Рымская вандроўка

Рым — вечны горад на сямі пагорках, сталіца старажытнай імперыі і сучаснай Італіі, з Ватыканам, рэзідэнцыяй Папаў, зямных намеснікаў і кіраўнікоў буйнейшай хрысціянскай царквы,— вабіць безліч турыстаў і не меншую колькасць паломнікаў. (На здымку: палац Радзівілаў)



3e60e09c222f206c725385f53d7e567c.jpg

Рым — вечны горад на сямі пагорках, сталіца старажытнай імперыі і сучаснай Італіі, з Ватыканам, рэзідэнцыяй Папаў, зямных намеснікаў і кіраўнікоў буйнейшай хрысціянскай царквы,— вабіць безліч турыстаў і не меншую колькасць паломнікаў.

(На здымку: палац Радзівілаў)


Заснаваны ў 753 годзе да нараджэння Хрыстова, Рым не проста перапоўнены помнікамі культуры амаль трох тысячагоддзяў, ён — сапраўдны горад-музей. Пабачыць антычныя трыумфальныя аркі і калоны, найвялікшы амфітэатр старажытнасці Калізей, гарадскія форумы і Капітолій, сабор св. Пятра з велічнай каланадай Берніні і Ватыканскія музеі — мара кожнага, каго вабіць вецер вандраванняў. Блукаючы па звыклых маршрутах, ці можа наш суайчыннік вылучыць у Рыме мясціны, якія звязваюць Вечны горад з яго далёкай радзімай? Можа: такіх кропак нямала.
Пад купалам вечнасці
Багата хто з наведвальнікаў Рыма пачынае сваё знаёмства з горадам з візіту да сабора св. Пятра. Манументальны храм паўстаў непадалёк ад месца, дзе пры Нероне быў распнуты на крыжы сам апостал, і замяніў прыгожую царкву, пабудаваную яшчэ імператарам-хрысціянінам Канстанцінам. Ён — вынік працы некалькіх пакаленняў архітэктараў, якая пачалася пры папе Юлію ІІ у першае дзесяцігоддзе XVI стагоддзя па праекце Брамантэ: для будынка быў абраны план грэцкага крыжа, увенчанага купалам.
Будаўніцтва доўжылася 176 гадоў, да яго далучаліся Рафаэль і Сангала; Мікеланджэла распрацаваў велічны, як само неба, купал. Нарэшце, Ларэнца Берніні ў сярэдзіне XVII стагоддзя завяршыў ансамбль, дадаўшы каланаду, якая быццам бы двума рукамі абдымае плошчу перад фасадам храма, прыцягваючы да брамы веры шырокі свет людзей.
Мала хто ў Беларусі ведае, што распрацаваны Брамантэ і Мікеланджэла план святыні, дзе падкупальны квадрат з чатырох бакоў абкружалі роўныя па даўжыні прасторы, быў выкарыстаны ў Полацку. Яго ўзялі за ўзор пры аднаўленні ў 1610-я гады зруйнаванай Іванам Жахлівым полацкай св. Сафіі, каб падкрэсліць яе першынства і веліч у беларускай царкве, роўную велічы сабора Пятра.
План даставілі з Рыму агенты Ясафата Кунцэвіча, полацкага уніяцкага архібіскупа, і таму дагэтуль, нягледзячы на пазнейшыя кардынальныя перабудовы, у храме Сафіі з трох бакоў можна назіраць аднолькавыя паўкруглыя завяршэнні бакавых і алтарнай частак. Як у саборы Пятра. Напэўна, невыпадкова і мошчы св. Ясафата знайшлі апошні спачын тут, у Рыме, у гэтым самым саборы.
Саркафаг Кунцэвіча, які ў 1863 годзе зрабіўся святым апекуном нацыянальна-вызваленчага паўстання, ужо з пачатку XVIII стагоддзя вандраваў з Полацку падалей ад расійскіх, а потым савецкіх рук. Спачатку — у Белую на Падляшшы, потым — у Вену. А ў 1949 годзе, хаваючыся ад камуністычнай экспансіі ў Еўропе, — у сабор св. Пятра ў Рыме, да алтара св. Васіля Вялікага пры паўночна-ўсходнім слупе храма. Тут зараз і ўбачыць беларускі вандроўнік мошчы святога.

