У футбольнай зборнай Беларусі новы трэнер. Яго «выпісалі» з Руанды
Чарговы крок Беларускай федэрацыі футбола, які цяжка зразумець.
Беларускую зборную
па футболе ўзначаліў 48-гадовы іспанскі трэнер Карлас Алас Федэр, пра гэта паведамляе
прэс-служба Белрускай федэрацыі футбола. Старшыня арганізацыі, былы лукашэнкаўскі
чыноўнік Мікалай Шарснёў падпісаў з трэнерам адпаведнае пагадненне аб
супрацоўніцтве.
Адзначаецца, што кантракт разлічаны да канца 2024 года з магчымай опцыяй падаўжэння на адзін сезон у выпадку выканання пастаўленых задач. Такім чынам, іспанскі спецыяліст будзе кіраваць галоўнай футбольнай камандай Беларусі да канца кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы-2024 года, а таксама ў розыгрышы Лігі нацый сезона 2024/2025. Поўны склад абноўленага трэнерскага штаба стане вядомы пазней, удакладнілі ў БФФ.
Карлас Алас Ферэр з 2003 па 2009 год пачынаў сваю трэнерскую кар'еру ў структурах іспанскіх футбольных клубаў «Ампоста», «Ракеценк» і «Тартоса». Далей на працягу трох гадоў з 2009 па 2011 быў асістэнтам галоўнага трэнера ў футбольным клубе «Кітчы» з Ганконга. З 2011 па 2014 год працаваў з юніёрскай (U-19) камандай футбольнага клуба «Барселона». Далей была праца галоўным трэнерам у польскім футбольным клубе «Погань» (2015), казахскім «Кайраце» (2017—2018), з якім быў заваяваны Кубак Казахстана, мараканскім футбольным клубе ФАР (2019), катарскім «Катар СК» (2019) і кіпрскім «Эносісе» (2020-2021). З 2015 па 2017 год Карлас Алас Ферэр узначальваў юнацкую (U-17) зборную Казахстана.
З 2022 года і да нядаўняга часу іспанец працаваў з нацыянальнай зборнай Руанды, якая займае ў сусветным рэйтынгу толькі 138 месца, то-бок гэтая каманда значна слабейшая нават за беларускую.
Як зазначае «Трыбуна», новы галоўны трэнер зборнай Беларусі Карлас Алас за апошнія тры гады атрымаў усяго 7 перамог у 34 матчах.
У зборнай Руанды статыстыка ўвогуле жудасная — 0 перамог, 4 матчы ў нічыю і 3 паражэнні.
Тут можа ўзнікнуць пытанне: навошта футбольная федэрацыя ырашыла выпісаць з далёкай Афрыкі спецыяліста, які нічым асаблівым у трэнерскай прафесіі не вызначыўся? Чым ён лепшы за беларуса Георгія Кандрацьева, які кіраваў камандай цягам апошніх некалькіх гадоў? Што адзін прайграваў, то і другі будзе.
Выглядае, што адказ просты. Кіраўнікі федэрацыі і лукашэнкаўскія спартыўныя чыноўнікі давялі футбол да такога стану, што не бачаць выхаду з сістэмнага крызісу. Пазваць у такой сітуацыі іншаземца — гэта як дэклараваць фактычна надзею на нейкі цуд.
Адразу пасля адстаўкі Кандрацьева з’явіліся чуткі, што
ў Доме футбола прынцыпова шукаюць на зборную замежнага трэнера. Міжнародны трэнерскі рынак велізарны, там шмат добрых дасведчаных спецыялістаў. Але
беларуская зборная, як і ўвесь беларускі футбол, зараз настолькі слабы, што
знайсці ахвочага да такой працы змаглі толькі ў Руандзе.