Адміністрацыя Байдэна падтрымала стварэнне 51-га штата ЗША
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Джо Байдэна афіцыйна падтрымала пераўтварэнне федэральнай акругі Калумбія ў 51-ы штат. Пра гэта паведамляе «The Washington Times».
«Занадта доўга звыш 700.000 жыхароў Вашынгтона, акруга Калумбія, былі пазбаўленыя паўнавартаснага прадстаўніцтва ў Кангрэсе ЗША», — гаворыцца ў заяве ўпраўлення бюджэтам і адміністрацыйнай палітыкі, якую цытуе АФН.
Падкантрольная дэмакратам Палата прадстаўнікоў на гэтым тыдні павінна прагаласаваць за заканадаўства, якое прадугледжвае, што акруга Калумбія атрымае аднаго прадстаўніка ў Палаце прадстаўнікоў і двух сенатараў у Сенаце ЗША.
Новая адміністрацыйная адзінка будзе перайменаваная ў штат Вашынгтон, Садружнасць Дугласа, у гонар амерыканскай іконы грамадзянскіх правоў Фрэдэрыка Дугласа. Федэральныя будынкі застануцца па-за тэрыторыяй новага штата.
У мінулым годзе Палата прадстаўнікоў таксама прыняла закон, каб зрабіць акругу Калумбія штатам, але рашэнне не падтрымаў Сенат, тады падкантрольны рэспубліканцам. Тыя заявілі, што адміністрацыйная рэформа — спроба ўмацаваць уладу дэмакратаў у Кангрэсе, пашырыўшы іх прадстаўніцтва.
У акрузе Калумбія пражываюць больш жыхароў, чым у штатах Вермонт і Ваёмінг, а яго жыхары плацяць больш федэральных падаткаў, чым у іншых 22 штатах.
Апошні раз новыя штаты з’явіліся ў ЗША ў 1959 годзе, калі гэты статус атрымалі Аляска, стаўшы 49-м штатам, і Гаваі (50-ы штат).
У акругу Калумбія ўваходзяць амерыканская сталіца Вашынгтон, а таксама Джорджтаўн і графства Вашынгтон. Акруга была створаная разам з горадам для таго, каб сталіца ЗША не падпарадкоўвалася ні аднаму штату.