Саркафаг св. Язафата Кунцэвіча


Але ў велічным, як сусвет, саборы св. Пятра беларусу варта спыніцца яшчэ перад адным помнікам. Выдатнае надмагілле, скончанае італьянскім скульптарам Пьедра Брачча ў 1745 годзе, ці не самая прыгожая ў інтэр’еры храма скульптурная група пасля «П’еты» Мікеланджэла, таксама нагадае наведніку пра былую Рэч Паспалітую. Гэта помнік Марыі Клемянціны Сабескай (1701–1735), унучкі караля Яна ІІІ, жонкі прэтэндэнта на англійскі трон Якуба Сцюарта. Ён месціцца ў левым бакавым нефе паміж першай і другой капліцамі над дзвярыма, што вядуць да сходаў на дах сабора.

Пьетра Брачча. Помнік Марыі Клеменціны Сабескай


Ля вытокаў барока
Пакінуўшы Ватыкан і перайшоўшы Тыбр, у цэнтральнай частцы горада непадалёк ад форумаў вандроўнік знойдзе яшчэ некалькі памятных беларускіх мясцін, звязаных з помнікамі мастацтва сусветнага класу. З вечным горадам нашых продкаў злучала захапленне яго культурай і мастацтвам, хрысціянская вера і — смерць. Часам усе фактары злучаліся разам. Аточаны некалькі стагоддзяў таму шматлікімі балотамі, Рым цярпеў ад эпідэмій малярыі, сапраўднай пошасці горада. Навучаючыся ў Італіі, ад яе памёр св. Станіслаў Костка.
Не перажыў моцнай эпідэміі, якая шалела ў Рыме ў юбілейным 1600 годзе, і першы выхадзец з ВКЛ на пасадзе кракаўскага біскупа Юры Радзівіл. Шыкоўны партрэт гэтага магната, брата Мікалая Хрыстафора Радзівіла «Сіроткі», знаходзіцца ў Мастацкім музеі ў Мінску. Сам жа кардынал спачыў у горадзе, дзе ў юнацтве вывучаў філасофію і тэалогію, а апошні прытулак знайшоў у храме, які лічыцца першым узорным архітэктурным помнікам барока — Іль Джэзу на рагу віа дэль Плебісцыта (сярэдзіна шляху ад Пантэона да Капітолія).

Царква Іль Джэзу ў Рыме


Наўрад ці дапытлівы турыст, як і сур’ёзны паломнік, праміне гэты велічны храм, першую рымскую святыню езуітаў, — і дзеля яе выдатнага аблічча, і дзеля імёнаў майстроў, што яе стваралі. Першапачатковыя накіды праекта карэктаваў Мікеланджэла, але пачатак будовы паклаў архітэктар кардынала Алесандра Фарнэзе — Якопа Віньёла. А знакаміты фасад, які архітэктары стылю барока пачалі трактаваць як прыгожую дэкарацыю перад храмам, пачаў узводзіць у 1571 годзе праслаўлены Джакама дэла Порта.
З нясвіжскімі Радзівіламі будынак лучыць і тое, што сярод яго архітэктараў значыўся Ян Марыя Бернардоні, запрошаны затым Радзівілам «Сіроткам» пры падтрымцы езуітаў для будовы новай раскошнай катэдры ў Нясвіжы і новага мураванага замку. Пліту кардынала Юрыя Радзівіла, упрыгожаную фамільнымі гербамі наведвальнік Іль Джэзу — храма сэрца Ісуса, знойдзе ў правым трансэпце непадалёк ад уваходу ў аднайменную капліцу.

Юры Радзівіл


Святло Жыровіч у Рыме
Беларуская прысутнасць у Рыме на пьяцца Мадонна дэі Монці 3 (piazza Madonna dei Monti, ідучы ад Іль Джэзу паўз рымскія форумы да метро Cavour, да якога вядзе via Leonina) пачынаецца пазней — у 1641 годзе. Тады размешчаная па гэтым адрасе царква святых Сергія і Вакха, збудаваная яшчэ ў ІХ стагоддзі, была перададзена папам Урбанам VIII айцам грэка-каталікам, базыльянам літоўскай правінцыі. Пры царкве паўстаў манастыр і калегіум.

Царква Сергія і Вакха ў Рыме, інтэр'ер


З прычыны катастрофы беларускай уніяцкай царквы пад расійскай акупацыяй у ХІХ стагоддзі, а таксама большай актыўнасці вернікаў-украінцаў у ХХ стагоддзі, з 1969 года храм перайшоў украінскім грэка-католікам. Праславіў царкву цудатворны абраз шанаванай ва ўсіх хрысціянскіх канфесіях Беларусі Божай Маці Жыровіцкай, выява якога загадкавым чынам з’явілася з-пад тынкоўкі ў калідоры кляштара ў 1718 годзе.

