Забойства Вільгельма Кубэ (гісторыка-дакументальнае эсэ). Частка 11.

Кажуць, калі Мазанік жыла на генеральскай дачы, жонкі генералаў, якія жылі побач, часта падсмейваліся і кпілі з яе: «Якая ты гераіня, ты проста прастытутка». Каб пакончыць з гэтымі кпінамі, Алена і яе сястра Валянціна аднойчы надзелі свае высокія дзяржаўныя ўзнагароды, выпілі для храбрасці і, узяўшы калы, пайшлі малаціць вокны генеральскіх дачаў. (На здымку: Алена Мазанік з лістом ад Аніты Кубэ)



6ffcc0d3641930e3d8980ec43343ccc5.jpg

Кажуць, калі Мазанік жыла на генеральскай дачы, жонкі генералаў, якія жылі побач, часта падсмейваліся і кпілі з яе: «Якая ты гераіня, ты проста прастытутка». Каб пакончыць з гэтымі кпінамі, Алена і яе сястра Валянціна аднойчы надзелі свае высокія дзяржаўныя ўзнагароды, выпілі для храбрасці і, узяўшы калы, пайшлі малаціць вокны генеральскіх дачаў.

(На здымку: Алена Мазанік з лістом ад Аніты Кубэ)


Жыццё пад страхам
Вярнуцца ў Мінск, у Беларусь, пасля вызвалення рэспублікі Мазанік і яе сястру Валянціну прымусіў першы сакратар ЦК КП(б)Б Панамарэнка. «Гераіня свайго народа павінна жыць у сябе на радзіме», — казаў ён.
Вярнуўшыся з Масквы, Алена нейкі час жыла ў Новабеліцы, на Гомельшчыне (цяпер мікрараён Гомеля), потым пераехала ў Мінск, дзе непрацяглы час жыла ў бараку на вуліцы Лодачнай (гэта вуліца і цяпер знаходзіцца паміж вуліцай Чырвонаармейскай і ракою Свіслач паралельна вуліцы Ульянаўскай), потым пераехала жыць на вуліцу Энгельса. На працягу свайго жыцця Мазанік часта мяняла кватэры. Яна жыла яшчэ на Камуністычнай, 10, на Янкі Купалы (каля будынка Мінскага дзяржаўнага цырка), на Берасцянскай, на Чачэрына, 2. На Чачэрына яна і памерла на 83-м годзе жыцця.
Усё жыццё яна зачынялася на мноства замкоў. Каго ж баялася Герой Савецкага Саюза Алена Мазанік, жывучы ў Мінску? Спачатку — помсты. У Вільгельма Кубэ засталіся 4 сыны, і яны маглі адпомсціць за смерць бацькі. Калі ў Мінск пачалі прыходзіць з Германіі лісты ад Аніты Кубэ, Мазанік баялася браць іх у рукі, бо думала, што яны могуць быць з атрутай ці заражаны якой-небудзь пошаснай хваробай.
З цягам часу лісты Аніты Кубэ супакоілі яе, але потым Мазанік пачала баяцца помсты з боку жыхароў Мінска. Родзічаў расстраляных заложнікаў.
Потым яна баялася, што яе абрабуюць, бо пайшла па гораду Мінску такая чорная хваля — ветэранаў вайны і іх кватэры пачалі рабаваць.
Пазней, калі ўсе страхі адпалі, Мазанік баялася памерці ад гіпертанічнага крызу ў адзіноце. Таму ў яе доме амаль увесь час жылі домработніцы.
Першай домработніцай была Марыйка (Марыя Міхайлаўна Малькевіч). Яна жыла ў Мазанік у 1965–1976 гадах. Домработніцы былі зацікаўлены мець пастаянную прапіску, каб потым стаць на чаргу для атрымання ўласнага жылля ў Мінску. Мазанік зга­джалася на прапіску домработніцы, не брала платы за жыллё і харчаванне, але і не плаціла за дапамогу ў вядзенні хатняй гаспадаркі. У 1976 годзе Марыйка выйшла замуж і пераехала жыць да мужа. Пра Алену Рыгораўну ў Марыйкі засталіся самыя светлыя і цудоўныя ўспаміны як пра добрага, душэўнага, сціплага чалавека.
