
арміі — гэта пытанне ад месяца да двух, мы іх даціснем».
У такой сітуацыі ў Украіны няма падстаў згаджацца на той варыянт, на які пагадзілася Малдова ў Прыднястроўе, Грузія ў Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, лічыць палітолаг.
«У той жа час не вырашана кардынальная праблема: няма такога механізму, пры якім мы можам перамагчы, а Пуцін — захаваць твар, — сказаў ён. — Калі б такі механізм быў кім-небудзь знойдзены, то гэтая вайна адразу б скончылася. Але
паколькі цяпер Пуцін зрабіў на гэтую вайну занадта вялікую стаўку і наша перамога для яго азначае страту твару з далёка ідучымі наступствамі ўнутры самой Расіі, у гэтай сітуацыі я не бачу падстаў
спадзявацца на поспех мірных перамоваў у бліжэйшыя дні. Праз месяц-паўтара — дай божа,
але цяпер наўрад ці».
Нагадаем, 26 жніўня ў Мінску адбудзецца сустрэча ў фармаце Украіна — ЕС — «Еўразійская тройка». У сустрэчы чакаецца ўдзел прэзідэнта Украіны Пятра
Парашэнкі, лідэраў краін — членаў Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана
Аляксандра Лукашэнкі, Уладзіміра Пуціна і Нурсултана Назарбаева, вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і намесніка старшыні Еўракамісіі Катрын Эштан, еўракамісара па гандлі Карэл дэ Гюхт і
намесніка старшыні Еўракамісіі Гюнтэра Этынгера. Прадметам перамоваў, як паведамляе прэс-служба ўкраінскага прэзідэнта, стануць пытанні, звязаныя з выкананнем пагаднення аб асацыяцыі паміж
Украінай і ЕС, энергетычнай бяспекі і стабілізацыі сітуацыі на Данбасе. Прэс-сакратар расійскага прэзідэнта заявіў, што «плануецца абмяркоўваць адносіны Мытнага саюза і
Украіны».
Паводле naviny.by