Абраз Божай Маці Жыровіцкай у Рыме


Рэктар манастыра Ігнаці Кульчынскі ў выдадзенай ім у 1732 годзе ў Рыме кнізе «Il diaspro prodigioso di tre colori…» даў апісанне цудоўнай гісторыі абраза, выказаўшы меркаванне, што яго на сцяне намаляваў яшчэ ў XVII стагоддзі нехта з манахаў з ВКЛ, хто жадаў прадставіць Рыму гонар Жыровіцкага кляштара ў жывапіснай рэпліцы. Кульчынскі падрабязна паведаміў пра цуды шанаванай іконы і яе копіі, што была часова затынкаваная, а потым раскрылася, пра рэстаўрацыю і зняцце выявы са сцяны ў 1730 годзе, калі яна была перанесена ў галоўны алтар храма Сергія і Вакха, дзе яна і зараз сустракае паломнікаў і турыстаў.
Рэстаўраваў твор італьянскі мастак Ларэнца Граміча дэ Кава, вучань больш вядомага майстра Вентуры Ламберці. Аднаўленчыя працы падштурхнула ўрачыстая каранацыя з блаславення Папы Бенедыкта XIII 19 кастрычніка 1730 года арыгінальнага абразка Божай Маці ў Жыровічах — іконкі-рэльефа, камеі з яшмавага каменю, правобраза рымскага жывапіснага паўтору. Дарэчы, жыровіцкі рэльеф быў каранаваны першым сярод усіх уніяцкіх святыняў ВКЛ і Украіны: так сучаснікі адзначылі яго найвялікшую славу.
Даследчык гісторыі абраза Юры Піскун дапускае, што ў 1730 годзе ў Рыме Ларэнца Граміча дэ Кава не толькі аднавіў рэпліку на тынку, якая засталася ў вечным горадзе, але і выканаў дзве копіі на палатне. Пра стварэнне копій піша Кульчынскі, адна з іх у тым жа годзе да ўрачыстасцяў каранацыі была даслана ў Жыровічы, звязаўшы апостальскую сталіцу і Беларусь падвойнай сувяззю. Верагодней за ўсё, гэта рымская копія Граміча дэ Кавы з твору ў царкве Сергія і Вакха знаходзіцца зараз у акружэнні шматлікіх вотаў у галоўным алтары касцёла св. Андрэя ў Слоніме ў 10 кіламетрах ад Жыровічаў. Яе вярнулі туды прыхаджане пасля нядаўняй рэстаўрацыі храма, напалову зруйнаванага ў савецкія часы.
Мастацтва звязала Рым і Беларусь падвойным колам, і айчынны вернік не пачуецца ў цэнтры Рыма сёння самотным. У той жа царкве Сергія і Вакха варта спыніцца ля надмагільнай пліты яшчэ аднаго слыннага беларуса, кіеўскага біскупа (у 1637–1640 гадах) Рафала (у свецкім нараджэнні Мікалая) Корсака, сына полацкага харунжага Шымана. Менавіта ягонымі намаганнямі па даручэнні і пры падтрымцы Жыгімонта ІІІ у сярэдзіне 1620-х і пачатку 1630-х гадоў вырашалася пытанне перадачы кляштара і царквы нашым суайчыннікам-базыльянам.
Нацыянальны мемарыял
Каб наведаць касцёл св. Станіслава на віа дэлле Боттэге Аскурэ (Via delle Botteghe Oscure), трэба амаль вярнуцца ад папярэдняй кропкі маршрута, да Іль Джэзу, па вуліцы, якая наўпрост кіруе ад piazza Venezia. Храм лічыцца збольшага польскім нацыянальным мемарыялам у Вечным горадзе, пра што сведчыць прымацаваная на фасадзе сучасная таблічка з выявай польскага герба.
Перабудова старога храма Збавіцеля ХІІ стагоддзя пад новы касцёл св. Станіслава і польскі пастырскі цэнтр пачалася па просьбе кардынала Станіслава Хозія, а завяршылася асвячэннем храма 13 кастрычніка 1591 года беларускім (у сучасным сэнсе слова) кардыналам Юрыем Радзівілам. У 1774–1777 гадах храм рэстаўраваўся ахвяраваннямі нашага апошняга вялікага князя Станіслава Аўгуста; пасля паўстання 1830–1831 гадоў кіраванне цэнтрам удалося перахапіць Расіі, але юрыдычны нонсенс быў спынены ў 1929 годзе.