У 1978–1992 гадах домработніцай у Мазанік працавала Галіна (аднавяскоўка Марыйкі). Яна закончыла прафтэхвучылішча будаўнікоў і працавала ў той час на Мінскім аўтамабільным заводзе. Галіна добра зарабляла на МАЗе і па дакументах Мазанік купіла дэфіцытную ў той час аўтамашыну «Жыгулі». Сваім фотаапаратам «Зенит» яна зрабіла для Мазанік шмат аматарскіх здымкаў з яе жыцця. Але праз нейкі час у Галіны памёр бацька, цяжка захварэла маці, і яна пакінула дом Мазанік. Новую домработніцу знайсці не ўдалося.
За два гады да смерці Мазанік пачала даглядаць яе пляменніца Лілія Пігулеўская (дачка Валянціны Шчуцкай ад першага шлюбу). Яна прыбрала да сваіх рук матчын Ордэн Леніна і цётчыну Зорку Героя Савецкага Саюза. Ліля Пігулеўская прадала іншыя дзяржаўныя ўзнагароды Алены Мазанік — Ордэн Леніна, іншыя ордэны і медалі.
Працуючы ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы АН БССР імя Якуба Коласа спачатку намеснікам дырэктара бібліятэкі (а потым займалася падпіскаю на перыядычныя выданні як паштовы работнік), Алена Рыгораўна сядзела за сталом на другім паверсе вялікага лесвічнага хола справа ля акна. Яна адчувала сябе ізгоем, была адзінокай, самотнай. Я яе там часта бачыў, прыходзячы ў бібліятэку.
У апошнія гады Мазанік пакутавала ад вострых псіхічных захворванняў. Пасля вячэрняй прагулкі ў двары свайго дома, яна памерла ва ўласнай кватэры 7 красавіка 1996 года. Пахавана на Маскоўскіх могілках горада Мінска. Хавалі Алену Мазанік з усімі дзяржаўнымі ўшанаваннямі. У пахаванні ўдзельнічаў А.Р. Лукашэнка. І так распарадзіўся лёс: гаўляйтара Кубэ і Героя Савецкага Саюза Мазанік хавалі з аднаго будынка — Дома афіцэраў, толькі з розніцай у 53 гады.
Выдаткі на пахаванне і ўстаноўку помніка ўзяла на сябе дзяржава. Развітацца з Аленай Рыгораўнай прыйшло шмат народу. Многія плакалі. На магіле Мазанік заўсёды жывыя кветкі. Рашэннем Мінскага гарвыканкама на доме па вуліцы Чачэрына, 2, дзе жыла ў апошнія гады Алена Рыгораўна Мазанік, за кошт дзяржавы ўстаноўлена мемарыяльная дошка. У вёсцы Паддзягцярня, дзе яна нарадзілася, у яе гонар названа вуліца.
Чацвёртая жанчына
Пры пэўным збегу абставінаў Сталін мог прадставіць да высокіх дзяржаўных узнагарод не трох жанчын, што ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы забойства Вільгельма Кубэ, а чатырох.
Аднойчы Вільгельму Кубэ спадабалася прыгожая ўрач-беларуска. Але потым яна знікла з яго поля зроку. Яму нічога не ўдалося даведацца пра яе, і ў канцы чэрвеня 1942 года спецыяльна была склікана «медыцынская канферэнцыя», на якой выступіў Кубэ. На гэтай канферэнцыі прысутнічала і прыгажуня-ўрач 1-й бальніцы (на вул. Ленінскай).
Яе сфатаграфавалі. Фатаграфія была перададзена з даручэннем зрабіць так, каб прыгажуня апынулася ў доме Кубэ ці ў якасці «пакаёўкі» яго жонкі Аніты, ці ў якасці эканомкі.
