Шклоўская зорка

Гэта аповед пра музыку, жыццё якога стала адной суцэльнай дарогай. Менавіта такія асобы, як герой гэтага аповеду, становяцца прататыпамі і народных легенд, і эпічных паэмаў.

huzikau.jpg


У Беларусі было шырока распаўсюджана так званае клезмерства. Клезмеры — гэта яўрэйскія народныя музыкі, якія стваралі адметнае аблічча старадаўняй гарадской культуры Беларусі. Не быў выключэннем і Шклоў. У пачатку XIX стагоддзя тут жыў бедны флейтыст Іосіф Гузікаў, які зарабляў граннем на вяселлях і пагулянках у наваколлі. Яму дапамагалі яго дзеці, адзін з іх — Міхал. Публіка звярнула ўвагу на талент маладога музыкі.
У 1825 годзе Міхал ажаніўся, хутка нарадзіліся дзеці, і трэба было працаваць яшчэ больш, каб пракарміць сям’ю. Але ў 1831 годзе ён захварэў на сухоты і не мог больш граць на флейце. Тое, што звычайна становіцца нагодай наракаць на лёс, было для Міхала Гузікава штуршком да творчай перабудовы свайго жыцця. Ён авалодаў ксілафонам — інструментам з саломы і драўляных брусочкаў, шырока распаўсюджаным на Беларусі.

За тры гады Гузікаў навучыўся віртуозна граць і набыў вялікую папулярнасць у шклоўскім наваколлі. Міхал граў для сялян у мясцовых вёсках і ў палацы графа Зорыча. Выступаў разам з братамі на Украіне. У Кіеве яго пачуў знакаміты скрыпач Караль Ліпіньскі: «Вы — мастак лепшы за мяне. Бо я карыстаюся гатовымі сродкамі, а Вы ствараеце новыя».
Затым быў Адэскі тэатр, дзе ім апекаваўся князь Міхаіл Варанцоў. Госці вечароў у палацы Варанцова — знакамітасці Еўропы і Расіі — раілі музыку адправіцца на гастролі ў Заходнюю Еўропу. І Міхал Гузікаў адважыўся пусціцца ў шлях па еўрапейскіх дарогах. Варшава. Львоў. Кракаў. Прага. Музыка паступова робіцца зоркай вялікіх тэатральных сцэнаў, а таксама грае ў корчмах і на плошчах.
У 1836 годзе ўжо знакаміты ў Еўропе ксілафаніст Гузікаў прыехаў у Вену. Ім захапляўся князь Клеменс Метэрніх, і ён жа наладзіў яго выступ для аўстрыйскага імператара, які ўручыў Міхалу памятныя падарункі. У венскім тэатры, па сведчанню тагачасных крытыкаў, «апладысменты былі бурнымі, зала скалыналася ад крыкаў «брава!», тупалі нагамі, крычалі… чым толькі маглі выражалі сваё захапленне».
Як крытыкаў, так і слухачоў падкупляў нацыянальны каларыт Гузікава: усе звярталі ўвагу на яго яўрэйскі касцюм і чорныя пэйсы па скронях з-пад традыцыйнай шапачкі. У крамах Вены пачалі прадаваць яго партрэты, а жанчыны рабілі сабе «прычоску Гузікава» («сoiffure Gusikov»).
Гузікаў выправіўся на гастрольны тур па Германіі: Мюнхен, Лейпцыг, Берлін, Франкфурт і Гамбург. На канцэрце ў Лейпцыгу яго слухаў Фелікс Мендэльсон, а крытыкі адзначалі, што Гузікаў граў «чыста і выразна, нават з густам і элегантнасцю». Міхал выступаў на сцэне парыжскай оперы па рэкамендацыі ўплывовых слухачоў з Германіі і паспяхова трымаў канкурэнцыю з французскімі музыкамі. А Ферэнц Ліст у лісце да Жорж Санд пісаў, што Гузікаў грае на інструменце «з самых бязгучных целаў — дрэва і саломы, а яму апладзіруе зараз увесь Парыж».
Наперадзе быў яшчэ і Лондан. Але ў музыкі абвастрылася хвароба, і ён задумаўся пра вяртанне ў родны Шклоў да сям’і. У 1837 годзе ён выправіўся ў Бельгію, каб даць канцэрт па шляху да радзімы, але падчас выступлення ў Аахене яму зрабілася кепска. І неўзабаве музыка памёр, так і не даехаўшы да радзімы. Гузікава пахавалі на яўрэйскіх могілках у Аахене.
Ці адчуваюць беларусы, што гэты чалавек — часцінка нашай гісторыі? Беларускія брусочкі і салома, нашы мелодыі — гэта ўсё праславіў яўрэйскі музыка-клезмер, якому, верагодна, не было справы да нацыянальнага адраджэння Беларусі. Яўрэйскія супольнасці ў беларускіх мястэчках адрозніваліся замкнёнасцю і адноснай самастойнасцю. Але ці застанёмся мы самі замкнёнымі да таго, што рабілася ў нашых мястэчках у той перыяд гісторыі, калі мы ў іх не гаспадарылі?