Касцёл св. Станіслава ў Рыме


Паломнік, які між іншым можа папытацца ў цэнтры пра начлег, убачыць у касцёле багата памятак, звязаных з беларускай гісторыяй. Сярод іх — усталяваная ў 1648 годзе пліта перадастатняй спадчынніцы Жыгімонта Старога і Боны, Ганны Ягелонкі (1523–1596), жонкі Стэфана Баторага, якая двойчы ахвяравала на касцёл значныя фундушы, змешчаная на левай сцяне прэсбітэрыя. Злева ад увахода ў падлозе месціцца пліта памерлага ў 18 гадоў Пятра Нарбута (1633), «літуануса», які, падобна шматлікім беларускім магнацкім дзецям, атрымліваў у Рыме адукацыю. Па левым баку ад увахода пад музычнымі хорамі — эпітафія з пагрудным бюстам Еўстахія Адама Слушкі (1615–1639), мінскага кашталяна і ваяводы, рэчыцкага, лоеўскага, мазырскага і гомельскага старасты, маршалка літоўскага трыбунала.
Слушка вельмі маладым атрымаў месца прыдворнага Уладзіслава IV, а сярод хрысціянскіх учынкаў вызначыўся фундацыямі касцёла ў Волчыне, дамініканскіх храмаў у Стоўпцах і Рэчыцы. У час побыту ў Рыме быў свецкім правізарам касцёла св. Станіслава. Тут жа ў падлозе — яго надмагільная пліта. Помнік у стылі рэпрэзентатыўнага спелага барока, які належыць да найлепшых скульптурных манументаў, звязаных з беларусамі ў Рыме, выкананы, відаць, мясцовым скульптарам, імя якога пакуль не вядома.
Касцёл св. Станіслава ўвогуле перапоўнены мемарыяльнай беларусістыкай. Тут знаходзіцца пліта Казіміра Самуэля Гладавіцкага (1629–1697) з Гародні, каноніка віленскай капітулы і каралеўскага сакратара, эпітафія з рэльефам Казіміра Скірмунта (1861–1931), каноніка віленскай капітулы, які працаваў кананічным радцам амбасады Польшчы ў Рыме, эпітафія Адама Стэфана Сапегі (1867–1951), кракаўскага біскупа і кардынала.
Апроч беларускіх — багата польскіх і ўкраінскіх прозвішчаў, табліца ў памяць забітых у СССР афіцэраў міжваеннага Войска польскага, ахвяр Катыні і памятная пліта генерала Уладзіслава Андэрса, кіраўніка ІІ корпусу Польскай арміі на Захадзе падчас другой сусветнай вайны. Расчытваючы старыя надпісы, беларускі вандроўнік, неабыякавы да мінуўшчыны слаўнай Рэчы Паспалітай, лёгка правядзе ў храме доўгія гадзіны, хаваючыся ў прыцемках ад спякотнага паўднёвага сонца.
Па свецкіх адрасах
Чытач, магчыма, запытаецца, а дзе магчыма ўбачыць у Рыме нецаркоўную беларускую памятку. Тады варта накіравацца на пьяцца дэ Спанья — плошчу Іспаніі, у ваколіцах якой любілі адпачываць у кавярнях і ставіць свае мальберты дзеля вулічных замалёвак усе мастакі, што ехалі ў XVIII–XX стагоддзях удасканальваць сваё майстэрства ў вечны горад. У тым ліку і беларусы — Януарый Сухадольскі, Юльян Карчэўскі, Кануцій Русецкі, Тадэвуш Гарэцкі, Міхал Андрыёлі і іншыя.
А ў мінулым годзе ў прэсе ўсплыла інфармацыя пра былы палац Радзівілаў на віа Банкампані, 22 (via Boncompani), размешчаны ў 10 хвілінах ходу ад пьяцца Рэпубліка і чыгуначнай станцыі Рома Тэрміні. Чатырохпавярховы, даволі сціплы ў архітэктурным дэкоры будынак, у якім зараз месціцца ліцэй, вытрыманы ў строгіх формах неакласічнага стылю сярэдзіны ХІХ стагоддзя.
Радзівілы мусілі прадаць палац у 1930-х гадах з-за вялікіх коштаў утрымання. Але, па ўспамінах старэйшай спадчынніцы роду княгіні Эльжбеты, будынак адыграў у гісторыі фаміліі важную ролю. Бо менавіта ў Рыме яе бабка, Марыя Ружа з Браніцкіх, пазнаёмілася з італьянскай каралевай і прымала ў палацы манаршую асобу. І калі пасля верасня 1939 года нясвіжскіх Радзівілаў у СССР кінулі ў канцлагер пад Масквой, заступніцтва каралевы выратавала сям’ю.
Вандруючы па Рыме і захапляючыся яго прыгажосцямі, беларусы могуць накрэсліць на яго старажытных вуліцах свае маршруты. Вечны горад варты такога кшталту спецыяльнага даведніка: тады класіка яго шэдэўраў зробіцца нашым суайчыннікаў больш роднай і блізкай.