Міжнародная федэрацыя праверыць прычыны адхілення ад спаборніцтваў беларускіх лыжніц
У аўторак Святлана Андрыюк і Дар'я Далідовіч заявілі, што іх пазбавілі магчымасці ўдзельнічаць у спаборніцтвах праз падтрымку апазіцыі.
«Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту» (FIS) пачала праверку прычын адхілення ад спаборніцтваў беларускіх лыжніц Святланы Андрыюк і Дар'і Далідовіч. Пра гэта ТАСС паведамілі ў FIS.
У аўторак Андрыюк і Далідовіч заявілі «Reuters», што іх
пазбавілі магчымасці ўдзельнічаць у спаборніцтвах праз падтрымку апазіцыйных
палітычных сіл у Беларусі. Спартсменкі адзначылі, што «Беларуская федэрацыя
лыжных гонак» у мінулым месяцы дэактывавала іх індывідуальныя ідэнтыфікацыйныя
нумары ў FIS, якія неабходныя для ўдзелу ў спаборніцтвах.
«FIS пацвярджае, што коды FIS двух спартсменаў у нашай
базе даных у цяперашні час адлюстроўваюцца як "неактыўныя", — гаворыцца ў заяве міжнароднай федэрацыі. — FIS звязваецца з "Беларускай
федэрацыяй лыжных гонак", каб атрымаць усю інфармацыю пра згаданых спартсменаў, і
прадаставіць любую новую інфармацыю па меры яе паступлення».
Святлане Андрыюк 22 гады, адсутнасць права выступаць на спаборніцтвах
FIS пазбавіла яе магчымасці кваліфікавацца на Алімпійскія гульні ў Пекіне. Дар'і Далідовіч 17 гадоў, яна з'яўляецца дачкой удзельніка сямі алімпіяд Сяргея
Далідовіча.
У «Беларускай федэрацыі лыжных гонак» на запыт ТАСС на момант публікацыі навіны адказу не далі.