Прыгажуня напачатку ледзьве не пакончыла жыццё самагубствам, але потым перадумала і дала згоду быць у асабняку Кубэ ў якасці прыбіральшчыцы. Гэта была Таццяна Нікіцічна Каліта.
Яна трымала сябе на новым месцы «службы» незалежна і з пачуццём уласнай годнасці. Вільгельм і Аніта празвалі яе «бальшавічкай» і ў маі 1943 года выставілі за вароты асабняка. Таццяна не раз выказвалася, што яна ўрач і ёй трэба лячыць людзей у лагеры ваеннапалонных, а не купаць генеральскіх сабак. Інфармацыя пра гэтыя размовы даходзіла да Кубэ. Спачатку яе хацелі адправіць у Германію на прымусовыя работы. Але фрау Аніта настаяла на тым, каб проста выгнаць «строптивую прислугу» з асабняка і ніякіх карных мер супраць яе не распачынаць.
Каб ведала Аніта, што менавіта Каліта звязала падпольшчыцу Траян з Мазанік…
Самалёт СІ–47 да апошняй хвіліны чакаў на аэрадроме пад Бягомлем партызанскага ўрача Таццяну Каліту. А ў гэты час Т.Н. Каліта з правадніком Архіпам (мянушка партызана Івана) Прытчыным дабіраліся на гэты аэрадром і… спазніліся. Калі яны дасягнулі аэрадрома, самалёт ужо перасякаў лінію фронту. Экіпаж самалёта СІ–47 не мог чакаць бясконца, і камандзір выруліў на старт. На яго борце былі А.Р. Мазанік, М.Б. Осіпава, Н.В. Траян, камандзір спецатрада «Феликс» І.Ф. Залатар, В.Р. Шчуцкая і яе дзеці.
Яшчэ невядома, як бы склаўся яе далейшы лёс, калі б яна патрапіла ў Маскву разам з Мазанік, Осіпавай і Траян.
Пасля вайны Таццяна Каліта вярнулася ў медыцынскі інстытут і працягвала навуковую дзейнасць. Але ў сваёй біяграфіі яна напісала, што «работала уборщицей у Кубэ». А гарадскія ўлады Мінска, толкам не разабраўшыся, нават спрабавалі выселіць сям’ю Каліты з Мінску.
Яе ўпарта «забывалі» запрашаць на ўрачыстыя сходы і сустрэчы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. А сціплыя ўзнагароды — медалі «Партизану Отечественной войны» ІІ ступені і «Двадцать лет Победы в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг.» — ёй былі ўручаны толькі 16 лютага 1965 года.
----------------------------------------------------------------------------------------------------
Осіпава Марыя Барысаўна
Нарадзілася 27 снежня 1908 года ў вёсцы Серкавіца Талачынскага раёна Віцебскай вобласці. З сям’і рабочых. Беларуска. Служачая. У 1935 годзе скончыла Вышэйшую сельскагаспадарчую школу імя У.І. Леніна і юрыдычны інстытут у Мінску. У гады Вялікай Айчыннай вайны — кіраўнік мінскай падпольнай групы.
Паводле сведчанняў Осіпавай, першая яе сувязь з падполлем адносіцца да верасня 1941 года. У гэты час яна сустрэлася са сваёй сяброўкай — былой памочніцай пракурора горада Мінска А.А. Сакаловай. Яны вырашылі шукаць шляхі для наладжвання сувязі з існуючым Мінскім гарадскім падполлем. Практычная праца Осіпавай у той час зводзілася да таго, што Сакалова прывозіла з Уздзенскага раёна ўлёткі, а яна распаўсюджвала іх праз былога студэнта Мінскага юрыдычнага інстытута Р.М. Бромберга і рабочага завода М.Э. Столава.
У ліпені 1941 — верасні 1943 гадоў Осіпава кіравала тэрытарыяльнай падпольнай арганізацыяй, якая мела сувязь з Мінскім падпольным гаркамам КП(б)Б, партызанскімі атрадамі «Дима», «Местные» («Градава»), брыгадамі «Жалязняк», М.М. Нікіціна і 200-й імя К.К. Ракасоўскага.
У падпольную арганізацыю ўваходзілі, паводле няпоўных звестак, звыш 50 чалавек.
Пасля вайны Осіпава — член Вярхоўнага суда БССР, ганаровы грамадзянін Мінска з 1968 года і горада Нурэк (Таджыкістан). Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. У памяць аб загінуўшых партызанах атрада «Дима» яна ўнесла важкі грашовы ўклад у будаўніцтва царквы ў вёсцы Янушкавічы Лагойскага раёна.
Памерла Марыя Барысаўна Осіпава 5 лютага 1999 года. Пахавана на Маскоўскіх могілках у Мінску. Выдаткі на пахаванне і ўстаноўку помніка ўзяла на сябе дзяржава. Рашэннем Мінскага гарвыканкама на доме, дзе ў апошнія гады жыла Осіпава (вуліца Кісялёва, 11), устаноўлена мемарыяльная дошка.
Траян Надзея Віктараўна
Нарадзілася 24 кастрычніка 1921 года ў горадзе Верхнядзвінску Віцебскай вобласці. З сям’і служачага. Беларуска. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны на падпольнай рабоце ў горадзе Смалявічы Мінскай вобласці, адна са стваральніц падпольнай камсамольскай арганізацыі. 3 ліпеня 1942 года — разведчыца і медыцынская сястра партызанскага атрада «Буря» 4-й партызанскай брыгады «Дяди Коли» Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці.
У 1947 годзе закончыла 1-ы Маскоўскі медыцынскі інстытут. Кандыдат медыцынскіх навук (1962). Пасля вайны — выкладчык ВНУ, дырэктар Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута санітарнай асветы СССР, старшыня выканкама Савецкага Чырвонага Крыжа, прарэктар 1-га Маскоўскага медыцынскага інстытута.
У 1968–1975 гадах я працаваў у Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. Аднойчы, зімой 1972 года, калі я збіраўся ў камандзіроўку ў Маскву, Галоўная рэдакцыя БелСЭ прапанавала мне адвезці на візу артыкул пра Героя Савецкага Саюза Н.В. Траян, які планавалася змясціць у 9-м томе. У кватэры мяне сустрэла домработніца і паведаміла, што Траян цяпер на дачы за горадам піша справаздачны даклад. Я пакінуў артыкул на візу Траян і заехаў за ім перад ад’ездам у Мінск. Артыкул быў завізіраваны, правак ніякіх не было (дарэчы, тэкст гэтага артыкула і да нашага часу публікуецца без зменаў у энцыклапедычных выданнях Беларусі). Яе зноў дома не было.
Узнагароджана медалём «Залатая Зорка» Героя Савецкага саюза, ордэнам Леніна, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыннай вайны І ступені, ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Дружбы народаў, шматлікімі медалямі.
Надзея Траян жыла ў Маскве. Памерла 7 верасня 2011 года.
Каліта Таццяна Нікіцічна
Нарадзілася 6 снежня 1918 года ў Мінску. У 1940 годзе закончыла Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут (МДМІ). З 1 верасня 1940 года да 22 чэрвеня 1941 года — аспірантка кафедры нармальнай анатоміі МДМІ. Са студзеня 1941 года па ліпень 1942 года — стажор 1-й Савецкай бальніцы ў Мінску. З ліпеня 1942 года па май 1943 года — прыбіральшчыца ў асабняку Кубэ. З чэрвеня па верасень 1943 года сувязная спецгрупы «Феликс», з верасня 1943 года да пачатку ліпеня 1944 года — урач спецгрупы «Феликс», начальнік санітарнай службы 3-га партызанскага атрада брыгады «Железняк». З кастрычніка 1944 года — асістэнт, з 1959 года — дацэнт кафедры нармальнай анатоміі МДМІ.
У 1954 годзе Каліта абараніла кандыдацкую дысертацыю «Строение и связи поясничного отдела пограничного симпатического ствола человека».
Памерла 21 жніўня 1996 года.

 Частка 10<<>>Частка 12